«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.​Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтры гал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕ́СНЯ ПРА РАЛА́НДА»

(«Chanson de Roland»),

помнік французскага гераічнага эпасу. Дайшоў у некалькіх рэдакцыях, найб. ранняя і поўная — Оксфардская (каля 1065), упершыню надрук. ў Парыжы (1837). У аснове паэмы — рэальны гіст. факт разгрому баскамі ў Рансевальскай цясніне ў Пірэнеях ар’ергарда войск Карла Вялікага (778), які творча інтэрпрэтаваны фантазіяй спевакоў-сказіцеляў (жанглёраў) у велічную і трагічную карціну патрыят. подзвігу на славу «мілай Францыі». Эпічны вобраз Раланда, адважнага, мужнага, вернага воіна, які цаной свайго жыцця абараніў радзіму, караля, хрысц. веру ад маўраў-мусульман, проціпастаўлены ў паэме вобразу здрадніка Ганелона, што ўвасабляе свавольства. «П.п.Р.» вылучаецца шырынёй адлюстравання падзей, манументальнасцю вобразаў, напружаным драматызмам апавядання. Яе паэтыка блізкая да фальклорнай. Італьян. паэты Л.​Пульчы, М.​Баярда, Л.​Арыёста ў сваіх творах перапрацоўвалі паданне пра Раланда ў духу гуманіст. ідэй Адраджэння.

Публ.: Рус. пер. — Песнь о Роланде; Коронование Людовика; Нимская телега; Песнь о Сиде; Романсеро. М., 1976.

Літ.:

Смирнов А.А. Французский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978;

Волкова З.Н. Эпос Франции. М., 1984;

Михайлов А.Д. Французский героический эпос: Вопр. поэтики и стилистики. М., 1995.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗАРО́КІ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Глыбокае — Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад. г. Глыбокае, 155 км ад г. Віцебск, 6 км ад чыг. ст. Зябкі. 583 ж., 250 двароў (2000). Лясніцтва, участак Глыбоцкіх электрасетак, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1909) і касцёл Маці Божай (1907), Помнік на магіле І.Ц.Буйніцкага.

У пач. 16 ст. П. — велікакняжацкі маёнтак. У 16—18 ст. уладанне І.​Корсака, І.​Кунцэвіча, Я.​Рагазы, Туковічаў, Шчытоў, Храпавіцкіх, А.​Кройца. З 1793 П. ў Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1856 працавала школа. У 1866—103 ж., 14 двароў. У 1907 пабудаваны касцёл Маці Божай, у 1909 — Петрапаўлаўская царква; была сінагога. У 1921—39 П ў складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Пліскага, з 1962 — Глыбоцкага р-наў.

І.​У.​Бунто.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛУ́КІ,

вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пд ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).

Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.

Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел. НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКІ КРЭМЛЬ, Кром,

помнік стараж.-рус. дойлідства ў г. Пскоў. Узведзены ў 13—16 ст. у цэнтры стараж. ч. горада на мысе пры зліцці рэк Вялікая і Пскава. Асн. буд. матэрыял — мясц. камень-плітняк. У плане — няправільны шматграннік, выцягнуты з Пн на Пд. Ад магутнай цыліндрычнай вежы ў ніжняй ч. Крома крапасная сцяна ўступамі злучана з высокай паўн. вуглавой вежай Куцякрома (1400) і цягнецца да паўд. Смердзяй вежы (перабудавана ў 19 ст.). У сярэдзіне 13 ст. ўзведзена паўд. ч. сцяны, т.зв. Першы, ці Персі (перабудавана ў 1337, 1393—94, 1400, 1425, рэстаўрыравана ў 1886). Крапасная сцяна 13 ст., што выходзіць да р. Вялікая, працягваецца ўмацаваннямі Даўмонтава і Сярэдняга гарадоў. Фартыфікацыйныя збудаванні П.к. належаць да Пскоўскай школы дойлідства. На тэр. П.к. захаваліся 4-стоўпны 5-купальны Троіцкі сабор (1682—99, перабудаваны ў 18—19 ст.), 7-гранная вежападобная званіца (канец 17 ст., верхні ярус і шпіль — пач. 19 ст.). У стараж. планіроўцы горада вылучаліся радыяльныя вуліцы, што былі працягам важных шляхоў, якія сыходзіліся да Крома.

І.​Л.​Чэбан.

Пскоўскі крэмль.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМЛЯ,

вёска ў Жаліўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Радуча. Цэнтр калгаса. За 20 км на Пн ад горада і 24 км ад чыг. ст. Чавусы, 61 км ад Магілёва. 334 ж., 102 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

На думку некат. даследчыкаў, Р. — стараж. горад радзімічаў. У 1527 тут знаходзіўся Радамльскі замак, які быў аддадзены кн. Жаслаўскаму, у 1580 — дзярж. ўласнасць (паводле інш. звестак Р. ў 16 ст. — мястэчка ў Мсціслаўскім пав. ВКЛ, належала кн. Мсціслаўскім). У 1539—1770 цэнтр староства, у 1764 у Мсціслаўскім ваяв., дзярж. ўласнасць. З 1772 у Рас. імперыі. У 1797 у Р. была рэзідэнцыя Мсціслаўскага кармеліцкага кляштара. У 1849 сяло, 73 ж., 10 двароў, карчма, млын. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 162 ж., 25 двароў, 2 царквы, касцёл, заезны дом, з 1883 школа. У 1897 — 157 ж., у 1909 — 230 ж. У 1924—54 цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну ў 1944 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 21 жыхара.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.​Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.​Орды 1864—67).

А.​М.​Кулагін.

Райцаўскі касцёл.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры барока з рысамі рэтраспектыўна-рус. стылю ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1730—93 з цэглы як храм уніяцкага манастыра (засн. ў 1702, скасаваны ў 1839) на сродкі прыхаджан, кн. Сангушкі і членаў Ракаўскага брацтва св. Ганны. У 1866 храм пераасвячоны ў правасл. царкву. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўн. боку далучана рызніца, з паўд. — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам і быў фланкіраваны вежамі (захаваліся 1-я ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. У 1866 па цэнтры 2-схільнага даху надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясц. памешчыкаў (у 1866 засыпана). Перад храмам — мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца ў рэтраспектыўна-рус. стылі.

А.​М.​Кулагін.

Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,

разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.​Р.​Ушакоў) і 60-я (палк. А.​В.​Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.

А.​А.​Каваленя.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖСКІ ДО́МСКІ САБО́Р, сабор Марас,

помнік сярэдневяковага дойлідства ў Рызе. Закладзены ў 1211 — каля 1215 як 3-нефавая раманская базіліка з манастыром для капітула (вышэйшага духавенства Лівоніі). Завершаны каля 1270 невядомым майстрам з г. Кёльн (Германія) па тыпу зальнага храма з вежай на зах. фасадзе. Каля 1300 сабор дабудаваны як базіліка, перакрыты гатычнымі скляпеннямі (выш. сярэдняга нефа 26 м). Часткова перабудоўваўся да канца 19 ст. Бакавыя капэлы — 13 (?) і 15 ст.; клуатр і зала капітула з разьбой на капітэлях — 1-я пал. 13 ст. У 1776 завяршэнне сабора набыло рысы барока. У інтэр’еры захаваліся скульпт. надмагіллі 14—17 ст., разны амбон 1641, жывапіс 18 ст., вітражы 19 ст. Буд-ва сабора паспрыяла пашырэнню ў архітэктуры Прыбалтыкі пераходных рамана-гатычных форм. Разам з манастыром і інш. пабудовамі 13—19 ст. сабор уяўляе сабой цэласны арх. комплекс; адна з асн. горадабуд. дамінантаў Старога горада. Пасля рэстаўрацыі 1959—60 сабор ператвораны ў канцэртную залу, дзе ўстаноўлены вял. арган, і музей. З 1989 дзеючы храм. Іл. гл. да арт. Латвія.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)