КАМА́РЫН,

гарадскі пасёлак у Брагінскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Дняпро. За 52 км на Пд ад Брагіна, 3 км ад чыг. ст. Ёлча на лініі Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогай злучаны з Брагінам. 2,4 тыс. ж. (1998).

У 19 ст. мястэчка Рэчыцкага пав., параходная прыстань, вятрак, 6 крам; 550 ж. (1897). З 1923 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1926—62 цэнтр Камарынскага раёна. З 28.8.1941 да 23.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. 98 чал. З 17.11.1959 гар. пасёлак, з 1962 у Брагінскім р-не. У 1971—1,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)