АКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. activus дзейсны, дзейны) у псіхалогіі, уласцівасць псіхікі быць не толькі актам, але і крыніцай паводзін. Праяўляецца ў сувязі з дзейнасцю як дынамічная ўмова яе ўзнікнення, рэалізацыі і відазмянення. Паняццем «актыўнасць» падкрэсліваецца не рэактыўная, а актыўная сутнасць псіхічнага, якая найлепш праяўляецца праз свабоду волі і жадання. Актыўнасць можа быць вонкавая (праяўляецца праз рухі цела і маторыку) або ўнутраная (існуе ў плыні псіхічнага). У ёй вылучаюць паводзіны і дзейнасць. Дзейнасць адрозніваецца ад паводзін тым, што выклікаецца свядома пастаўленымі мэтамі, якія дасягаюцца пры дапамозе прылад працы. Тэрмін «актыўнасць» выкарыстоўваецца псіхолагамі і ў вузкім сэнсе: актыўнасць асобы — магчымасць чалавека быць суб’ектам міжасабовых зносін, дзейнасці і самарэалізацыі; актыўнасць надсітуацыйная звязана з перавышэннем зададзеных мэт дзейнасці, а звышнарматыўная актыўнасць — з перавышэннем звычайных нормаў дзейнасці; актыўнасць пошукавая — перабор розных варыянтаў сітуацыі дзеяння. Тэрмінам «актыўнасць» называюць таксама аспект тэмпераменту, які характарызуецца хуткасцю, тэмпам, энергіяй, магчымасцю пераадольваць цяжкасці.

Літ.:

Хекхаузен Х. Мотивация и деятельность: Пер. с нем. М., 1986. [Т.]1. С. 12—14, 54—55, 70—93, 152—160, 215, 216;

Общая психология. 2 изд. М., 1986. С. 205—215, 415.

Т.​У.​Васілец.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае геаметрычныя аб’екты, звязаныя алг. ўраўненнямі, — алг. мнагастайнасці. Узнікла ў 17 ст. з увядзеннем у геаметрыю паняцця каардынат. У сярэдзіне 19 ст. алгебраічная геаметрыя выдзелілася з матэм. аналізу як тэорыя алг. крывых. У канцы 19 ст. італьян. вучоныя К.​Сегрэ, Л.​Крэмона і інш. стварылі тэорыю алг. паверхняў. У 1930-я г. матэматыкі галандскі Б.​Л.​Ван-дэр-Вардэн, ням. Г.​Гасе і франц. А.​Вейль стварылі асновы алгебраічнай геаметрыі над адвольным полем К. Падабенства тэорыі алг. крывых і тэорыі алг. лікаў стымулявала пошукі агульнай алг. асновы (амер. вучоны О.​Зарыскі, франц. матэматыкі К.​Шэвале і Ж.​Сер). Асновай стала тэорыя схем (франц. матэматык А.​Гратэндзік), дзе, напр., на геам. мове разглядаліся сістэмы алг. ураўненняў над адвольным камутатыўным кольцам, апісваліся ўласцівасці праектыўных мнагастайнасцяў. Алгебраічная геаметрыя звязана з тэорыяй функцый камплексных пераменных, лікаў тэорыяй, ураўненнямі матэматычнай фізікі і інш.

Літ.:

Шафаревич И.Р. Основы алгебраической геометрии. 2 изд. Т. 1—2. М., 1988;

Гриффитс Ф., Харрис Дж. Принципы алгебраической геометрии: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1982.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ МУСЕ́ЯН (ад грэч. museion храм або свяцілішча музаў),

адзін з галоўных навук. і культ. цэнтраў ант. свету. Засн. ў г. Александрыя ў 3 ст. да н.э. Пталамеем Сотэрам I па ініцыятыве Дэметрыя Фалерскага. Створаны на ўзор афінскіх філас. школ, у прыватнасці лікея. Узначальваў Александрыйскі мусеян жрэц вышэйшага рангу, які ў эліністычны перыяд прызначаўся царом, пазней — рымскім імператарам. Вучоныя, што працавалі ў Александрыйскім мусеяне, знаходзіліся на поўным утрыманні александрыйскіх правіцеляў. Росквіт Александрыйскага мусеяна прыпадае на 3—2 ст. да н.э. Вял. поспехі дасягнуты ў матэматыцы і фізіцы (Эўклід, Апалоній Пергскі, Архімед), астраноміі (Эратасфен, Гіпарх), медыцыне (Герафіл, Эрасістрат), механіцы (Ктэсібій, Філон), а таксама ў філалогіі. Пазней з Александрыйскім мусеянам звязана дзейнасць Пталамея Клаўдзія і Галена. Пры Александрыйскім мусеяне знаходзілася Александрыйская бібліятэка. У рымскі перыяд Александрыйскі мусеян паступова страчвала сваё значэнне. У 272—273 войскі імператара Аўрэліяна пры ўзяцці Александрыі спалілі Александрыйскі мусеян.

Літ.:

Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988. С. 125—131;

Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр. М., 1989.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́Ў ((Adamov) Арцюр) (28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),

французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб. артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.​Чэхава і М.​Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.​Гогаля.

Тв.:

Рус. пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;

Весна семьдесят первого. М., 1968.

Літ.:

Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНІ́НІ ((Bernini) Джавані) (Джан) Ларэнца (7.12.1598, г. Неапаль, Італія — 28.11.1680),

італьянскі архітэктар, скульптар, жывапісец. Найб. вядомы прадстаўнік барока. Вучыўся ў бацькі, скульптара П’етра Берніні. Арх. пабудовы вылучаюцца прасторавым размахам і пышнасцю дэкору, дынамікай формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, цэласным сінтэзам мастацтваў (ансамбль плошчы св. Пятра, 1657—63, і царква Сант-Андрэа, 1653—58, фантан на П’яцца Навона, 1648—51, у Рыме). Арганічна спалучаў архітэктуру і скульптуру, выкарыстоўваў розныя матэрыялы, размалёўку, пазалоту (інтэр’еры сабора св. Пятра, 1657—66). Скульптуры Берніні ўласцівыя імклівасць руху, спалучэнне рэліг. афектацыі і экзальтацыі пачуццяў («Апалон і Дафна», 1622—25; «Экстаз святой Тэрэзы», 1644—52; капэла Карнара ў царкве Санта-Марыя дэла Віторыя, усе ў Рыме). У творчасці Берніні сфарміраваўся тып параднага партрэта барока з яго рэаліст. дакладнасцю, псіхал. вастрынёй і дэкар. пышнасцю («Людовік XIV»). Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на еўрап. мастацтва 17—18 ст.

Літ.:

Лоренцо Бернини, 1598—1680: Воспоминания современников: Пер. с итал. и фр. М., 1965.

Дж.Л.Берніні. Экстаз святой Тэрэзы. 1644—52.
Дж.Л.Берніні. Фантан на П’яцца Навона ў Рыме. 1648—51.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),

кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).

Літ.:

Антомонов Ю.Г. Моделирование биологических систем: Справ. Киев, 1977;

Биологическая и медицинская кибернетика. Киев, 1986;

Жерарден Л. Бионика: Пер. с фр. М., 1971;

Проблемы бионики. М., 1973.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЫ (лац. Gothi, Gothones),

плямёны ўсх. германцаў, якія ў пач. 1-га тыс. н.э. перасяліліся са Скандынавіі на паўд. ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У сярэдзіне 1 ст. ў ніжнім цячэнні Віслы з удзелам готаў утварылася вельбарская культура. У апошняй чвэрці 2 ст. готы пачалі перасяленне на ПдУ (у т. л. праз ПдЗ Беларусі). У 3 ст. яны дасягнулі Паўн. Прычарнамор’я, дзе прынялі ўдзел у стварэнні чарняхоўскай культуры. У саюзе з інш. плямёнамі готы неаднаразова ўрываліся ў межы Рым. імперыі, захапілі Дакію. У 3 ст. падзяліліся на вестготаў, остготаў, малых готаў (Мезія, сучасная Балгарыя) і готаў-тэтраксітаў (Крым). У 357 саюз плямён остготаў на чале з конунгам Эрманарыхам разбіты гунамі, пасля чаго б. ч. готаў пакінула Паўн. Прычарнамор’е і пайшла на З. Пасля шэрагу міграцый вестготы апынуліся ў Іспаніі, а остготы стварылі сваю дзяржаву ў Італіі. На тэр. ПдЗ Беларусі вядомы помнікі вельбарскай культуры Вялічкавічы, Дружба, Брэсцкі бескурганны могільнік і інш.

Літ.:

Иордан О. О происхождении и деяниях гетов: Пер. с лат. М., 1960;

Кухаренко Ю.В. Могильник Брест-Тришин. М., 1980.

А.​М.​Мядзведзеў.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ГУЛІС ((Grigulis) Арвідс) (12.10.1906, маёнтак Юмпраўмуйжа Лімбажскага р-на, Латвія — 5.10.1989),

латышскі пісьменнік, літаратуразнавец. Нар. пісьменнік Латвіі (1978). Засл. дз. культ. Латвіі (1947). Акад. АН Латвіі (1978). Скончыў Латвійскі ун-т (1937). Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках «Запіскі рэпарцёра» (1929), «Імітацыя і сэрца» (1931) выявіліся яго крытычныя адносіны да тагачаснай рэчаіснасці. У раманах «Людзі ў садзе» (1939), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1965, аднайм. фільм 1967), кнізе апавяданняў «Праз агонь і ваду» (1945), зб-ках вершаў «У буру» (1946), «Другія пеўні» (1970), «Зямля палае песняй» (1985) і інш. — праблемы вайны і міру, маральна-этычнае аблічча суайчынніка, філас. роздум і ўзмоцненая экспрэсія. Аўтар п’ес «Гліна і фарфор» (1947, Дзярж. прэмія Латвіі 1948), «Салдацкі шынель» (1955) і інш. Роздум пра л-ру, т-р, жыццё — у эсэ «Лісты паэтэсе Каміле» (1981, Дзярж. прэмія Латвіі 1982). На бел. мову творы Грыгуліса перакладалі А.​Звонак, В.​Зуёнак, У.​Пігулеўскі, Н.​Тулупава.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—7. Rīga, 1963—66;

Бел. пер. — у кн. Ветрык, вей. Мн., 1959;

Латышскія апавяданні. Мн., 1956.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛФ ((Woolf) Вірджынія) (25.1.1882, Лондан — 28.3.1941),

англійская пісьменніца; адна з найб. значных тэарэтыкаў і практыкаў мадэрнізму. Заснавальніца «псіхалагічнай школы». У раманах «Падарожжа» (1915), «Ноч і дзень» (1919), «Пакой Джэйкаба» (1922), «Місіс Дэлаўэй» (1925), «Да маяка» (1927), «Арланда» (1928), «Хвалі» (1931), «Гады́» (1937), «Паміж актамі» (1941) і інш., зб-ках апавяданняў «Сады К’ю», «Знак на сцяне» (абодва 1919), «Панядзелак ці аўторак» (1921), аповесцях — універсалізм светабачання, хісткасць часавых межаў, адсутнасць традыц. сюжэтаў і характараў, асацыятыўнасць, складаная сімволіка, усведамленне жыцця праз плынь суб’ектыўных успрыманняў і імгненных уражанняў, арыентацыя на псіхааналіз З.​Фрэйда, інтуітывізм А.​Бергсона, творчасць М.​Пруса і Дж.​Джойса. Аўтар шэрагу эсэ (у т. л. «Сучасная мастацкая літаратура», 1919; «Містэр Бенет і місіс Браўн», 1924).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1989.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Английский Роман XX в., 1918—1939. М., 1965;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984;

Михальская Н.П. Пути развития английского романа 1920—1930 годов: Утрата и поиски героя. М., 1966.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЧЫ́НСКІ ((Gałczyński) Канстанцін Ільдэфанс) (23.1.1905, Варшава — 6.12.1953),

польскі паэт. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1923—26). Друкаваўся з 1923. У яго ранняй творчасці пераважаюць скептыка-анархічныя адносіны да свету (паэт. карыкатуры). Аўтар сатыр. аповесці «Вослік Парфірыён, або Клуб святататцаў» (1929) і паэмы «Канец свету» (1930). Рэаліст. замалёўкі нар. гуляння перамяжоўваюцца з фантаст. ўстаўкамі ў паэме «Народная забава» (1934). Першы зб. вершаў «Паэтычныя творы» (1937). У 1939—45 вязень фаш. канцлагераў. У 1946—50 апублікаваў цыкл мініяцюр «Зялёная гусь», прасякнутых абсурдна-гратэскавым гумарам, паэт. і сатыр. фельетоны (цыкл «Пісьмы з фіялкай», 1948). Выдаў зб-кі вершаў «Зачараваная пралётка» (1948), «Заручальныя пярсцёнкі» (1949), «Лірычныя вершы» (1952), паэмы «Ніабея» (1951), «Віт Ствош» (1952; пра сярэдневяковага скульптара), «Падарожжа Хрызастома Бульвецыя ў Цемнаград» (1953). Лірычны цыкл вершаў «Песні» (1953) напоўнены філас. роздумам пра жыццё і прызначэнне мастацтва. Галчынскі стварыў арыгінальную маст. сістэму, у якой спалучаны элементы лірыкі, сатыры, гратэску, зямнога і фантастычнага. На бел. мову яго вершы перакладалі Н.​Гілевіч, С.​Дзяргай, М.​Лужанін і інш.

Тв.:

Dzieła. Т. 1—5.Warszawa, 1957—60;

Рус. пер. — Стихи. М., 1967.

В.​В.​Саладоўнікаў.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)