МАСЛО́ЎСКІ (Мікалай Паўлавіч) (парт. псеўд. Сакалоўскі, Алесь, Андрэй, Марцін, Пракоп; 1905, в. Ялоўка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1922 рабочы на чыгунцы. З 1926 сакратар Смалявіцкага і Капыльскага райкомаў, з 1929 Мінскага акр. к-та ЛКСМБ. З ліп. 1930 на нелегальнай рабоце ў Зах. Беларусі, першы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1934 чл. Сакратарыята ЦК КПЗБ. Удзельнік I з’езда КСМЗБ (1933), П з’езда КПЗБ (1935), IV з’езда Кампартыі Польшчы (1932), VII кангрэса Камінтэрна (1935). На VI кангрэсе КІМ выбраны канд. у чл. Выканкома КІМ, на II з’ездзе КПЗБ — чл. ЦК КПЗБ. У крас. 1935 вярнуўся ў Мінск, да канца 1936 на кіруючай рабоце ў прадстаўніцтве ЦК КПЗБ у Мінску. 29.12.1937 арыштаваны, 12.4.1938 асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 4.2.1956.
У.М.Міхнюк.
т. 10, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)