агульная назва 3 родаў рыб сям. камбалавых: П. стралазубыя — Atheresthes (2 віды), П. звычайныя, або белакорыя, — Hippoglossus (1 від) і П. чорныя, або сінякорыя, — Reinhardtius (1 від). Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага і Ціхага ак., у т. л. ў Ахоцкім, Баранцавым, Берынгавым і Японскім морах. Донныя рыбы.
Даўж. да 2,3 м, маса да 117 кг (зрэдку да 4,7 м і 340 кг). Цела асіметрычнае, сплошчанае, падоўжанае. Вочы на правым баку. Кормяцца малюскамі, ракападобнымі, рыбай. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РХАЎКА (Bovista),
род базідыяльных грыбоў парадку дажджавіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца на адкрытых месцах, сярод травы, радзей у лясах з чэрв. па вер. П. чарнеючая (B. nigrescens) і свінцова-шэрая (B. leumbea).
Пладовыя целы — шарападобныя, дыям. да 6 см. Абалонка (перыдый) двухслойная, вонкавы слой напачатку белы, потым шараваты, унутраны — танкаскурысты свінцова-шэры ці чорны. Мякаць (глеба) белая, потым аліўкава-бурая, парошыстая. Споры шарападобныя, з доўгім прыдаткам. У маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАД,
мінерал групы псіламелану, зборная назва зямлістых і сажыстых агрэгатаў аксідаў і гідраксідаў марганцу. Хім. састаў непастаянны: MnO2∙nH2O. Часта мае прымесі калію, барыю, медзі, цынку, жалеза і інш. Разнавіднасць ваду — азбалан (да 17% вокіслу кобальту разам з нікелем і меддзю).
Калоідныя, часцей скрытакрышт. ўтварэнні. Шчыльныя і рыхлыя масы, налёты, нацёкі, канкрэцыі. Колер чорны, чорна-карычневы. Цв. 1—4. Шчыльн. 2,8—4,4 г/см³. Гіпергенавы; пашыраны ў прыродзе як прадукт выветрывання розных марганецзмяшчальных мінералаў, трапляецца таксама ў асадкавых утварэннях і адкладах гарачых крыніц. Руда марганцу, кобальту і нікелю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАМБА́Т (Vombatus),
род млекакормячых атр. сумчатых. 1 від — вамбат звычайны, або караткашэрсны (V. ursinus). Жыве калоніямі ў паўд.-ўсх. Аўстраліі, на а-вах Тасманія і Фліндэрс у Басавым прал. ў лясах, саваннах.
Даўж. цела 67—105 см, маса да 40 кг. Галава вялікая, круглаватая. Нос чорны, безвалосы, вушы кароткія, круглыя. Тулава валікападобнае, нізкае, з кароткай шыяй. Валасяное покрыва густое, нізкае, грубое жоўта-шэрае або пясчанае да чарнаватага. Канечнасці з вял. кіпцюрамі. Зубы растуць увесь час, разцы вялікія. Рые норы даўж. да 30 м. Нараджае 1 дзіцяня. Раслінаедны. Колькасць скарачаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК МИ́РА»,
газета Беларускага фонду міру. Выходзіць з ліст. 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра дзейнасць Бел. фонду міру, грамадскага аб’яднання «Дзеці ў бядзе», бел. і замежных дабрачынных арг-цый, што аказваюць дапамогу ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Асвятляе выкананне праграм па лячэнні і аздараўленні бел. дзяцей, устанаўленне і развіццё сувязей з замежнымі партнёрамі, размеркаванне гуманітарнай дапамогі і інш. Друкуе матэрыялы міжнар. сімпозіумаў, канферэнцый, круглых сталоў па праблемах Чарнобыля. Мае рубрыкі: «Супраць бяды — разам», «Крыніцы міласэрнасці», «Чорны боль мой» (фотаматэрыялы), «Нашы замежныя партнёры» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІС (Graphis),
род накіпных лішайнікаў сям. графідавых. Вядома 300 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, ва ўмераных шыротах — некалькі відаў. На Беларусі пашыраны графіс начэрчаны (G. scripta), расце на гладкай кары лісцевых дрэў.
Слаявіна ў выглядзе дробназярністай, аліўкава-шэрай, матавай корачкі, часам слабапрыкметная або цалкам у субстраце. Пладовыя целы (апатэцыі) шматлікія, доўгія і вузкія, прамыя, дугападобна выгнутыя, часам хвалістыя і разгалінаваныя, утвараюць малюнак, які нагадвае складаныя пісьмёны (адсюль назва). Дыск апатэцыя вузкі, шчылінападобны, чорны, з шызым напылам або без яго. Сумкі 8-споравыя. Споры цыліндрычныя, бясколерныя, потым цямнеюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫН (Drini),
рака ў Албаніі (вытокі ў Македоніі і Югаславіі). Утвараецца з сутокаў Чорнага і Белага Д. Даўж. 148 км, разам з Чорным Д. 281 км, пл.бас. 12,6 тыс.км². Асн. выток (Чорны Д.) пачынаецца ў Ахрыдскім воз., Белы Д. — у Паўн.-Албанскіх Альпах. Цячэ пераважна ў адгор’ях Паўн.-Албанскіх Альпаў, у нізоўі, на прыморскай нізіне, падзяляецца на 2 рукавы. Паўд. рукаў упадае ў Дрынскі зал. Адрыятычнага м., паўн. — у р. Буна. Сярэдні расход вады 290 м³/с. Суднаходная ў нізоўі. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Д. горад Кукес (Албанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬМЕНІ́Т (ад назвы радовішча ў Ільменскіх гарах на Паўд. Урале, дзе ўпершыню выяўлены),
тытаністы жалязняк, мінерал падкласа складаных аксідаў, FeTiO3. Змяшчае жалеза 36,8%, тытану 31,6%, састаў непастаянны; прымесі магнію, марганцу і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя. Колер чорны. Бляск металічны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,7—4,8 г/см³. Трапляецца ў асноўных шчолачных пародах і ў шчолачных пегматытах, таксама ў россыпах (другасныя радовішчы). На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ў пародах крышт. фундамента, у большасці абломкавых парод платформавага чахла. Руда тытану. Крыніца атрымання фератытану і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКАТЫ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
група раслін, якія маюць рэчывы, здольныя ўзбуджаць ці прыгнечваць цэнтр.нерв. сістэму. Да Н.р. належаць пераважна вышэйшыя расліны, з ніжэйшых — некат. грыбы (напр., мухаморы). Найб. пашыраны ў тропіках Паўд. і Паўн. Амерыкі, Цэнтр. Азіі. Асн. Н.р.: мак снатворны, каноплі індыйскія, какаінавы куст, гармала звычайная, эхінакактус, блёкат чорны, тытунь і інш. Звычайна ядавітыя, маюць у сабе дзеючыя рэчывы (пераважна алкалоіды), якія валодаюць лек. ўласцівасцямі і выкарыстоўваюцца ў медыцыне, часцей як абязбольвальныя. Пры сістэм. ужыванні прэпаратаў з Н.р. развіваецца залежнасць ад іх — наркаманія. Гл. таксама Лекавыя расліны і Ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),
1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.
2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.