у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.Тынтарэта, А.Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.Гундуліч), музыцы (Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн, І.К.Бах) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БІНА КА́ША,
у беларусаў абрадавая страва на радзінах. Каша з прасяных, ячных або грэцкіх круп на малацэ, з яйкамі, мёдам, цукрам, маслам, якую варыла бабка-павітуха. Бабіну кашу падавалі пад канец святочнага абеду, калі пачынаўся «торг» за яе. Пасля «торгу» гаршчок з бабінай кашай заставаўся ў самага шчодрага (звычайна гэта быў кум) госця. Ён разбіваў гаршчок на шчасце нованароджанаму і частаваў усіх кашай на чарапку. У наш час на радзінах замест бабінай кашы па традыцыі ў гаршку падаюць цукеркі, пячэнне і інш.
рускі архітэктар, прадстаўнік ампіру. Вучыўся ў Маскве, у арх. школе пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва (1802—07).
Гал. архітэктар камісіі па аднаўленні Масквы пасля пажару 1812. Удзельнічаў у рэканструкцыі Краснай пл. (1814—17), стварэнні Тэатральнай пл. і Вял. тэатра (1820—24), Аляксандраўскага саду, Манежа і інш. Па яго праектах пабудаваны Трыумфальныя вароты (1827—34, разабраны ў 1932, адноўлены ў 1968 на Кутузаўскім праспекце), 1-я Градская бальніца, цэрквы Усіх Самотных Радасці ў Маскве (1828—33) і ў с. Архангельскае Маскоўскай вобласці (1822).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЛЮ́БАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (29.5.1900, г. Чэбаксары, Чувашыя — 28.2.1956),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў акадэміі Ваен. імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з мая 1944 нач. штаба 2-га Бел. фронту. Прадуманы Багалюбавым план дзеянняў і ўмелае кіраванне штабамі злучэнняў войскаў фронту ў Беларускай аперацыі 1944 спрыялі поспеху ў разгроме праціўніка на магілёўскім напрамку. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́Ч,
1) старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства багач быў прымеркаваны да свята нараджэння Божай Маці (8 верасня с. ст.), якая лічылася заступніцай ураджаю.
2) Сімвал свята багач — сявенька з жытам ці пшаніцай і васковай свечкай (збожжа вымалочвалі з 1-га зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З багачом абходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле нар. павер’яў, багач забяспечваў дому багацце і шчасце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Ангел Іванавіч) (2.10.1860, г. Гарадок Віцебскай вобласці — 24.3.1907),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст і літ. крытык. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це (1880—82) стаў удзельнікам нарадавольскага руху. Жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Пецярбургу. Адзін са стваральнікаў паліт. арг-цыі «Народнае права» (1893). Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Русское богатство» (1893—94), «Мир Божий» (1894—1906). Пасля 1895 «легальны марксіст». Як крытык выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры (ідэалізацыя вёскі, «мужыка») і інш. З 1906 рэдагаваў час. «Современный мир».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАЎ (Іван Ісаевіч) (? — 1608),
кіраўнік Балотнікава паўстання 1606—07 у Расіі. З халопаў, у маладосці ўцёк да казакоў. Быў у тат. палоне, рабом на тур. галерах. Вызваліўшыся з няволі, апынуўся ў Венецыі. Вярнуўшыся ў Расію, назваўся ваяводам царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўзначаліў паход на Маскву, маючы на мэце скінуць з прастола В.І.Шуйскага і аднавіць ўладу «цара Дзмітрыя». Дзякуючы таленту палкаводца і храбрасці нанёс шэраг паражэнняў царскім войскам. Пасля здачы Тулы царскім войскам (10.10.1607) захоплены і сасланы ў Каргапаль, дзе яму выкалалі вочы і ўтапілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вацлаў Мартынавіч) (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),
рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯСЛА́Ў IIIКрывавусты
(Boleslaw III; 20.8.1085—28.10.1138),
польскі князь [1102—38]. З дынастыі Пястаў. Сын князя Уладзіслава Германа. Да 1113 у барацьбе за адзінаўладдзе ў краіне перамог старэйшага незаконнанароджанага брата Збігнева (у т. л. ў 1109 адбіў напад яго саюзніка герм. караля Генрыха V) і аб’яднаў польскія землі. Пасля працяглых войнаў 1102—22 супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» далучыў да Польшчы Усх. (1116) і на ўмовах леннай залежнасці Зах. (1123) Памор’е, нанова правёў там хрысціянізацыю. У 1138 падзяліў краіну паміж сынамі на ўдзелы (Сілезія, Вял. Польшча, Малая Польшча, Мазовія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́НАВЫ,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бабушкіна і Банан зімовы. Раянаваны з 1967 па ўсіх садовых зонах рэспублікі.
Дрэва моцнарослае з прыўзнята-круглаватай кронай. Плоданашэнне пачынае на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы, сярэднеўрадлівы. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), пляската-круглаватыя, саламяна-жоўтага колеру з лёгкім загарам з сонечнага боку. Мякаць шчыльная, сакаўная, прыемнага кісла-салодкага смаку. Дэсертны, спажываецца ў свежым выглядзе, захоўваецца больш за 200 сутак.