НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),
мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінералнефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРТАКЛА́З (ад ан... + артаклаз),
мінерал з групы палявых шпатаў, (K, Na)[AlSi3O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі, пры награванні — у манакліннай. Крышталі здвоеныя, таблітчастыя. Бясколерны ці белы. Шчыльн. 2,6 г/см³. Трапляецца ў вулканічных пародах і гіпабісальных інтрузіўных целах; на Беларусі — у кіслых эфузіўных пародах дакембрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙЗЕРЫ́Т,
мінерал, белы або шараваты апал. Агрэгаты порыстыя, шчыльныя або слаістыя, сталактыты. Адкладваецца з вод гейзераў. Гейзерытам таксама наз. белую або светлаафарбаваную лёгкую туфападобную апалавую пароду, што ўтвараецца ў выніку выпадзення крэменязёму з вод гарачых крыніц і гейзераў; складаецца пераважна з апалу з прымессю гліназёму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДСКІ ШПАТ,
мінерал, бясколерная празрыстая разнавіднасць кальцыту. Здольны «раздвойваць» выяву ў выніку высокага двухпераламлення. Трапляецца ў пустотах і трэшчынах вулканічных парод, а таксама ў выглядзе жэодаў у вапняках і астаткавых глінах у раёнах развіцця вапнякоў. Выкарыстоўваецца ў оптыцы для вырабу палярызацыйных прызмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБІ́Н,
адна з крышт. мадыфікацый вугляроду з ланцужковай будовай малекул. Паўправаднік n-тыпу (шырыня забароненай зоны 0,64 эВ). У прыродзе мінерал чааіт (белыя прожылкі і ўкрапіны ў графіце). Штучны атрымліваюць акісляльнай дэгідраполікандэнсацыяй ацэтылену, уздзеяннем лазернага выпрамянення на графіт, у нізкатэмпературнай плазме з вуглевадародаў ці чатыроххлорыстага вугляроду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРНІ́Т (ад назвы радовішча Керн, штат Каліфорнія, ЗША),
мінерал класа баратаў, водны барат натрыю, Na2B4O7∙4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя або клінападобныя. Бясколерны або белы. Бляск шкляны. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,9 г/см³. Трапляецца ў вулканагенна-асадкавых радовішчах бору. Уваходзіць у склад борных руд.