АКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. activus дзейсны, дзейны) у псіхалогіі, уласцівасць псіхікі быць не толькі актам, але і крыніцай паводзін. Праяўляецца ў сувязі з дзейнасцю як дынамічная ўмова яе ўзнікнення, рэалізацыі і відазмянення. Паняццем «актыўнасць» падкрэсліваецца не рэактыўная, а актыўная сутнасць псіхічнага, якая найлепш праяўляецца праз свабоду волі і жадання. Актыўнасць можа быць вонкавая (праяўляецца праз рухі цела і маторыку) або ўнутраная (існуе ў плыні псіхічнага). У ёй вылучаюць паводзіны і дзейнасць. Дзейнасць адрозніваецца ад паводзін тым, што выклікаецца свядома пастаўленымі мэтамі, якія дасягаюцца пры дапамозе прылад працы. Тэрмін «актыўнасць» выкарыстоўваецца псіхолагамі і ў вузкім сэнсе: актыўнасць асобы — магчымасць чалавека быць суб’ектам міжасабовых зносін, дзейнасці і самарэалізацыі; актыўнасць надсітуацыйная звязана з перавышэннем зададзеных мэт дзейнасці, а звышнарматыўная актыўнасць — з перавышэннем звычайных нормаў дзейнасці; актыўнасць пошукавая — перабор розных варыянтаў сітуацыі дзеяння. Тэрмінам «актыўнасць» называюць таксама аспект тэмпераменту, які характарызуецца хуткасцю, тэмпам, энергіяй, магчымасцю пераадольваць цяжкасці.

Літ.:

Хекхаузен Х. Мотивация и деятельность: Пер. с нем. М., 1986. [Т.]1. С. 12—14, 54—55, 70—93, 152—160, 215, 216;

Общая психология. 2 изд. М., 1986. С. 205—215, 415.

Т.У.Васілец.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)