МАЗЕ́ПА (Калядзінскі) Іван Сцяпанавіч
(1644—8.9.1709),
украінскі дзярж. дзеяч. У 1669—73 на службе ў гетмана Правабярэжнай Украіны (у складзе Польшчы) П.Дарашэнкі, у 1674—81 — у гетмана Левабярэжнай Украіны І.Самайловіча. У 1682—86 ген. есаул, у 1687—1708 гетман Левабярэжнай Украіны. Адзін з найбуйнейшых землеўладальнікаў Украіны. У час Паўночнай вайны 1700—21 узначальваў групоўку ўкр. старшыны, якая выношвала планы аддзялення Левабярэжнай Украіны ад Расіі і разлічвала на дапамогу Швецыі. Вёў тайныя перагаворы з каралём Рэчы Паспалітай (стаўленікам шведаў) Станіславам Ляшчынскім, пазней з каралём Швецыі Карлам XII. У 1708 разам з 5 тыс. казакоў перайшоў на бок Карла XII. Пасля паражэння швед. арміі ў Палтаўскай бітве 1709 М. разам з Карлам XII уцёк у тур. крэпасць Бендэр (цяпер у Малдове), дзе неўзабаве памёр.
Літ.:
Костомаров Н.И. Мазепа. М., 1992.
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РТУР (MacArthur) Дуглас (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),
амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.
т. 9, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-МАГО́Н (Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж. ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў у палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.
т. 9, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕЦ Іван Васілевіч (н. 13.1.1908, в. Мольнічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Засл. настаўнік Беларусі (1966). У 1928 сакратар Навагрудскага райкома КПЗБ. З 1928 у СССР, вучыўся на рабфаку пры Горацкай с.-г. акадэміі, у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага ў Маскве (1929—32). У маі 1932 вярнуўся ў Зах. Беларусь, у ліп.—снеж. 1932 сакратар ЦК КСМЗБ, у 1933 сакратар Беластоцкага, Віленскага акр. к-таў КПЗБ. У сак. 1933 арыштаваны і зняволены ўладамі Польшчы. Са жн. 1936 сакратар Слонімскага, Беластоцкага, Гродзенскага акр. к-таў КСМЗБ. У 1938—39 зноў зняволены ў турму. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі. У 1944—62 на сав. і выкладчыцкай рабоце ў Ляхавіцкім р-не.
т. 10, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТГО́МЕРЫ Аламейнскі
(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),
брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).
т. 10, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАС (Marcos) Фердынанд Эдралін (11.9.1917, Сарат, каля г. Лаааг, Філіпіны — 28.9.1989),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Філіпін. Адвакат. Скончыў ун-т Філіпін (г. Кесан-Сіці). Удзельнік абарончых баёў супраць японцаў на Філіпінах (1941—42) у 2-ю сусв. вайну. З 1949 у кангрэсе Філіпін: чл. Палаты прадстаўнікоў (1949—59), сенатар (1959—66), прэзідэнт сената (1963—65). Адначасова ў 1960—64 старшыня Ліберальнай партыі, з 1964 у кіраўніцтве Партыі нацыяналістаў. У 1965—86 прэзідэнт Філіпін, адначасова ў 1973—81 прэм’ер-міністр. Рабіў захады па ўмацаванні дзярж. суверэнітэту краіны, у 1970 спыніў удзел Філіпін на баку ЗША у В’етнамскай вайне 1964—73. У 1972 увёў у краіне ваен. становішча (да 1981). Рэжым асабістай улады М. выклікаў шырокі апазіцыйны рух, пад націскам якога праведзены датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. З 1986 у эміграцыі ў ЗША.
т. 10, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РТАС Афанасій (свецкае імя Антон Вікенцьевіч; 21.9.1904, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.11.1983),
бел. рэліг. дзеяч, гісторык праваслаўнай царквы. Магістр багаслоўя (1933). Скончыў тэалагічны ф-т Варшаўскага ун-та (1930). У 1942—44 епіскап віцебскі і полацкі. Удзельнік Усебеларускага царк. сабора 30.8—2.9.1942, на якім была абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ). З 1944 у эміграцыі ў Германіі, кіраваў бел. прыходамі ў брыт. зоне акупацыі. 6.5.1946 разам з епіскапатам БАПЦ далучыўся да Рус. зарубежнай правасл. царквы (РЗПЦ). З пач. 1950-х г. архіепіскап РЗПЦ у Аргенціне, з 1970 у Аўстраліі — архіепіскап сіднейскі і новазеландскі. З 1971 жыў у Аргенціне. Даследаваў гісторыю праваслаўя Беларусі, у 1947 выдаў у Германіі «Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы».
Тв.:
Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990.
Л.У.Языковіч.
т. 10, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКЕ́ВІЧ Самуіл Іванавіч (1580?, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1642),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Адукацыю атрымаў, відаць, у Навагрудку. У перапынках паміж вайск. службаю (1601—21) служыў пры дварах магнатаў А.Вішнявецкага і Радзівілаў. У 1617—18 дэпутат трыбунальнага суда ад Навагрудскага пав., потым навагрудскі гарадскі пісар. У час вайск. службы пабываў у Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Ваен.-паліт. ўражанні ляглі ў аснову яго «Дыярыуша» — мемуараў (ахопліваюць 1594—1621) на польск. мове. У іх звесткі пра вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і яе вынікі, бытавыя замалёўкі, партрэты суайчыннікаў. Успаміны вызначаюцца высокім маст. майстэрствам, даюць аб’ектыўнае ўяўленне пра падзеі і факты ваен.-паліт. і грамадскага жыцця таго часу.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskiewiczów. Wrocław, 1961.
А.Ф.Коршунаў.
т. 10, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛО́ЎСКІ Мікалай Паўлавіч (парт. псеўд. Сакалоўскі, Алесь, Андрэй, Марцін, Пракоп; 1905, в. Ялоўка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1922 рабочы на чыгунцы. З 1926 сакратар Смалявіцкага і Капыльскага райкомаў, з 1929 Мінскага акр. к-та ЛКСМБ. З ліп. 1930 на нелегальнай рабоце ў Зах. Беларусі, першы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1934 чл. Сакратарыята ЦК КПЗБ. Удзельнік I з’езда КСМЗБ (1933), II з’езда КПЗБ (1935), IV з’езда Кампартыі Польшчы (1932), VII кангрэса Камінтэрна (1935). На VI кангрэсе КІМ выбраны канд. у чл. Выканкома КІМ, на II з’ездзе КПЗБ — чл. ЦК КПЗБ. У крас. 1935 вярнуўся ў Мінск, да канца 1936 на кіруючай рабоце ў прадстаўніцтве ЦК КПЗБ у Мінску. 29.12.1937 арыштаваны, 12.4.1938 асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 4.2.1956.
У.М.Міхнюк.
т. 10, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧЫЯР (Mečiar) Уладзімір (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),
славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.А.Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.—вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.
М.С.Даўгяла.
т. 10, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)