БРАК ((Braque) Жорж) (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),
французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г.паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА,
прадпрыемства са спецыяльна абсталяванай печчу для смалакурэння, гонкі дзёгцю, выпальвання драўніннага вугалю, вытв-сці попелу паташу. Былі пашыраны ў 15 — сярэдзіне 19 ст., у асн. у лясістых усх. і паўд. частках Беларусі (Падняпроўе і Палессе). Належалі пераважна буйным землеўладальнікам і лесапрамыслоўцам. Асн. катэгорыямі рабочых на будзе былі буднікі; абслуговы персанал — конюхі, кавалі, бондары, цагельнікі і інш.; адм. апарат — атаман, пісар, казначэй (шафар) і наглядчык (дазорца). На тэр. буды размяшчаліся вытв. ўчастак, склады для сыравіны і гатовай прадукцыі, памяшканні для адміністрацыі і абслуговага персаналу. З сярэдзіны 19 ст. ў сувязі са скарачэннем сыравіннай базы і паніжэннем попыту на прадукцыю буды паступова пачалі знікаць. У 19 ст. лепш абсталяваныя буды часцей называліся смалярнямі ці смалакурнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1910—18 у Віцебску. Засн. паводле завяшчання мсціслаўскага ваяводы І.Гільзена (памёр у 1786), нашчадкі якога сродкі ад атрыманых прыбыткаў павінны былі накіроўваць на «пашырэнне навук і выхаванне беднага высакароднага юнацтва». Паколькі ўмовы завяшчання не выконваліся, мін-ванар. асветы і Віцебская мужчынская гімназія ў 1907 праз суд спагналі 200 тыс.руб., палавіна гэтых сродкаў была накіравана на адкрыццё вучылішча. Былі набраны хлопчыкі ў падрыхтоўчы і 2 першыя класы. Старэйшыя класы адкрываліся паступова (па аднаму штогод). Поўны склад навучэнцаў набраны ў 1916 (93 чал.). Тэрмін навучання 7 гадоў. Дырэктар вучылішча В.К.Краснянскі. Выкладаліся: матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, чарчэнне, маляванне, ням. і франц. мовы, механіка, тэхналогія, камерцыя. У 1917 адбыўся адзіны выпуск (72 чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНСКАЯ АПО́ВЕСЦЬ,
жанр стараж.-рус. літаратуры 11—17 ст. — свецкія гіст. творы (арыгінальныя і перакладныя) з апісаннямі ваен. паходаў і бітваў; адзін з відаў аповесці старажытнарускай. Услаўляла адвагу і гераізм, самаахвярную адданасць радзіме. Выдатны ўзор воінскай аповесці 12 ст. — «Слова пра паход Ігараў». У 13—14 ст. складаліся аповесці пра гераічную барацьбу ўсх. славян з мангола-татарамі («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.). На Беларусі перакладаліся і творча апрацоўваліся воінскія аповесці візантыйскія («Александрыя»), заходнееўрапейскія («Гісторыя пра Атылу») і рускія («Мамаева пабоішча»), Паступова выпрацаваліся і сталі традыцыйнымі пэўныя сюжэтныя схемы і стылістычныя формулы. Паэтыка воінскіх аповесцей спалучае кніжную літ. традыцыю з рысамі нар. гераічнага эпасу. Паўплывала на рус. і бел. летапісанне, на развіццё гіст. белетрыстыкі ўсх. славян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
сукупнасць сродкаў сацыяліст. вытворчасці, якія ўдзельнічаюць у вытв. цыклах і паступова, часткамі, па меры зношвання, пераносяць сваю вартасць на створаны прадукт; аснова матэрыяльна-тэхн. базы краіны. Уключаюць будынкі, збудаванні, абсталяванне, машыны, інструмент, вытв., гасп. інвентар, рабочую і прадукцыйную жывёлу, шматгадовыя пасадкі і інш.асн. фонды. У залежнасці ад ролі ў вытв. працэсе падзяляюцца на актыўныя (рабочыя машыны і абсталяванне, прылады, інструменты і інш.) і пасіўныя (будынкі, збудаванні, перадатачныя механізмы і гэтак далей). Суадносіны актыўных і пасіўных элементаў з агульнай вартасці асноўных вытворчых фондаў характарызуюць іх відавую (тэхнал.) структуру. Асноўныя вытворчыя фонды ўлічваюць у натуральным і вартасным (грашовым) выражэнні; ацэньваюць па першапачатковай, адноўленай і рэшткавай вартасці. У рыначнай эканоміцы Асноўныя вытворчыя фонды — асноўны капітал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,
1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).
2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБНА́Я РЭФО́РМА,
рэформа мясц. кіравання ў Расіі ў 16 ст. У ходзе яе на тэр.губы створаны органы самакіравання — губныя ўстановы, арганізацыю і кампетэнцыю якіх вызначалі губныя граматы (вядомы з 1539) і наказы. Складаліся з губных хат, на чале стаялі 2 губныя старосты, якім дапамагалі губныя цалавальнікі і паліцэйскія чыны, справаводства вялі дзячкі. Падпарадкоўваліся Разбойнаму прыказу. Губныя ўстановы вялі расследаванне асабліва небяспечных крымінальных злачынстваў, практыкавалі павальныя вобыскі і допыты, часта ўжывалі катаванні, а ў адносінах да вінаватых — смяротную кару і жорсткія пакаранні. З 2-й пал. 16 ст. губныя старосты выконвалі і адм. абавязкі (адвядзенне зямель, межаванне і інш.). Пасля ўвядзення ў пач. 17 ст. ваяводскага кіравання, губныя ўстановы паступова пераходзілі пад кантроль ваявод. У 1669—84 скасаваны часова, у 1702 — канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,
гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіць да гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял. стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНА́ВА, Дайнова,
гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял.кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм.зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял.кн. літоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬЧЫ́НА (Dolcino; ? — 1.6.1307),
кіраўнік антыфеад. і антыцарк. паўстання ў паўн.-зах. Італіі ў 1304—07. Манах. Вучань і паслядоўнік Г.Сегарэлі, развіваў ідэі секты апастолікаў. У 1304 на чале вял. атрада сваіх узбр. прыхільнікаў (пераважна сялян) з’явіўся ў перадгор’ях П’емонта і авалодаў далінай р. Сезія, дзе меркаваў стварыць вольную сял. абшчыну. Рост шэрагаў паўстанцаў і разгром імі некалькіх карных атрадаў прымусілі рым. папу Клімента V летам 1305 абвясціць супраць іх крыжовы паход. Паступова паўстанцы адцеснены ў горы і блакіраваны сіламі крыжаносцаў. У выніку ген. бітвы 23.3.1307 каля в. Ставела паўстанцы разгромлены, Д. трапіў у палон і быў спалены на кастры.
Літ.:
Сушкевич Л.П. Восстание под руководством Дольчино // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.