ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,

час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск Арфаэпія. Мн., 1991.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЗМАН (Юлій Якаўлевіч) (15.12.1903, Масква — 10.12.1994),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1949). Нар. арт. СССР (1964). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1960). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1924 літ. кансультант на кінастудыі «Міжрабпом-Русь». Быў асістэнтам рэж. Я.​Пратазанава. Першыя рэжысёрскія работы: «Круг» (1927), «Катарга» (1928), «Зямля чакае» (1930), «Апавяданне пра Умара Хапцока» (1932). Грамадз. пафас, уменне ствараць характары герояў у іх непарыўнай сувязі з духам часу, рэальным асяроддзем у фільмах: «Лётчыкі» (1935), «Апошняя ноч» (1937; гал. прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы 1937), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава (1940), «Машачка» (1942), «Кавалер Залатой Зоркі» (1951, гал. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў г. Карлавы Вары), «Урок жыцця» (1955), «Камуніст» (1958), «А калі гэта каханне?» (1962), «Твой сучаснік» (1968), «Візіт ветлівасці» (1973), «Дзіўная жанчына» (1978), «Прыватнае жыццё» (1982), «Час жаданняў» (1984) і інш. Аўтар дакумент. фільмаў: «Да пытання пра перамір’е з Фінляндыяй» (1944), «Берлін» (1945), «Райніс» (1949). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1950, 1952, 1983.

Тв.:

Когда фильм окончен. М., 1964;

Вчера и сегодня: [Рассказ о творческом пути]. М., 1969.

Літ.:

Зак М. Юлий Райзман. М., 1962;

Рыбак Л.А. В кадре — режиссер. М., 1974.

Ю.Я.Райзман.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,

адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.​Грэй, О.​Холмс, Д.​Франк, К.​Левелін, Е.​Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад ўвагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЕ́ЙНАЯ АХО́ВА,

сукупнасць аўтам прыстасаванняў (аднаго ці некалькіх рэле), што ахоўваюць эл. абсталяванне, устаноўкі, сістэмы ад пашкоджанняў ці ненармальных (аварыйных) рэжымаў. Прылады Р.а. ўспрымаюць інфармацыю пра рэжым работы ахоўнага аб’екта, выпрацоўваюць і падаюць каманды на адключэнне выключальнікаў (пры кароткіх замыканнях, перанапружаннях, перагрузках і інш.), уключэнне светлавога або гукавога сігналу.

Асобнымі прыстасаваннямі Р.а. абсталёўваюць кожны элемент эл. сістэмы — генератары, трансфарматары, лініі электраперадач і інш. Адрозніваюць Р.а.: асноўную і рэзервовую (дзейнічае пры адказе асн), токавую (дзейнічае, калі сіла току ў ахоўным ланцугу перавышае зададзенае значэнне), дыстанцыйную (спрацоўвае ў залежнасці ад адлегласці — дыстанцыі да месца кароткага замыкання, што забяспечвае селектыўнае адключэнне пашкоджанага ўчастка ЛЭП), дыферэнцыяльную (рэагуе на рознасць токаў па канцах ахоўнага ўчастка эл. сістэмы, дзе ўстанаўліваюцца трансфарматары вымяральныя), высокачастотную (выкарыстоўвае токі высокай частаты для атрымання інфармацыі з выхаду аб’екта). Найб. пашырана максімальная токавая ахова. У Р.а. шырока выкарыстоўваюцца бескантактавая камутацыйная апаратура, аўтам. пераключальнікі.

Літ.:

Чернобровов Н.В. Релейная защита. 4 изд. М., 1971;

Федосеев А.М. Релейная защита электрических систем. М., 1976.

У.​М.​Сацута.

Схема максімальнай токавай рэлейнай аховы 3-фазнай ЛЭП ад міжфазных кароткіх замыканняў: 1 — шыны падстанцыі, ад якіх адыходзіць ЛЭП; 2 — высакавольтны выключальнік; 3 — трансфарматары току; Т, Ч, Пр, Пк — рэле токавыя, частаты, прамежкавае, паказальнае.

т. 14, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З ТРОХ ІМПЕРА́ТАРАЎ»,

сукупнасць пагадненняў паміж Расіяй, Германіяй і Аўстра-Венгрыяй у 1873—84. Пачаты пагадненнем Аўстра-Венгрыі і Расіі, падпісаным 6.6.1873 Аляксандрам II і Францам Іосіфам I; 23.10.1873 да яго далучылася Германія. Пагадненне прадугледжвала агульнасць палітыкі, кансультацыі ў выпадку ўскладнення міжнар. становішча. Імператары абавязваліся сілай падтрымліваць мір у Еўропе. Уступленнем у саюз Расія імкнулася не дапусціць змовы Аўстрыі і Германіі за кошт яе інтарэсаў на Балканах, захаваць землі, набытыя ў Сярэдняй Азіі ў выпадку абвастрэння супярэчнасцей з Англіяй; Германія — перашкодзіць збліжэнню Францыі і Расіі. Саюз не быў трывалым і не ліквідаваў супярэчнасцей паміж саюзнікамі. Калі руска-герм. адносіны пагоршалі, Германія і Аўстрыя ў 1879 заключылі тайны дагавор, накіраваны супраць Расіі. Баючыся далейшага збліжэння Германіі і Аўстра-Венгрыі, Расія згадзілася аднавіць саюз, і ў 1881 быў заключаны руска-аўстрыйска-герм. дагавор, які абавязваў гэтыя дзяржавы трымацца нейтралітэту ў выпадку вайны адной з іх з інш. дзяржавай. Бакі абавязваліся лічыцца з інтарэсамі адзін аднаго на Балканах і не дапускаць змены граніц Турцыі. У 1884 дагавор прадоўжаны на 3 гады. У 1887 заменены рус.-герм. дагаворам.

Літ.:

Сказкин С.Д. Конец австро-русско-германского союза. М., 1974.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),

від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл. Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІБНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Браніслававіч) (8.4.1903, Масква — 21.4.1978),

рэжысёр і педагог. Засл. дз. маст. Удмурціі (1945). Засл. дз. маст. Беларусі (1952). Скончыў Дзярж. эксперыментальныя тэатр. майстэрні ў Маскве (1926, клас А.​Таірава). З 1927 працаваў у розных тэатрах. У 1958—70 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. У 1949—58 гал. рэж. Бел. т-ра імя Я.​Коласа. Пастаноўкі С. вызначаліся яснасцю рэжысёрскай задумы, дакладным адборам выяўл. сродкаў, глыбокай псіхал. характарыстыкай персанажаў, маштабнасцю сац. абагульненняў. З лепшых спектакляў бел. драматургіі: «Раскіданае гняздо» Я Купалы (1951), «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка (1953), «Машэка» В.​Вольскага (1954), «На крутым павароце» К.​Губарэвіча (1956), «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы (1958). Сярод інш. пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна (1949), «Жывы труп» Л.​Талстога, «Тры сястры» А.​Чэхава, «На дне» М.​Горкага (усе 1951), «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1952), «Шторм» У.​Біль-Белацаркоўскага (1953), «Ноч памылак» О.​Голдсміта (1954), «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай (1956), «Чужы цень» (1949) і «Гісторыя аднаго кахання» (1954) К.​Сіманава. Аўтар тэатразнаўчых прац.

Тв.:

Народны артыст СССР А.​К.​Ільінскі. Мн., 1954.

Літ.:

Няфёд У. Аляксандр Скібнеўскі // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ II Аўгуст

(1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял. князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял. князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял. князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт. правы правасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.

Літ.:

Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;

Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;

Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт II Аўгуст.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),

1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М; ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук. філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.

2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.​Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр, вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;

Исторические типы философии. М., 1991;

Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;

Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі. Першасныя элементы Н.с. складваліся яшчэ ў першабытным грамадстве. Фарміраванне Н.с. завяршаецца ў працэсе пераўтварэння народнасці ў нацыю на аснове ўсведамлення людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай сувязі з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, пачуцця агульнанац. салідарнасці. У структуры Н.с. арганічна ўзаемазвязаны рацыянальныя, ідэалаг., эмацыянальна-пачуццёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элементы. Н.с. большасці народаў свету аформілася. на працягу 18—20 ст., калі ў выніку ўзмацнення кансалідацыі этнасац. супольнасцей, актывізацыі нац.-вызв. рухаў сфарміраваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., англ., ням., франц., яп., амер.). На асаблівасці і тэмпы складвання Н.с. ўплываюць сац.-эканам., грамадска-паліт., этнакульт., канфесійныя, моўныя, полаўзроставыя і інш. фактары. Нац.-вызв. барацьба супраць каланіялізму ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі ў 20 ст. прывяла да станаўлення развітых форм Н.с. значна раней за ліквідацыю феадальна-племяннога ладу жыцця. Паскарэнне росту Н.с. нярэдка абумоўлена ўзнікненнем рэальнай пагрозы культ. асіміляцыі, знешняй агрэсіі, каланізацыі краіны, фарсіраванай інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі. Паглыбленне Н.с. можа адыгрываць і станоўчую (у сэнсе спрыяння ўтварэнню нацыі і яе паспяховаму развіццю) і адмоўную (калі пачынае нарастаць нацыяналізм і шавінізм) ролю. Гіст. вопыт сведчыць, што пры інш. аднолькавых умовах узровень Н.с. найчасцей бывае больш высокім у адносна нешматлікіх народаў у параўнанні з буйнымі нацыямі. Н.с. знаходзіцца ў аснове пачуцця агульнадзярж патрыятызму, нац. гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.

Н.с. жыхароў Беларусі ў старажытнасці была звязана з агульнасцю паходжання ад аднаго рэальнага або міфічнага продка, з адзінствам тэрыторыі пражывання, ладу жыцця, нар. звычаяў і абрадаў і інш. У больш позні перыяд (сярэднявечча, новы час) на асаблівасці этн. самасвядомасці беларусаў істотна ўплывала іх прыналежнасць да канкрэтных саслоўных, канфесіянальных, моўна-культ., лакальна-тэр. груп насельніцтва. Уласна Н.с. беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст, што было абумоўлена ўзмацненнем нац.-вызв. руху, актывізацыяй нац.-культ. жыцця і пачаткам складвання бел. нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень Н.с. быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, заможнаму сялянству. У 1920-я г. яна ахапіла прадстаўнікоў усіх сац. катэгорый насельніцтва Беларусі. Гэтаму спрыялі палітыка беларусізацыі і спробы гарманізацыі міжнац. адносін. У наступныя дзесяцігоддзі развіццё Н.с. запаволена ў выніку ўзмацнення працэсаў асіміляцыі бел. грамадства. У сучасны перыяд паглыбленне Н.с. з’яўляецца важным сродкам самазахавання бел. нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у справе пабудовы свабоднага, дэмакр. і незалежнага грамадства.

Літ.:

Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 2. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Мн., 1993: Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст. арт. Мн., 1994: Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Дубянецкі С.Ф., Дубянецкі Э.С. Цяжкі шлях да адраджэння. Брэст, 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 11, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)