фізічная заканамернасць, што звязвае цеплаправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЯЛА́ЙЦІС (Akelaitis; Акялевіч) Мікалоюс
(6.12.1829, в. Чуадэрышкіс Капсукскага р-на, Літва — 27.9.1887),
літоўскі грамадскі дзеяч, асветнік, пісьменнік. Пазнаёміўшыся ў 1850-х г. з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, У.Сыракомлем, А.Кіркорам, распрацаваў у 1859 план выдання кніг для беларусаў і літоўцаў на іх родных мовах. Выдаў літоўскі лемантар, граматыку і дыдактычную аповесць «Квестар» (усе 1860), у 1861 зрабіў літоўскую перапрацоўку бел. «Гутаркі старога дзеда», апісаў рэцэнзію на 2 часткі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, выд. у бел. перакладзе Дуніна-Марцінкевіча (апубл. ў кн. «Пачынальнікі», 1977). У час паўстання 1863—64 пам. камісара паўстанцкага Часовага ўрада ў Аўгустоўскім ваяв. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІВІЯ́Д (Alkibiadēs; каля 450—404 да н.э.),
старажытнаафінскі паліт. і ваен. дзеяч. Сваяк і выхаванец Перыкла, вучань Сакрата. Вызначаўся частай зменай паліт. арыентацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 неаднаразова выбіраўся стратэгам. У 415 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў ваен. экспедыцыі супраць Сіракузаў. Абвінавачаны ў разбурэнні гермаў (статуй Гермеса), уцёк у Спарту (садзейнічаў ёй у барацьбе з Афінамі), адтуль у Персію. У 411 падтрымаў алігархічны, пазней дэмакр. ўрады ў Афінах. На чале афінскага флоту перамог спартанцаў каля Абідаса (411) і Кізіка (410). З трыумфам вярнуўся ў Афіны і абраны гегемонам. Пасля паражэння афінскага флоту ў баях са спартанцамі (408—407) уцёк у Фракію, потым ў Персію, дзе быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКІ ФУТБО́Л,
спартыўная гульня. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША на аснове рэгбі і футбола. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. (замены па ходу сустрэчы) на працягу 4 квартаў (па 15 хвілін чыстага часу). Гал. мэта — занесці рукамі мяч грушападобнай формы ў заліковую зону і апусціць на зямлю (тачдаўн) або нагой накіраваць мяч у вароты (філдгол). Дазволены сілавыя прыёмы, для гульцоў прадугледжана спец. ахоўная амуніцыя. Найб. развіты ў ЗША, дзе штогод праводзяцца чэмпіянаты сярод прафес. клубаў; культывуецца ў 20 еўрап. краінах. Чэмпіянаты свету з 1967. На Беларусі развіваецца з 1990; клуб «Мінскія зубры» тройчы перамагаў на чэмпіянатах СНД.
М.А.Дубіцкі.
Амерыканскі футбол. Фрагмент гульні з удзелам каманды «Мінскія зубры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),
тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).
На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл.рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pvγ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Эміль Абрамавіч) (ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),
адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТАРАТУ́РЫ І АСВЕ́ТЫ Ў ПО́ЛЬШЧЫ»
(«Archiwum do dziejów literatury i oświaty w Polsce»),
серыйнае гісторыка-літаратурнае і крыніцазнаўчае выданне. Выходзіла ў Кракаве з 1878 да пач. 2-й сусв. вайны. Сярод матэрыялаў (пераважна на польск. мове) дакументы па гісторыі філас. ф-та Кракаўскага ун-та 16 ст., дзе вучылася шмат выхадцаў з Беларусі, бібліягр. агляд І.Кажанеўскага дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны (т. 11, 1910), крыніцы па гісторыі Беларусі, у т. л. карэспандэнцыі Сапегаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў, Тышкевічаў, падарожныя нататкі М.Радзівіла Сіроткі «Падарожжа ў Святую зямлю» (т. 15, 1925). Асвятляецца гісторыя культ. сувязяў Беларусі і Літвы з Польшчай, Італіяй, Рускай і інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТО́БУС (ням. Autobus),
аўтамабіль агульнага карыстання, разлічаны на 9 і больш пасажыраў. Паводле прызначэння бываюць гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія, міжнародных зносін і інш.; паводле змяшчальнасці і габарытаў — асабліва малыя (даўж. да 5 м), малыя (да 7,5 м), сярэднія (да 9,5 м), вялікія (да 12 м) і асабліва вялікія, спалучаныя (16,5 м і больш). Канструкцыя бывае рамная і апорная, кузаў — капотнага або вагоннага тыпу. Рухавік устанаўліваюць спераду, ззаду або пад падлогай пасажырскага салона (пры гарызантальным размеркаванні цыліндраў). На Беларусі вытв-сць аўтобусаў распачата ў 1994—95 на Мінскім аўтазаводзе (МАЗ-101), Лідскім з-дзе «Нёман» (ЛіАЗ-5256) і Мінскім канцэрне «Амкадор» («Амкадор-Ікарус»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1842 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г.Беласток. Пл. 2904 км², нас. 210 132 чал. (1897). Падзяляўся на 12 валасцей. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, з канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве, падзяляўся на гміны (б. воласці). 231,5 тыс.ж. (1919). З 2.11.1939 у БССР, з 4.12.1939 увайшоў у Беластоцкую вобл., дзе 15.1.1940 паветы скасаваны і праведзена раянаванне, у т. л. створаны Беластоцкі р-н. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Беластоцкага павета перайшла да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРГЕЛЬСО́Н (Давыд Рафаілавіч) (12.8.1884, с. Сарны Чаркаскай вобл., Украіна — 12.8.1952),
яўрэйскі пісьменнік. Дэбютаваў аповесцю «Вакол вакзала» (1909). Вытанчаны псіхалагізм Бергельсона выявіўся ў раманах «Пасля ўсяго» (1913), «Адыход» (1920), дзе аўтар даў шырокі малюнак жыцця розных пластоў яўр. буржуазіі, паказаў розныя лёсы яўр. інтэлігенцыі. У 1921 выехаў за мяжу, жыў у Берліне. Тэма правамернасці Кастр.рэв. і грамадз. вайны — у рамане «Мера строгасці» (1926—27) і зб. апавяданняў «Бурныя дні» (1927). У 1929 вярнуўся ў СССР. Раман «На Дняпры» (кн. 1—2, 1932—40) — эпапея пра жыццё і барацьбу нар. мас на пач. 20 ст. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.