КАНЁНКАЎ (Сяргей Цімафеевіч) (10.7.1874, в. Караковічы Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 9.10.1971),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1958). Акад.АМСССР (1954). Герой Сац. Працы (1964). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—96), Пецярбургскай АМ (1899—1902). Экспанент «Свету мастацтваў», чл.Саюза рускіх мастакоў. Раннія творы вылучаюцца жанрава-апавядальным («Каменябоец», 1898) і манум.-абагульненым характарам («Самсон», 1902). У час рэвалюцыі 1905—07 выканаў некалькі абагульнена-сімвалічных партрэтаў яе ўдзельнікаў («Рабочы-баявік 1905 года Іван Чуркін»). З сярэдзіны 1900-х г. творчасці К. ўласцівы фальклорна-казачныя матывы («Стрыбог», «Дзядок-палевічок», абедзве 1910), пошукі нац., эстэт. і этычных ідэалаў праз вобраз дасканалага, гарманічнага чалавека («Ніке», 1906). Пасля 1917 удзельнічаў у ажыццяўленні плана манум. прапаганды (мемар. дошка «Загінуўшым у барацьбе за мір і брацтва народаў», 1918). У 1924—45 у ЗША, рабіў партрэты (М.Горкі, 1928, Ф.М.Дастаеўскі, 1933). Пасля вяртання на радзіму выканаў шэраг псіхалагічных партрэтаў (Ф.І.Шаляпін, 1952; аўтапартрэт, 1954 і інш.) і станковых кампазіцый, якім уласцівы рысы манументальнасці [«Вызвалены чалавек» («Самсон»), 1947]. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),
расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус.авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.П.Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.Лядава (1917), да «Блазна» С.Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.Хлебнікава, А.Кручоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСК,
вёска ў Гародзькаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Валожына, 100 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Валожын. 400 ж., 187 двароў (1999).
У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) згадваецца пад назвай Лошаск. Паводле археал. даследаванняў у 11—13 ст. тут існавала паселішча, у 14—18 ст. — Лоскі замак. У 1480 у Л. заснаваны касцёл. Уладанне Карыбутавічаў, Я.П.Мантыгірдавіча, Кішкаў, пры якіх дзейнічаў кальвінскі збор. У 1574 дзярж. дзеяч ВКЛ Я.Кішка заснаваў Лоскую друкарню. З канца 16 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. З 19 ст. ў Забрэжскай вол. Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 592 ж., 65 дамоў, 2 царквы, касцёл. З 1921 у складзе Забрэжскай гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. У 1972—820 ж., 242 двары.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (1856), касцёл Сэрца Ісуса (1930). На тэр. вёскі — гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,
помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т. л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Аляксандр Васілевіч) (4.7.1874, с. Уладыкіна Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 19.3.1943),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1897—1900). Вучань С.Танеева і інш. З 1894 выкладаў у Маскве ў Нар. кансерваторыі (1912—18), Сінадальным вучылішчы (1915—23), Маскоўскай кансерваторыі (з 1928, з 1935 праф.). У 1923—31 працаваў у Дзярж. ін-це муз. навукі. Даследаваў рус.царк. спевы, нар. песенны фальклор. Аўтар прац «Формы рускіх царкоўных спеваў» (1915), «Кароткі нарыс гісторыі царкоўных спеваў у перыяд I—X стст.», «Голас і слых харавога спевака» (абедзве 1916). Адзін з першых у рус.хар. музыцы выкарыстаў вострагучальныя гарманічныя спалучэнні. Стварыў (разам з П.Часнаковым) новы від хар. партытуры з падзелам галасоў на дробныя тэмбравыя групы. Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Аўтар пераважна царк. музыкі, у т. л. «Літургіі Папярэднеасвечаных дароў» (1907), многіх песнапенняў, а таксама дзіцячых опер. хар. твораў, апрацовак нар. песень, у т. л.бел. «Ой, ляцелі гусі», «А ў лесе, лесе». «Дзе ты, хмелю, начаваў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага слоўніка, што змяшчае рады сінонімаў з тлумачэннямі і ілюстрацыйным матэрыялам, які пацвярджае правільнасць ужывання сінонімаў з іх тонкімі сэнсавымі і стылістычнымі адценнямі.
Задача С.с. — вылучэнне і апісанне часткі лексікі, звязанай паміж сабой сінанімічнымі адносінамі. Кожны сінанімічны рад у С.с. складае асобны артыкул. Размяшчаюцца артыкулы па алфавіце загалоўных (апорных) слоў, якімі пачынаюцца сінанімічныя рады Першыя С.с. ва ўсх.-слав. народаў з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст.Найб. раннія з іх — «Спроба расійскага саслоўніка» Дз.І.Фанвізіна (1783; 32 сінанімічныя рады) і «Спроба слоўніка рускіх сінонімаў» П.Ф.Калайдовіча (1818; 77 сінанімічных радоў).
У бел. філалогіі ўпершыню створаны «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкам (1976, 2-е выд. 1993). Ахоплівае каля 1900 сінанімічных радоў (больш за 11 тыс. слоў сучаснай бел. мовы). Асаблівасць яго: не вызначае сэнсавых адценняў, уласцівых словам сінанімічных радоў, а абмяжоўваецца прывядзеннем да кожнага з іх прыкладаў з маст. л-ры, фальклору, перыяд. друку. У канцы слоўніка прыводзіцца індэкс (алфавітны паказальнік слоў, што ўваходзяць у сінанімічныя рады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКАЗО́ВІЧ ((Białokozowicz) Базылі) (н. 2.1.1932, в. Відова Беластоцкага ваяв., Польшча),
польскі літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1972). Ганаровы д-р С.-Пецярбургскага ун-та (1981). Скончыў філал. (1956) і гіст. (1957) ф-ты Ленінградскага ун-та. З 1957 выкладчык Варшаўскага ун-та, з 1973 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН, з 1992 у Апольскім пед. ін-це. З 1976 віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі выкладчыкаў рус. мовы і л-ры. Даследуе бел. л-ру 19 ст., творчасць польска-бел. пісьменнікаў, узаемасувязі польскай, бел., рус., укр. і літоўскай л-р, бел. матывы ў польскай і польскія ў бел. л-рах. Аўтар манаграфій «З гісторыі ўзаемных польска-рускіх літаратурных сувязяў у XIX стагоддзі» (1971), «Мар’ян Здзяхоўскі і Леў Талстой» (1995). Бел. тэматыцы прысвечаны яго арт. «Беларуская мова і польская культура» (1957), «Слаўныя людзі Падляшша: Міхась Баброўскі» (1958), «Вялікі сябар беларусаў Тадэвуш Урублеўскі» (1963), «Адам Міцкевіч і Аляксандр Герцэн аб літаграфіі «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб») Юзафа Азямблоўскага» (1967). Склаў анталогію «Польшча ў савецкай паэзіі» (1977), куды ўключыў вершы Я.Коласа, Я.Пушчы, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, А.Лойкі, Е.Лось, Я.Сіпакова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЧАНСКАЯ БІТВА 1812 Адбылася ў ходзе вайны 1812 31 ліп.
(12 жн.) каля вёсак Гарадзечна і Паддубна (цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.) паміж рус. 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасава і напалеонаўскімі карпусамі (аўстрыйскім К.Ф.Шварцэнберга і 7-м саксонскім Ж.Л.Рэнье). 25 ліп. (6 жн.) Шварцэнберг атрымаў загад Напалеона ўзначаліць усе войскі на паўд. напрамку і адкінуць рускіх на Валынь. У баях 27 ліп. (8 жн.) пад в. Сягневічы і 29 ліп. (10 жн.) у Пружанах аўстрыйцы і саксонцы разбілі рускія авангарды і выйшлі да Гарадзечна, куды 30 ліп. (11 жн.) падышла ўся армія Тармасава. На працягу дня 31 ліп. (12 жн.) рускія (каля 20 тыс.чал.),
заняўшы абарону на правым беразе ручая Гарадзечна, стрымлівалі атакі аўстра-саксонскага войска (каля 38 тыс.чал.). Увечары, калі Шварцэнберг перакінуў на правы фланг свежую кав. брыгаду, рускія пачалі адыход. Звесткі пра страты супярэчлівыя: кожны бок свае страты акрэслівае прыблізна ў 1,5 тыс.чал., а страты праціўніка ў 3—5 тыс. У выніку Гарадзечанскай бітвы рус. армія цалкам пакінула тэр. Гродзенскай губ. У памяць бітвы каля в. Паддубна ў 1912 пабудавана капліца (разбурана ў Вял.Айч. вайну), у 1962 пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКІ ((Dąbrowski) Яраслаў) (13.11.1836, г. Жытомір, Украіна — 23.5.1871),
дзеяч польск. і міжнар.рэв. руху. Вучыўся ў кадэцкіх карпусах у Брэсце (1845—53) і Пецярбургу (1853—55), Акадэміі генштаба ў Пецярбургу (1859—61). З 1855 у рас. арміі. Удзельнік Каўказскай вайны 1817—64. Разам з З.Серакоўскім узначальваў рэв. арг-цыю ў Пецярбургу (у яе ўваходзілі браты К. і В.Каліноўскія і інш. выхадцы з Беларусі і Літвы), прапагандаваў ідэі рус.-польск. рэв. саюзу. З 1862 у Варшаве, кіраўнік «чырвоных». Чл.Цэнтр.нац.к-та. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. Правёў нарады ў Вільні з рэвалюцыянерамі Літвы і Беларусі, абавязаўся прадстаўляць іх інтарэсы ў Варшаве. Разлічваючы на спрыяльную сітуацыю і падтрымку рас.рэв. сіл, распрацаваў план неадкладнага ўзбр. паўстання, які адхілілі правыя. У жн. 1862 арыштаваны, з турмы кіраваў падрыхтоўкай паўстання 1863—64. У канцы 1864 уцёк па дарозе на катаргу, выехаў за мяжу. Адзін з лідэраў польск. дэмакр. эміграцыі, кантактаваў з А.І.Герцэнам, Дж.Гарыбальдзі. Генерал і галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Парыжскай камуны 1871, загінуў у баі з версальцамі. Аўтар шэрагу ваен.-тэарэт.прац.