колькасць спосабаў, пры дапамозе якіх можа быць рэалізаваны пэўны стан фізічнай сістэмы.
У тэрмадынаміцы стан сістэмы вызначаецца значэннямі шчыльнасці, ціску, т-ры і інш. вымерных велічаць, т. зв. параметраў стану, якія характарызуюць сістэму ў цэлым (макрастан). Канкрэтны макрастан сістэмы можа рэалізавацца мноствам спосабаў (мікрастанаў), якія адрозніваюцца класічным ці квантавым размеркаваннем часціц сістэмы па каардынатах, імпульсах і энергіях. У адрозненне ад матэм. імавернасці Р (Р≤1), І.т. W≥1. Сувязь паміж І.т. і энтрапіяй выражаецца Больцмана прынцыпам. І.т. выкарыстоўваецца ў статыстычнай фізіцы для вызначэння характарыстык сістэмы, якая знаходзіцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРСІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
аптычная сістэма, у якой прастора паміж прадметам і першай лінзай аб’ектыва запоўнена імерсійнай вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў мікраскопах.
У якасці імерсійных вадкасцей бяруцца мінер. масла (паказчык пераламлення 1,515), раствор гліцэрыны (1,44), вада (1,333) і інш. Выкарыстанне імерсіі павышае апертуру аб’ектыва і адпаведна раздзяляльную здольнасць мікраскопа, памяншае адбіццё на паверхні лінзы. Дазваляе вывучаць аб’екты, што знаходзяцца на рознай глыбіні ў імерсійнай вадкасці (напр., з дапамогай аб’ектыва, разлічанага на водную імерсію, можна назіраць мікраарганізмы ў вадзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ПАКУПНО́Й ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
паказчык, што характарызуе колькасць тавараў і платных паслуг, якія можна набыць за адну грашовую адзінку пры дадзеным узроўні цэн на тавары і тарыфаў на паслугі. Адваротная велічыня індэкса цэн. Калі індэкс цэн на тавары і тарыфаў на паслугі зніжаецца, то І.п.з. павялічваецца, і наадварот. Ён адлюстроўвае змену намінальнага кошту грашовай адзінкі (кошту, пазначанага на грашах) з улікам змены цэн і тарыфаў. Умовамі павелічэння і замацавання пакупной здольнасці рубля з’яўляюцца ўстанаўленне правільных суадносін паміж попытам і прапановай, вытворчасць тавараў і паслуг, неабходных для задавальнення бягучых патрэб грамадства, эфектыўнае дзярж. рэгуляванне грашовага прапанавання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРСТЫЦЫЯ́ЛЬНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
агульная назва клетак, што займаюць прамежнае становішча ў арганізме жывёл і чалавека. І.к., або клеткі Лейдыга, гландулацыты, размешчаныя паміж канальцамі семяннікоў у пазваночных, выпрацоўваюць мужч. палавыя гармоны (пераважна тэстастэрон) і ў невял. колькасці жан. палавыя гармоны. У яечніках млекакормячых І.к. мезенхімнага паходжання сінтэзуюць стэроідныя гармоны і выконваюць трафічную функцыю. І.к. з’яўляюцца таксама стваловыя клеткі ў целе ніжэйшых шматклетачных, здольныя развіцца ў нерв., палавыя і жыгучыя (у кішачнаполасцевых). У лічынак некат. насякомых І.к. — клеткі сярэдняй кішкі, насычаныя ліпоідамі (ліпахромныя клеткі), мяркуецца, падтрымліваюць нізкае значэнне pH у гэтым участку кішэчніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі з іонным (электрастатычным) характарам сувязі паміж атамамі (гл.Іонная сувязь). Адрозніваюць І.к. з аднаатамных (напр., крышталі галагенідаў шчолачных і шчолачназямельных металаў, утвораныя дадатна зараджанымі іонамі металу і адмоўна зараджанымі іонамі галагену: NaCl, CsCl, GaF2 і інш.) і шмататамных іонаў (напр., нітраты, сульфаты, фасфаты і інш. солі металаў, дзе адмоўныя іоны кіслотных астаткаў складаюцца з некалькіх атамаў). Да І.к. адносяцца таксама сілікаты, у якіх крэмнійкіслародныя радыкалы SiO4 утвараюць ланцугі, слаі ці трохмерны каркас; унутры радыкалаў атамы звязаны кавалентнай сувяззю. І.к., як правіла, дыэлектрыкі, празрыстыя ў бачнай і інфрачырвонай частках спектра; маюць высокія т-ры плаўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЯ МО́ВА,
адна з кельцкіх моў. Пашырана ў Ірландскай Рэспубліцы (афіц. мова разам з англ.), Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія), часткова ў ЗША. Вылучаюцца 3 дыялектныя зоны (мунсцерская, канахцкая і ульстэрская), паміж якімі значныя адрозненні. Нормы адзінай літ. мовы новага перыяду пачалі выпрацоўвацца ў пач. 20 ст., яны вельмі няўстойлівыя, адлюстроўваюць адрозненні дыялектаў на ўсіх узроўнях.
Пісьменнасць узнікла ў 4—7 ст.н.э. (т. зв. агамічныя надпісы, гл.Агамічнае пісьмо). З канца 5 — пач. 6 ст. пісьменнасць на аснове лац. алфавіта. Першыя помнікі 6 ст. захаваліся ў спісах 11 ст. На І.м. існуе багатая арыгінальная л-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна + адаптацыя) у біялогіі, 1) узаемная адаптацыя розных відаў у працэсе каэвалюцыі, калі адсутнічае абмен генет. інфармацыяй, але існуе цесная біял. сувязь паміж арганізмамі.
2) Узаемнае прыстасаванне розных органаў у цэласным арганізме ў працэсе індывід. развіцця і эвалюцыі.
3) У генетыцы — гарманічныя ўзаемадзеянні алеляў у генафондзе папуляцыі, дасягнутыя шляхам селекцыі і рэкамбінацыі. Забяспечвае макс. ўзгодненасць функцый органаў у працэсах жыццядзейнасці, магчымасць сумеснага існавання розных відаў, павялічвае ўстойлівасць біяцэнозу як біял. сістэмы. Класічны прыклад К. — спалучаная эвалюцыя кветкавых раслін і многіх насякомых, грызуноў і раслін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БАТ, Кабота (Cabot, Caboto),
італьянскія мараплаўцы, бацька і сын. Джон (Джавані) (паміж 1450—55, г Генуя — 1499?), з 1490 быў на англ. службе. У 1497 у пошуках зах. марскога шляху ў Кітай дасягнуў в-ва Ньюфаўндленд (адкрыў, магчыма паўторна, Вял. Ньюфаўндлендскую банку). У 1498 дасягнуў берагоў Паўн. Амерыкі і прасачыў значную ч.ўсх. узбярэжжа. Себасцьян (каля 1475, г. Венецыя — 1557), сын Джона. удзельнік экспедыцый бацькі ў 1497 і 1498. У 1526—30 на ісп. службе. На чале ісп. флатыліі даследаваў заліў Атлантычнага ак. Ла-Плата, ніжняе цячэнне р. Парана, адкрыў ніжняе цячэнне р. Парагвай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗУС ФЕДЭ́РЫС (лац. casus foederis),
умова або юрыд. факт, наступленне якога дае падставу бакам у міжнар. дагаворы прыступіць да здзяйснення або здзейсніць пэўныя дзеянні ці ўстрымацца ад іх. У міжнар. канвенцыях і інш. актах аб правілах вядзення вайны К.ф. служыць вызначэннем моманту, калі ўдзельнікі ўзбр. канфлікту абавязаны ўжываць і выконваць устаноўленыя імі нормы гуманітарнага права. У двухбаковых дагаворах аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе паміж дзяржавамі К.ф. — умова, якая вызначае, што ў выпадку ўзбр. нападу з боку якой-н. дзяржавы на аднаго з удзельнікаў дадзенага дагавора другі бок павінен аказаць яму дапамогу ўсімі сродкамі, уключаючы ўзбр. сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЛЬ-ТЭПЕ́, Кюльтэпе (цюрк. попельны ўзгорак),
1) стараж. горад бронзавага веку у Кападокіі (цэнтр. Турцыя) каля Кейзеры. Пры даследаванні выяўлена дзелавая перапіска асірыйскіх купцоў-каланістаў, якія ў 19 ст. да н.э. кантралявалі і пашыралі гандаль паміжАнатоліяй і Месапатаміяй, гліняныя таблічкі з асірыйскім клінапісам, шмат матэрыялаў з часоў, якія папярэднічалі ўзвышэнню хетаў.
2) Паселішча паўд.-закаўказскай групы энеаліту Каўказа (4-е — пач. 1-га тыс. да н.э.). Назву атрымала ад сяла за 8 км ад Нахічэвані (Азербайджан). Выяўлены 4 розначасовыя культ. пласты магутнасцю 22 м (энеаліт, кура-аракская культура, эпохі верхняй бронзы і ранняга жалеза).