ТЭЛЕТА́ЙП (ад тэле... + англ. type друкаваць на машынцы),
прыёма-перадавальны літара- і лічбадрукавальны электронна-мех. тэлеграфны стартстопны апарат з клавіятурай, як у пішучай машынкі. Выкарыстоўваецца як канцавое прыстасаванне ў сетках абаненцкага тэлеграфавання для перадачы паведамленняў па каналах сувязі (тэлетайпнай сетцы), а таксама ў якасці прыстасавання ўводу-вываду інфармацыі (тэрмінала) ва ўстройствах вылічальнай тэхнікі. У час Прыёму запіс (друкаванне) паведамленняў робіцца аўтаматычна на рулоннай паперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАКСІМІ́ЛЬНЫ АПАРА́Т, фотатэлеграфны апарат,
апарат для перадачы і прыёму відарысаў нерухомых плоскіх арыгіналаў (друкаваных, рукапісных). Асн. вузлы перадавальнага Ф.а.: аналізавальная сістэма для парадковага пераўтварэння відарыса арыгінала ў відэасігнал; мадулятар, які пераўтварае відэасігнал у форму, зручную для перадачы па канале сувязі. Ф.а. для прыёму мае электронны вузел вылучэння (дэтэктыравання) відэасігналу і прыстасаванне для рэгістрацыі прынятага відарыса фатагр., электрахім. ці інш. спосабам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАГАМЕ́Р,
1) прылада для вымярэння шагу разьбы (адлегласці паміж суседнімі аднайм. бакавымі старанамі яе профілю) або шагу цыліндрычных зубчастых колаў (адлегласці паміж аднайм. профілямі іх суседніх зубцоў).
2) Прылада ў выглядзе кішэннага гадзінніка, якая аўтаматычна адлічвае колькасць крокаў чалавека для прыблізнай ацэнкі пройдзенай ім адлегласці.
Накладны шагамер для кантролю шагу зубчастых колаў: 1 — кола, шаг якога вымяраецца; 2—4 — вымяральныя наканечнікі; 5 — двухбаковае вымяральнае прыстасаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФО́Н (ад тэле... + ...фон),
1) электраакустычная прылада для пераўтварэння эл. сігналаў у гукавыя. Бываюць эл.-магн., электрадынамічныя і п’езаэлектрычныя.
У найб. пашыраных эл.-магн. Т. ваганні мембраны ўзнаўляюць гук пад уздзеяннем эл.магн. поля, узбуджанага эл. токамі тэлеф. сігналаў. Т. з’яўляюцца састаўной часткай тэлефонных апаратаў, камутатараў, прылад для аўдыяметрыі, прыёмна-перадавальных радыёстанцый і інш.; галаўныя Т. (навушнікі) выкарыстоўваюцца для праслухоўвання праграм быт. гукаўзнаўляльнай апаратуры (напр., плеераў, радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў).
2) Радыётэлефон — пераноснае прыёмна-перадавальнае прыстасаванне з далёкасцю дзеяння да 10 км, а таксама аўтамаб. і стацыянарнае прыстасаванне радыётэлефоннай сувязі з далёкасцю да 40—500 км (гл.Тэлефонная радыёсувязь). Хатні радыётэлефон мае аўтаномную тэлефонную трубку з мініяцюрным прыёмаперадатчыкам, які працуе на той жа хвалі, што і прыёмаперадатчык у корпусе тэлефоннага апарата, падключанага да тэлефоннай сеткі. Працуе на адлегласці да 1 км і больш.
3) Мабільны Т. — канцавая прылада сотавай радыёсувязі.
4) Пашыраная быт. назва тэлеф. апарата і нумара тэлеф. апарата абанента.
Тэлефон: а — прынцып дзеяння (1 — мікрафон, 2 — лінія сувязі; 3 — тэлефон); б — канструкцыя электрамагнітнага тэлефона (1 — накрыўка корпуса з адтулінамі; 2 — мембрана; 3 — абмоткі электрамагніта; 4 — пастаянны магніт); в — сучасны тэлефон-трубка (1 — дыяфрагма; 2 — шпуля; 3 — электрамагніт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАМАНІТО́Р, манітор,
прыстасаванне для візуальнага кантролю якасці тэлевізійнага відарыса ў розных пунктах тракту яго перадачы (напр., на выхадзе перадавальнай тэлевізійнай камеры). Бывае: чорна-белы і каляровы; малагабарытны, пераносны і універсальны. На відэаманітор падаецца відэасігнал, каляровы відэасігнал, сігналы асн. колераў (або яркасны і два колерарознасныя сігналы). Відэаманітор для кантролю амплітуды і фазы сігналаў у каляровых сістэмах ПАЛ і НТСЦ наз.вектараскопам. Выкарыстоўваецца ў відэакамерах, на тэлецэнтрах, прыкладных тэлевізійных устаноўках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЕ́Я (ад лац. vinea асадны навес),
прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася стараж.-рым. арміяй у час аблогі ўмацаванняў. Уяўляла сабой лёгкае збудаванне на катках са сценамі і дахам з плеці або дошак, накрытымі шкурамі або дзёрнам. Бакавыя сцены мелі дзверы і амбразуры. У час руху вінеі да ўмацавання або сцяны крэпасці ззаду прыстаўляліся іншыя вінеі — атрымліваўся крыты ход. Наперадзе ставілася вінея большага памеру з нахіленым шчытом спераду, прызначаная для размяшчэння тарана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРА́НТ (ад грэч. hydōr вада),
стацыянарнае прыстасаванне для адбору вады са знадворнай водаправоднай сеткі. Адрозніваюць гідранты пажарныя (найб. пашыраныя), паліўныя і прамыўныя; падземныя (размяшчаюцца ў закрытых накрыўкамі калодзежах) і наземныя (сумяшчаюцца з водаразборнымі калонкамі). Для далучэння пажарных рукавоў, гнуткіх шлангаў з наканечнікамі на падземны гідрант накручваецца пажарная калонка, якая мае патрубкі з вентылямі (у наземнага гідранта пажарная калонка стацыянарная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЫ́ЦЕЛЬ,
прыстасаванне для зніжэння шуму рухавікоў, вентылятараў, машын, а таксама збудаванняў, куды шум пранікае праз паветра- і газаправоды. Бываюць актыўныя, рэактыўныя і інтэрферэнцыйныя. Актыўны глушыцель — трубаправод з гукаізаляцыйнымі матэрыяламі ўсярэдзіне. Рэактыўны мае ўнутр. перагародкі з адтулінамі ці рэзкія звужэнні і расшырэнні трубаправода; ставіцца на аўтамабілях, матацыклах. У інтэрферэнцыйных глушыцелях струмень газу накіроўваецца па 2 трубах рознай даўжыні, каб гукавыя хвалі розніліся па фазе і пры накладанні гасілі адна адну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е КО́ЛА,
прыстасаванне ў выглядзе кола з лопасцямі, якое прыводзіцца ў дзеянне энергіяй патоку вады; самы просты гідраўлічны рухавік. Бывае ніжнябойнае (падліўное), сярэднябойнае і верхнябойнае (наліўное). Магутнасць да дзесяткаў кілават. Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у сістэмах арашэння (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), на Беларусі — для прыводу ў дзеянне вадзяных млыноў, машын і механізмаў дробных вытв-сцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПО́МПА,
прыстасаванне для стварэння і падтрымання вакууму. Бываюць форвакуумныя (поршневыя, пласцініста-ротарныя, залатніковыя), бустэрныя (двухротарныя, параструменныя), высокавакуумныя (дыфузійныя, турбамалекулярныя), звышвысокавакуумныя (крыягенныя, магнітныя электраразрадныя). Асн. параметры вакуумнай помпы — гранічны астаткавы ціск (у паскалях) і хуткадзеянне (літы за секунду). Выкарыстоўваюцца пры вытв-сці асвятляльных лямпаў, кінескопаў, касм. апаратаў, пры нанясенні вакуумных пакрыццяў, у вакуумнай металургіі, харч. прам-сці і інш.
Механічныя вакуумныя помпы: а — вярчальная двухступенная пласцініста-ротарная; б — двухротарная.