ІЖАКЕ́ВІЧ (Іван Сідаравіч) (18.1.1864, с. Вішнапаль Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1962),
украінскі мастак. Нар. мастак Украіны (1951). Вучыўся ў іканапіснай школе Кіева-Пячэрскай лаўры (1876—82, выкладаў там у 1905—07), у Кіеўскай школе малявання М.Мурашкі (1882—84), у Пецярбургскай АМ (1884—88). У 1883 прымаў удзел у аднаўленні фрэсак 12 ст. Кірылаўскай царквы ў Кіеве, у 1904—08 працаваў над размалёўкамі трапезнай і царквы Усіх святых Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар карцін на быт. і гіст. тэмы («Кіева-Пячэрская лаўра. Від на корпус архітэктара Сцяпана Коўніра», 1905—06; «Кій, Шчэк і Хорыў і сястра іх Лыбідзь», «Маці ідзе!..», абедзве 1907; цыкла «Краявіды старога Кіева», 1913; «Бунт сялян», «На паншчыне», «Уманская разня», усе 1926—28; «Партызаны ў засадзе», 1944, і інш.), ілюстрацый да твораў Т.Шаўчэнкі, М.Гогаля, Лесі Украінкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОН (сапр.Крэйн) Аляксандр Аляксандравіч
(13.7.1909, Масква — 24.2.1983),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Дэбютаваў у 1929 п’есай «Вінтоўка № 492116» (паст. 1930) пра дзіцячую беспрытульнасць. П’есам «Баязлівец» (паст. 1935), «Наша зброя» (1937), «Глыбокая разведка» (паст. 1943), «Афіцэр флоту» (паст. 1945), «Другое дыханне» (паст. 1956) і інш. характэрны вострыя маральныя канфлікты. Аўтар муз. камедыі «Раскінулася мора шырока...» (з У.Вішнеўскім і У.Азаравым; паст. 1942). Выдаў раман «Дом і карабель» (1964) пра падводнікаў і іх удзел у абароне Ленінграда ў Вял.Айч. вайну, псіхалагічны раман «Бяссонніца» (1977), дакумент аповесць «Капітан далёкага плавання» (1983), кнігі нарысаў «На хаду і на якары» (1961), «Вечная праблема» (1969), успамінаў «Аб равесніках» (1978). Пісаў артыкулы пра тэатр і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУ́ГЛАГА СТАЛА́» КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1930—32 (1-я ў 1930—31, 2-я ў 1931—32, 3-я ў 1932). Адбыліся ў Лондане паміж брыт. і інд. прадстаўнікамі, калі брыт. ўрад абвясціў пра намер прадаставіць Індыі статус дамініёна, і павінны былі вырашыць пытанні канстытуцыйнага ўладкавання Індыі. З інд. боку ў канферэнцыях удзельнічалі пераважна князі (больш за 600 чал.), група інд. лібералаў і прадстаўнікі рэліг. меншасцей. Найб. уплывовая партыя Індыі — Інд.нац. кангрэс (ІНК), якая праводзіла ў той час кампанію грамадз. непадпарадкавання, байкатавала 1-ю і 3-ю канферэнцыі, дамагаючыся поўнай незалежнасці Індыі. У сак. 1931 ІНК прыпыніў кампанію грамадз. непадпарадкавання, а яе лідэр М.К.Гандзі прыняў удзел у 2-й канферэнцыі, дзе выступіў супраць навязанага брыт. бокам асобнага прадстаўніцтва ніжэйшых каст у органах дзярж. улады. Вынікі «К.с.» к. скарыстаны пры распрацоўцы Закона аб кіраванні Індыяй (1935).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВЫ КАМІТЭ́Т ПА ПРАБЛЕ́МАХ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ (Scientific Committee on Problems of the Environment; СКОПЕ),
адзін з камітэтаў Міжнароднага савета навуковых саюзаў. Засн. ў 1969 з мэтай аб’яднання і каардынацыі міжнар. дзейнасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Займаецца зборам, апрацоўкай і распаўсюджваннем інфармацыі па зменах у навакольным асяроддзі пад уплывам дзейнасці чалавека і вывучае ўплыў гэтых змен на чалавека; распрацоўвае метадалогію ацэнкі параметраў навакольнага асяроддзя; забяспечвае аператыўнай інфармацыяй навук. цэнтры і арг-цыі па вывучэнні навакольнага асяроддзя і інш. У рабоце к-та прымаюць удзел 35 краін-членаў, 22 саюзы, навук. к-ты і асацыяцыі. Вышэйшы орган СКОПЕ — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады, паміж сесіямі асамблеі яго дзейнасцю кіруе выканаўчы к-т з прадстаўнікоў розных краін. У 1981 у Мінску адбыўся міжнар. семінар СКОПЕ—ЮНЕП паводле праекта «Дынаміка экасістэм пераўвільготненых зямель і малых прэснаводных вадаёмаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАГАРМО́НЫ (ад грэч.нейра... + гармоны),
біялагічна актыўныя рэчывы, што выпрацоўваюцца нейрасакраторнымі клеткамі нерв. тканкі беспазваночных і пазваночных жывёл і чалавека. Паступаюць у кроў, гемалімфу, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць, аказваюць дыстантнае падоўжанае рэгулюючае ўздзеянне: падтрымліваюць гамеастаз, у т. л. водна-салявы, рэгулююць тонус гладкай мускулатуры, метабалізм, функцыі клетак эндакрынных залоз. Прымаюць удзел у ажыццяўленні абаронча-прыстасавальных рэакцый арганізма. У пазваночных жывёл Н. сінтэзуюцца нейрасакраторнымі клеткамі гіпаталамуса (аксітацын, вазапрэсін і іх аналагі, рылізінг-гармоны, дафамін, норадрэналін, сератанін), спіннога мозга (уратэнзіны), клеткамі эпіфіза (сератанін і мелатанін), клеткамі храмафіннай тканкі мазгавога рэчыва наднырачнікаў, парагангліяў, гангліяў і нерв. ствалоў перыферычнай вегетатыўнай нерв. сістэмы (норадрэналін і адрэналін). Паводле хім. прыроды Н. — катэхаламіны, поліпептыды, 5-оксітрыптамін (сератанін) і яго вытворнае мелатанін. У сакраторных гранулах Н. звязаны з бялкамі-носьбітамі (напр., вазапрэсін і аксітацын — з нейрафізінамі, а катэхаламіны — з хромагранінам). Гл. таксама Нейрасакрэцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛА ((Polo) Марка) (каля 1254, г. Венецыя, Італія — 8.1.1324),
італьянскі падарожнік. У 1271 разам з бацькам і дзядзькам (венецыянскія гандляры) адправіўся ў Кітай праз М.Азію, Іранскае нагор’е, Памір, пустыні Такла-Макан і Гобі. У Кітаі пражыў каля 17 гадоў, быў на службе ў манг. хана Хубілая. Па яго даручэннях пабываў амаль ва ўсіх абласцях краіны. У 1292 пакінуў Кітай морам цераз Малаку, Яву, Суматру, Цэйлон, Персію і вярнуўся ў Венецыю ў 1295. Прымаў удзел у вайне Венецыі з Генуяй. Каля 1297 трапіў у палон да генуэзцаў. Яго расказы аб падарожжах запісаны пізанцам Рустычана і змешчаны ў «Кнізе» Марка Пола (1298) — адной з першых еўрап. крыніц па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі краін Усходу.
Тв.:
Рус.пер. — «Книга» Марко Поло. М., 1956.
Літ.:
Харт Г. Венецианец Марко Поло: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Міхал Гедэон) (паводле метрыкі Міхал Геранім Кароль; 24.9.1778, Варшава —24.5.1850),
галоўнакамандуючы ў паўстанні 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Сын М.Г.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ва ун-це Гётынгена. У 1807 уступіў у польскае войска Напалеона I, камандаваў Паўн. легіёнамі. Як ген. брыгады ўдзельнічаў у вайне 1812 з Расіяй у складзе корпуса Ж.Макданальда, у т. л. ў баях за Дзвінск. Служыў у войску Каралеўства Польскага. З 1822 сенатар-кашталян, з 1825 сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30.11.1830 увайшоў у склад пашыранай Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага. Выступаў за поўную аўтаномію Каралеўства Польскага. Падтрымліваў дыктатуру ген.Ю.Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20.1.1831 сейм абраў Р. галоўнакамандуючым. Р. прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 зняволены ў Яраслаўлі. За ўдзел у паўстанні яго бел. маёнткі канфіскаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́Н (грэч. Solōn; паміж 640 і 635 — каля 559 да н.э.),
афінскі (Стараж. Грэцыя) палітычны дзеяч, рэфарматар. Паходзіў са збяднелага арыстакратычнага роду Кадрыдаў. Пасля абрання ў 594 на пасаду архонта ажыццявіў шэраг рэформ у інтарэсах афінскага дэмасу: скасаваў пазыковае рабства, уніфікаваў меры вагі і грашовую сістэму, увёў закон пра свабоду завяшчання і інш. Ранейшы падзел грамадзян паводле родавага паходжання С. замяніў на 4 маёмасныя разрады (філы), якія вызначалі правы і абавязкі грамадзян паводле памераў прыбытку. Усе грамадзяне атрымалі права браць удзел у эклесіі (нар. сход). Заснаваў новы орган кіравання — Раду 400, куды выбіралася па 100 чал. ад кожнай з 4 разрадных філ, і геліэю (суд прысяжных). Рэформы С. сталі важным этапам на шляху ўсталявання афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. С. — адзін з першых атычных паэтаў. Стараж. грэкі прылічалі яго да «сямі мудрацоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі
(А.Р.Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.Г.Кнорын),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.Х.Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.І.Вайнштэйн); агр. пытанне (А.С.Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.Ш.Ходаш); асвета і задачы партыі (С.З.Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.П.Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНКБССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах.эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБКП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.
Літ.:
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.
нямецкі палітычны дзеяч, кіраўнік і тэарэтык ням. сацыял-дэмакратыі. На пач. 1860-х г. уключыўся ў рабочы рух, пад уплывам В.Лібкнехта стаў марксістам. У 1867 выбраны прэзідэнтам Аб’яднання ням. рабочых саюзаў. Адстойваў рэв.-дэмакр. шлях аб’яднання Германіі, вёў барацьбу супраць ласальянцаў, якія падтрымлівалі палітыку Бісмарка на аб’яднанне краіны «зверху». У 1869 на з’ездзе ў Айзенаху пад кіраўніцтвам Бебеля і Лібкнехта была створана с.-д. рабочая партыя Германіі. Выступаў супраць вайны з Францыяй, за што быў абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і ў 1872—74 зняволены. Прымаў удзел у Гоцкім аб’яднаўчым з’ездзе ласальянскага Усеагульнага герм. рабочага Саюза і с.-д. рабочай партыі Германіі (1875) і прыняцці Гоцкай праграмы. Арганізатар і кіраўнік 2-га Інтэрнацыянала (1889). Прапагандаваў і абгрунтоўваў матэр. разуменне гісторыі, распрацоўваў праблемы асветы, маралі, жаночыя пытанні. Аўтар прац «Жанчына і сацыялізм» (1883), «З майго жыцця» (1910—14).