ВУЛЬФЕНІ́Т (ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.Вульфена),
мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв. каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́НБІ (Denbigh),
Крамянёвы комплекс Дэнбі, даэскімоская археал. культура Паўн. Амерыкі. Адкрыта ў 1948 у эскімоскім паселішчы Аятэет на мысе Дэнбі у зал. Нортан (Аляска). Блізкія да Д. культуры выяўлены на мысе ў зал. Кацэбу, на Арктычным узбярэжжы Аляскі, у Канадзе і ПнУ Грэнландыі. Для Д. характэрны дробныя ножападобныя пласцінкі, маленькія абабітыя бакавыя і канцавыя лёзы-ўкладышы, разцы, скрабкі і нажы, вастрыі стараж.амер. тыпаў. Датуецца часам больш за 2500 гадоў да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́РСЕТ (Dorset),
старажытнаэскімоская культура (пач. 1-га тыс. да н.э. — пач. 2-га тыс.н.э.), адкрыта ў 1925 на мысе Дорсет (в-аў Бафінава Зямля). Пашырана на ПнУ Канады. Канадскім Арктычным архіпелагу, у зах. і паўн.зах. Грэнландыі. Для Д. характэрны абабітыя каменныя прылады працы. астрогі, іголкі, скульптура з косці, біўня, дрэва, наразны лінейны арнамент. Вылучана 5 перыядаў развіцця культуры; у апошнім выяўляюцца рысы эскімоскай культуры Туле, якая пасля 1200 н.э. змяніла Д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЛУД,
аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІ́ША (Канстанцін Іванавіч) (20.10.1904, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 28.2.1984),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў пераважна ў жанрах пейзажа і нацюрморта. Творам характэрны лірычны настрой. Аўтар карцін: «Асенні матыў» (1937), «Стары Мінск» і «Мінскі дворык» (да 1940), «Дняпро» (1945), «Раніца ў вёсцы» (1956), «Астры» (1958), «Кветкі і Венера», «Старонка лясная» (абодва 1960), «Восень. Баяры» (1978). Сярод сюжэтна-тэматычных карцін: «Пасля работы» (1957), «Юныя рыбаловы» (1963), «Лесараспрацоўка. Першы рэйс» (1967) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІШАНТУРА́ЕВА (Сара Абдурахманаўна) (н. 8.11.1911, с. Бешбулак Наманганскай вобл., Узбекістан),
узбекская актрыса. Нар.арт.СССР (1951). З 1927 ва Узб. т-ры імя Хамзы (Ташкент). Творчасці характэрны эмацыянальнасць, імкненне да драм. паглыбленага раскрыцця вобразаў. Сярод лепшых роляў: Анахон («Гонар і каханне» К.Яшэна), Джаміля («Бай і батрак» Хамзы), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Афелія, Дэздэмона («Гамлет», «Атэла» У.Шэкспіра), Іакаста («Цар Эдып» Сафокла), Седзу («Жыццё жанчыны» М.Каору) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1949, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́ШНІК (ад стараж.-слав. кокош — курыца ці певень),
старажытны рус. галаўны ўбор замужніх жанчын. У дапятроўскай Русі бытаваў у баярскім асяроддзі, у 19 ст. — у купецкім і сялянскім (пераважна ў паўн. губернях). Характэрны элемент К. — грэбень, форма якога ў розных рэгіёнах мела свае асаблівасці. Рабілі на цвёрдай аснове, упрыгожвалі парчой, пазументам, бісерам, пацеркамі, перламі, больш багатыя — і каштоўнымі камянямі. Найб. пашыраны арнамент — раслінны і птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЕРЫ НАПА́ЛУ — колеры свячэння металу, якія залежаць ад т-ры нагрэву. Для сталі характэрны колеры: цёмна-карычневы (550), карычнева-чырвоны (630), цёмна-чырвоны (680), цёмна-вішнёвы (740), вішнёвы (770), ярка- або светла-вішнёвы (800), светла-чырвоны (850), ярка-чырвоны (900), жоўта-чырвоны (950), жоўты (1000), ярка- або светла-жоўты (1100), жоўта-белы (1200), белы (1300). Да з’яўлення пірометраў і аўтам. вымяральных прылад па колерах на працягу вякоў вызначалі т-ру нагрэву металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙЦЗІША́НЬ (кіт. «Пшанічная гара»),
будыйскі пячорны манастыр 5—17 ст. каля г. Цяньшуй (прав. Ганьсу, Кітай). Складаецца са 194 пячор (галоўныя — «Пячора Нірваны», «Галерэя тысячы Будаў» даўж. 30 м, «Зала дзесяці тысяч Будаў» і інш.) з расфарбаванай скульптурай з гліны і каменю (5—17 ст.; выявы Буды і інш. божастваў будыйскага пантэона) і з насценнымі размалёўкамі (5 ст.). Для ранняй скульптуры характэрны мяккасць, грацыёзнасць, адухоўленасць, для позняй — рысы натуральнай чалавечай прыгажосці. Цяпер музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШЫ (ням., адзіночны лік Marsch),
нізінныя палосы раўніннага марскога ўзбярэжжа, якія заліваюцца вадой у час высокіх прыліваў або нагонаў марской вады. Размяшчаюцца вышэй ватаў, часта абмежаваныя паласой дзюн. Складзены звычайна з ілістых або пясчана-ілістых наносаў, на якіх фарміруюцца багатыя гумусам глебы, пакрытыя лугамі і балотамі. Асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў наз.польдэрамі. Характэрны для ўзбярэжжаў Паўночнага м. (Нідэрланды, Германія), Атлантычнага ўзбярэжжа ЗША. Падобныя на М. ландшафты (лайды) пашыраны на берагах Паўн. Ледавітага ак.