КАКША́РАЎ Мікалай Іванавіч (5.12.1818, каля г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 2.1.1893),

расійскі мінералог-крышталёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1866). Скончыў Ін-т корпуса горных інжынераў у Пецярбургу (1840). Прымаў удзел у экспедыцыях англ. геолага Р.​І.​Мурчысана ў час яго наведвання Расіі. Дырэктар Горнага ін-та ў Пецярбургу (1872—81), праф. (1851—55). З 1865 дырэктар Мінералагічнага т-ва і рэдактар многіх тамоў «Запісак мінералагічнага т-ва». Асн. твор — «Матэрыялы для мінералогіі Расіі» (т. 1—6, 1852—77). Вылічыў крышталеграфічныя канстанты, якія пакладзены ў аснову марфал. характарыстык многіх мінералаў.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЭЙ, Мары (Murray) Джон (3.3.1841, г. Коберг, Канада — 16.3.1914), англійскі акіянограф і прыродазнавец. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў Эдынбургскі ун-т. У 1872 удзельнічаў у англ. кругасветнай экспедыцыі на «Чэленджэры» пад кіраўніцтвам Ч.​Томсана. Рэдактар 50-томнай справаздачы экспедыцыі і аўтар агульнага апісання рэйса і марскіх донных адкладаў. У 1880 і 1882 вывучаў Фарэрскі праліў, у 1906 правёў батыметрычную здымку прэснаводных азёр Шатландыі. У 1910 разам з нарв. вучоным Ю.​Іортам арганізаваў акіянаграфічную экспедыцыю ў паўн. ч. Атлантычнага ак. і ў сааўт. з ім напісаў кнігу «Глыбіні акіяна» (1912).

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́ТКЛИКИ»,

грамадска-паліт. і літ. газета радыкальнага кірунку. Выдавалася 1(14).1 і 2(15).4.1912, з 24.1(6.2).1914 да 19.4(2.5).1915 у Гомелі на рус. мове спачатку штотыднёва, а з № 25 за 1914 штодзённа. Рэдактар-выдавец М.І.Кулябка-Карэцкі, ён жа аўтар большасці матэрыялаў. Газета была ў апазіцыі да царызму, неаднаразова падвяргалася суд. спагнанням, выходзіла з перапынкамі. Крытыкавала паліцэйска-бюракратычны рэжым, засілле цэнзуры. У арт. «Сацыялісты і вайна» выступіла супраць імперыял. вайны. Асвятляла літ. жыццё Гомеля, асабліва т.зв. «Літаратурныя суды» — канферэнцыі чытачоў, прысвечаныя папулярным творам.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЦІ́НІ (Pertini) Алесандра (Сандра; 25.9.1896, Стэла, Італія — 24.2.1990),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. З 1918 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП). У 1927—35 зняволены, у 1935—43 сасланы за антыфаш. дзейнасць. У 1943 разам з П.Нэні і Дж.Сарагатам удзельнічаў у аднаўленні ІСП. У канцы 2-й сусв. вайны адзін з кіраўнікоў італьян. руху Супраціўлення. У 1945—46 і 1950—52 гал. рэдактар органа ІСП газ. «Avanti» («Наперад»). З 1948 сенатар, у 1953—78 дэп. парламента, у 1968—73 прэзідэнт палаты дэпутатаў. У 1978—85 прэзідэнт Італіі. З 1985 пажыццёвы сенатар.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ (Rambaud) Альфрэд (2.7.1842, г. Безансон, Францыя — 10.11.1905),

французскі гісторык, дзярж. дзеяч. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1897), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1864). З 1881 праф. Сарбоны. У 1895—1903 сенатар, у 1896—98 міністр нар. адукацыі. Даследаваў паліт. гісторыю (у асн. Візантыі, Расіі, Германіі) і гісторыю міжнар. адносін. Прыхільнік франка-рус. збліжэння і актывізацыі Францыі ў сферы каланіяльнай палітыкі. Рэдактар (разам з Э.​Лавісам) шматтомнай калект. працы «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЫ́ДАЎ Шараф Рашыдавіч (6.11.1917, г. Джызак, Узбекістан — 6.11.1983),

партыйны і сав. дзеяч Узбекістана, пісьменнік. Скончыў Узб. ун-т у Самаркандзе (1941), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1948). Настаўнічаў. З 1935 на журналісцкай працы, у 1943—49 рэдактар газет «Ленін юлы» («Ленінскі шлях») і «Кзыл Узбекістон» («Чырвоны Узбекістан»). У 1949—50 старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана. З 1950 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета УзбССР. У 1959—83 першы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана. З 1961 кандыдат у чл. Прэзідыума (з 1966 Палітбюро) ЦК КПСС. Аўтар вершаў і празаічных твораў.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАГО́РСКІ (сапр. Пяцігорскі) Аляксандр Паўлавіч

(26.2.1910, г. Днепрапятроўск, Украіна — 6.1.1987),

віяланчэліст, педагог. Праф. (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934). З 1936 выкладаў у Маскоўскай, Уральскай, Горкаўскай, у 1954—62 Бел. кансерваторыях. З 1963 у Маскоўскім муз.-пед. ін-це імя Гнесіных. Першы выканаўца прысвечаных яму канцэртаў для віяланчэлі з арк. А.​Багатырова, В.​Залатарова, А.​Масалова, рэдактар твораў бел. кампазітараў М.​Аладава, Багатырова, Залатарова і інш. Пісаў выканальніцкія і тэксталагічныя творы для віяланчэлі. Аўтар артыкулаў па праблемах методыкі ігры на віяланчэлі. Лаўрэат 3-га Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1937).

М.​С.​Шчарбакоў.

т. 15, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́НДЭР-ПЕ́ТЭРСЕН (Stender-Petersen) Адольф (21.7.1893, С.-Пецярбург — 16.4.1963),

дацкі славіст. Чл. Польскай АН (з 1962). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1923 праф. Тартускага ун-та, з 1931 — ун-та ў Орхусе (з 1941 заг. кафедры славістыкі). Заснавальнік Т-ва сканд. славістаў (1951). У 1954—63 рэдактар час. «Scando-Slavica» («Сканда-Славіка»). Даследаванні ў галіне славяна-германскіх запазычанняў, рус. мовы. Аўтар прац пра польскі т-р, рус. класічную л-ру. У «Гісторыі рускай літаратуры» (ч. 1—3, 1952), імкнучыся раскрыць заканамернасці літ. працэсу, аналізаваў форму і стыль, прыцягваў сацыялагічныя звесткі.

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕ́БУТ Іван Аляксандравіч (12.2.1833, г. Вял. Лукі Пскоўскай вобл., Расія — 20.10.1923),

рускі і бел. вучоны-аграном, адзін з заснавальнікаў раслінаводства на Беларусі. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1854), з 1860 праф. гэтага ін-та. У 1865—94 праф. Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі, узначальваў 1-ю ў Расіі кафедру раслінаводства. Навук. працы па апрацоўцы глебы, агратэхніцы палявых культур. Арганізатар першай у Расіі жаночай вышэйшай с.-г. навучальнай установы (Сцебутаўскіх курсаў). Заснавальнік і рэдактар журнала «Русское сельское хозяйство».

Тв.:

Изб. соч. Т. 1—2. М., 1956—57.

І.А.Сцебут.

т. 15, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫД (Fried) Альфрэд Герман (11.11.1864, Вена — 5.5.1921),

аўстрыйскі публіцыст і дзеяч пацыфісцкага руху. З 1891 выдаваў у Берліне пацыфісцкі час. «Die Waffen nieder» («Прэч зброю»). У 1892 адзін з заснавальнікаў Герм. т-ва міру (у 1903 выйшаў з яго з-за разыходжанняў у пытаннях тактыкі захавання міру). З 1894 рэдактар і выдавец час. «Die Friendenswarte» («Варта міру»). Выступаў з пазіцый фундаментальнага пацыфізму, супраць усялякай вайны. З пач. 1-й сусв. вайны эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе выдаў шэраг антываен. памфлетаў. Нобелеўская прэмія міру 1911 (з Т.Асерам).

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)