ДУБІ́НСКІ Сяргей Антонавіч [13(25).10.1884, в. Наройкі Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер у Бельска-падляскім ваяв., Польшча — 27.8.1937], бел. археолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Працаваў настаўнікам. З 1925 чл. гіст.-археал. камісіі, з 1928 навук. супрацоўнік Інбелкульта, з 1929 у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1933 у Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (Ленінград). Даследаваў помнікі ранняга жал. веку і эпохі сярэдневякоўя, курганныя старажытнасці ў Бельскім пав., гарадзішчы і могільнікі на Бабруйшчыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Мазыршчыне, Міншчыне. У 1926—28 вывучаў гарадзішчы Банцараўшчына і Чаркасова. Склаў і выдаў першую «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін» (1933), у якую ўключыў працы па дакласавым грамадстве, раннім феадалізме, нумізматыцы, сфрагістыцы, архітэктуры абарончых збудаванняў. Беспадстаўна рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1958.

Літ.:

Каробушкіна Т.М. Археолаг С.​А.​Дубінскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1986. № 4.

Т.​М.​Каробушкіна.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Мікалай Львовіч (н. 30.12.1948, г. Брэст),

бел. і польскі гісторык. Канд. гіст. н. (Мінск, 1977), доктар габілітаваны (Вроцлаў, 1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1971). З 1973 працаваў у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1985 дацэнт Вроцлаўскага, з 1991 праф. Іерусалімскага ун-таў. З 1992 супрацоўнік радыё «Свабода» (Прага). Даследуе нац. палітыку ў БССР і СССР, развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў міжваен. перыяд, праблему ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у 1939, гісторыю яўрэяў у Беларусі. Аўтар кніг «Палякі ў Савецкім Саюзе ў 1921—1939 гг.» (Вроцлаў, 1990), «Першы пакараны народ. Палякі ў Савецкім Саюзе, 1921—1939» (Варшава; Вроцлаў, 1991), «Першы пакараны народ. Сталінізм і ягоны стасунак да польскага насельніцтва на крэсах (1921—1938)» (Варшава, 1991).

Тв.:

Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1980.

Л.​П.​Мірачыцкі.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЧМЕЛЬ Іосіф Фадзеевіч (1907 — сак. 1942),

бел. гісторык. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т. У 1935—41 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну. Асн. навук. працы прысвечаны нац.-вызв. барацьбе бел.народа. Лічыў, што нац. і рэліг. прыгнёт бел. народу з боку польскіх паноў падштурхнуў яго да ўз’яднання з Расіяй, спрыяў аб’яднанню яго нац.-вызв. і антыфеад. барацьбы ў адзіную плынь. Сял. рух пач. 1860-х г. і паўстанне 1863—64 звязаў з сял. рэформай 1861. Лічыў К.​Каліноўскага найб. радыкальным правадыром паўстання, выразнікам і абаронцам інтарэсаў прыгнечанага сялянства. Даследаваў барацьбу бел. народа супраць польскіх акупантаў у грамадз. вайну. Аўтар працы «Нарыс гісторыі барацьбы беларускага народа супраць польскіх паноў» (1940).

Літ.:

Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.

М.​У.​Токараў.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНІ́ЦКІ Рычард Вікенцьевіч (28.7.1886, фальварак Селігоры, цяпер Полацкі р-н Віцебскай вобл. — 29.1.1956),

бел. гісторык-архівіст, крыніцазнавец. Вучыўся ў Пецярб. ун-це (1904—06). Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Жыў у Кракаве, Віцебску, Варшаве, з 1918 у Вільні, з 1921 супрацоўнік Дзярж. архіва ў Вільні, з 1939 яго дырэктар, адначасова з 1923 выкладчык Віленскага ун-та (з 1938 праф.). Пасля 2-й сусв. вайны працаваў у Гданьску і Торуні, займаўся гісторыяй архіва- і крыніцазнаўства. Упершыню ўвёў курс архівазнаўства ў Віленскім ун-це (1923) і распрацаваў курс лекцый па архівістыцы для ВНУ. Сабраў матэрыялы па гісторыі Полацкай губ. Вывучаў помнікі пісьменнасці ВКЛ. Аўтар прац «Віленская археаграфічная камісія (1864—1915)» (1925), «Дыярыуш вайсковай Варшаўскай рады з 1710 г.» (1928), «Архіў даўніх актаў у Віцебску, 1852—1903» (1939) і інш.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 11, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКО́РСКІ Усевалад Міхайлавіч (10.10.1923, в. Хутар Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 22.12.1981),

бел. гісторык і філосаф. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р філас. н. (1967), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1949), Рэсп. парт. школу (1948). З 1944 супрацоўнік Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны, з 1948 на журналісцкай працы, з 1953 у БДУ (з 1961 заг. кафедры, адначасова ў 1972—78 рэктар, гал. рэдактар зб. «Пытанні гісторыі КПСС»). Аўтар прац па праблемах міжнар. камуніст. руху, гісторыі КПСС, адзін з аўтараў «Курса лекцый па гісторыі КПСС» (ч. 1—2, 1971). Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975-80.

Тв.:

Мировой революционный процесс и современный социал-реформизм. Мн., 1965;

Карл Маркс — великий учитель и вождь пролетариата. Мн., 1968;

КПСС на этапе развитого социализма Мн., 1975;

Партия класса, партия народа. Мн., 1980.

У.​К.​Коршук.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́ПАЎ Валерый Віктаравіч (н. 26.5.1946, г. Брэст),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі Нац. АН (з 1993 гал. навук. супрацоўнік). Навук. працы па оптыцы, акустыцы, фотаакустыцы, гісторыі бел. мастацтва. Устанавіў асаблівасці адбіцця і пераламлення эл.-магн. хваль на межах анізатропных асяроддзяў, новы від канічнай рэфракцыі аптычных і акустычных хваль у асяроддзях з натуральнай ці вымушанай гіратрапіяй. Прапанаваў новыя метады даследавання анізатропных, слаістых і слаіста-анізатропных паглынальных асяроддзяў.

Тв.:

Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976 (разам з Ф.​І.​Фёдаравым);

Достижения физической оптики в Белоруссии. Мн., 1979 (разам з Б.​В.​Бокуцем);

Расщепление пучка при полном отражении, обусловленное ограниченностью среды (разам з М.​М.​Пунько) // Письма в ЖЭТФ. 1984. Т. 39, вып. 1;

Скульптура // Гісторыя беларускага мастацтва. Мн., 1988. Т. 2.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДА́Р Ягор Цімуравіч (н. 19.3.1956, Масква),

расійскі дзярж. і грамадскі дзеяч, эканаміст. Унук пісьменніка А.Гайдара. Скончыў Маскоўскі ун-т, д-р эканам. навук. З 1980 працаваў ва Усесаюзным НДІ сістэмных даследаванняў, у 1985—87 вядучы навук. супрацоўнік Ін-та эканомікі і прагназавання навук.-тэхн. прагрэсу АН СССР, у 1987—90 на журналісцкай рабоце. У 1990 — 91 дырэктар Ін-та эканам. палітыкі Акадэміі нар. гаспадаркі СССР, у 1991 — 92 нам. Старшыні ўрада РСФСР па пытаннях эканам. палітыкі, міністр эканомікі і фінансаў, з лют. 1992 — міністр фінансаў, 1-ы нам. Старшыні ўрада па эканам. рэформе, выконваючы абавязкі Старшыні ўрада Рас. Федэрацыі. У 1992 і з 1994 дырэктар Ін-та эканам. праблем пераходнага перыяду. У 1993—94 1-ы нам. Старшыні ўрада Расіі, міністр эканомікі. Старшыня партыі «Дэмакратычны выбар Расіі» (з 1994). У 1993—95 дэпутат Дзярж. думы. Гайдар пачаў практычнае ажыццяўленне курсу на рэфармаванне рас. эканомікі.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ Уладзімір (20.6.1908, г. Краснадар, Расія — 7.4.1962),

бел. і польскі археолаг. Скончыў Віленскі ун-т (1932), працаваў у яго археал. музеі. З 1944 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР, у 1946—62 праф. Тарунскага і Вроцлаўскага ун-таў, кіраўнік Вроцлаўскага аддз. Ін-та археалогіі Польскай АН. У 1935—39 з жонкаю Г.Цэгак-Галубовіч працаваў на археал. раскопках у Глыбоцкім, Міёрскім, Навагрудскім, Пастаўскім і інш. раёнах, склаў археал. карты гэтых тэрыторый. Даследаваў стараж. Вільню, Мінск, апрацоўваў матэрыялы раскопак Гродна, вывучаў ганчарную вытв-сць у Зах. Беларусі. Даследаваў помнікі ў Зах. Польшчы (г. Аполе) і Германіі. Займаўся этнаграфіяй і тапанімікай.

Тв.:

Кривой город — Вильно (разам з Г.​Галубовіч) // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры. М.; Л., 1945. Вып. 11;

Славянские поселения правобережной Дисны в Вилейском округе БССР (з ёй жа) // Тамсама;

Garncarstwo wiejskie zachodnich terenów Białorusi. Toruń, 1950.

Л.​Д.​Побаль.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НЯ Аляксандр Дзмітрыевіч (5.3.1895, в. Кашніцы Гродзенскага пав. — 27.8.1937),

бел. археолаг. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1915), БДУ (1929). З 1932 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў стаянкі палеаліту (Бердыж, Юравічы), гарадзішчы жал. веку (у т. л. Банцараўшчыну), помнікі розных эпох Тураўшчыны. У 1927 вёў раскопкі на гарадзішчы ў Тураве, выявіў першыя матэрыялы, характэрныя для стараж. горада. Вывучаў культуру плямён, якія жылі ў бас. Дняпра, на левых прытоках Прыпяці і Зах. Дзвіны. Збіраў матэрыялы для археал. карты Беларусі. У 1937 беспадстаўна арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958.

Тв.:

Археалагічныя разведкі ў Магілёўскай, Бабруйскай і Мінскай акругах // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930 Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Матэрыялы з дагісторыі Тураўшчыны (разам з С.​С.​Шутавым) // Там жа;

Археалагічныя росшукі ў вярхоўях рэк Друці, Усяж-Бук і Лукомкі // Пр. секцыі археалогіі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

А.​Дз.​Каваленя.

т. 7, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКАЯ Ніна Васілеўна (10.1.1914, г. Асіповічы Магілёўскай вобл. — 22.3.1986),

бел. гісторык. Чл.-кар. АН Беларусі (1959). Д-р гіст. н. (1959), праф. (1961). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыла Магілёўскі пед. ін-т (1937). З 1944 ст. навук. супрацоўнік, заг. сектара, нам. дырэктара, дырэктар (1965—69) Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1962—64 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КЛ(б)Б, у 1969—74 прарэктар, заг. кафедры гісторыі БССР Мінскага пед. ін-та. Даследавала праблемы гісторыі Беларусі, Кастр. рэвалюцыі і ўсталявання сав. улады, грамадзянскай вайны ў Беларусі, утварэння БССР.

Тв.:

Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мн., 1946;

Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мн., 1954;

Первые социалистические преобразования в Белоруссии. Мн., 1957;

Белорусский народ в борьбе за Советскую власть (1919—1920 гг.). Мн., 1963;

Становление народного образования в Белоруссии (1917—1920 гг.). Ми., 1980.

П.​Ц.​Петрыкаў.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)