ЧОРТ,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў; увасабляў адмоўныя, варожыя чалавеку сілы. Ч. ўяўлялі істотай, пакрытай поўсцю, з рожкамі, казлінай бародкай, хвастом і капытамі. Лічылі, што ён мог перакінуцца ў чалавека, ката, куль саломы і інш. Паводле нар. павер’яў, Ч. вельмі рухавы, звычайна жыў у балоце, шкодзіў чалавеку ў лесе, на расстайных дарогах, лічыўся віноўнікам сварак у сям’і і г.д. У 19 — пач. 20 ст. вобраз Ч. паступова зліўся з адпаведным міфалагічным вобразам хрысц. рэлігіі — д’яблам. Сустракаецца таксама ў легендах, паданнях, прыказках, прымаўках, легендарных і чарадзейных казках.
М.Ф.Піліпенка.
т. 17, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)