БАГАЛЮ́БАЎ Аляксандр Мікалаевіч
(29.5.1900, г. Чэбаксары, Чувашыя — 28.2.1956),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў акадэміі Ваен. імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з мая 1944 нач. штаба 2-га Бел. фронту. Прадуманы Багалюбавым план дзеянняў і ўмелае кіраванне штабамі злучэнняў войскаў фронту ў Беларускай аперацыі 1944 спрыялі поспеху ў разгроме праціўніка на магілёўскім напрамку. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.
т. 2, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)