ФАТЫМІ́ДЫ,
дынастыя араб. халіфаў у 909—1171, якая выводзіла сваё паходжанне ад Фатымы — дачкі Мухамеда. Засн. ісмаіліцкім (гл. Ісмаіліты) прапаведнікам Убейдалахам, які ў 900 узначаліў у Сірыі паўстанне супраць Абасідаў, пасля яго паражэння ўцёк у Туніс, аб’яднаў вакол сябе плямёны бербераў і, скінуўшы мясц. дынастыю Аглабідаў, абвясціў сябе махдзі і халіфам [909—934], Найб. тэр. пашырэння дзяржава Ф. дасягнула пры аль-Муізе [953—975), калі былі заваяваны Марока, Егіпет, Палесціна і ч. Сірыі. З 971 сталіца Ф. — г. Каір, пасля чаго Егіпет ператварыўся ў цэнтральную ч. дзяржавы. Дзяржава Ф. вызначалася высокім узроўнем эканам. і культ. развіцця, чаму спрыяў кантроль над міжземнаморска-інд. гандлем. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся заняпад дзяржавы, выкліканы барацьбой у кіруючых вярхах і войнамі з сельджукамі і крыжакамі. Халіфы Ф. фактычна страцілі ўладу, якая апынулася ў руках вярх. візіраў і военачальнікаў. У 1171 палкаводзец Салах-ад-дзін скінуў апошняга з Ф., паклаўшы канец існаванню дынастыі.
т. 16, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)