сямейства насякомых атр. пухаедаў. Больш за 200 відаў. Пашыраны ўсюды. Многія — вонкавыя паразіты млекакормячых: буйн. раг. жывёлы — Bovicola bovis, коней — B. equi, козаў — B. caprae, сабак — Trichodectes canis, катоў — T. subrostratus.
Даўж. 0,5—11 мм. Цела плоскае, шчаціністае, без крылаў. Галава шырокая. Ротавыя органы грызучыя. Ногі хапальнага тыпу. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самка адкладае яйцы каля асновы валасоў і прыклейвае сакрэтам матачных залоз. Кормяцца эпідэрмальнымі клеткамі, выдзяленнямі тлушчавых залоз, крывёй гаспадара. Выклікаюць хваробу трыхадэктыдоз. Некат. валасаеды — прамежкавыя гаспадары гельмінта (цэпня) — паразіта сабак, катоў, пераносчыкі інфекц. і інвазійных хвароб жывёл.
інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, агульныя для жывёл і чалавека. Крыніца інфекцыі хворыя жывёлы, з якімі чалавек кантактуе. Многія антрапазаанозы — трансмісіўныя хваробы, характарызуюцца прыроднай ачаговасцю. У мед. л-ры антрапазаанозы наз.заанозамі.
Антрапазаанозы выклікаюцца бактэрыямі (бруцэлёз, злаякасны ацёк, сап, слупняк, сібірская язва, туберкулёз, тулярэмія, чума вярблюдаў, меліяідоз, харч. таксікаінфекцыі і інш.), вірусамі (арнітоз, шаленства, яшчур, кляшчовы энцэфаліт, інфекцыйны энцэфаламіэліт коней і інш.), грыбкамі (актынамікоз, парша, стрыгучы лішай), спірахетамі і лептаспірамі (лептаспіроз, клешчавы зваротны тыф), рыкетсіямі (Ку-ліхаманка, пацуковы рыкетсіёз, паўночна-азіяцкі клешчавы сыпны тыф), прасцейшымі (таксаплазмоз, трыпаназамоз, лейшманіёз і інш.), членістаногімі (акароз), гельмінтамі (дыфілабатрыёзы, апістархоз, тэніідоз, трыхінелёз, эхінакакоз, тоніярынхоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́РА (італьян. galera),
драўлянае вёславае ваен. судна. Створана ў 7 ст. венецыянцамі. У Еўропе пашырана ў 7—18 ст. У Расіі з’явілася ў канцы 17 — пач. 18 ст. пры Пятру I. Даўж. 40—60 м, шыр. 4—7,5 м, асадка да 2 м, адзін рад вёслаў (16—32 на борт), скорасць пад вёсламі да 7 вузлоў (12,96 км/гадз), экіпаж да 450 чал. У якасці дапаможнага рухача на 1—2 мачтах галеры ставіліся косыя, т.зв. «лацінскія», парусы. Асн. зброяй да сярэдзіны 14 ст. былі надводны таран, кідальныя машыны, арбалеты, потым — гарматы. Існавалі таксама т.зв. конныя галеры для перавозкі коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАТАРА́НЦТВА,
сумеснае жыццё жывёл розных відаў, заснаванае на прасторавых сувязях. Вылучаюць 3 катэгорыі К.: сінайкія, калі кватарант пасяляецца ў жыллі гаспадара (напр., у норах грызуноў і інш. рыючых жывёл, у гнёздах птушак, мурашніках і вуллях пчол); эпіайкія, калі кватаранты пасяляюцца на целе гаспадара (напр., некаторыя вусаногія, якія кормяцца планктонам, прымацоўваюцца да акул і кітоў і выкарыстоўваюць іх як сродак перамяшчэння); энтайкія, калі арганізм жыве ўнутры цела гаспадара пры адсутнасці кармавых зносін з ім (напр., дробныя рыбкі фіерастары, якія жывуць у клаацы галатурый і перыядычна выходзяць адтуль, каб карміцца рачкамі; нематоды, якія пасяляюцца ў кішэчніку коней і кормяцца інфузорыямі, якія там жывуць). Гл. таксама Каменсалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫТ,
інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІЯ КО́НІ,
старажытная папуляцыя конейпаўн. ляснога тыпу Бел. і Укр. Палесся. Паходзяць ад тарпанаў. У паўд., паўд.-зах. і зах.ч. арэала палепшаны заводскімі пародамі, большыя. Выкарыстаны для вывядзення беларускага запражнога каня. На Беларусі гадуюць у гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абл.
Выш. ў карку жарабцоў бел. П.к. 137 см (макс. 140), даўж. тулава 146 см, маса 392 кг; кабыл адпаведна 135 см (макс. 139,5), 141 см, 367 кг. Масці: буланая, вараная, гнядая, мышастая, рыжая і інш. Тулава кампактнае, вузкае, спіна і шыя прамыя, крыж кароткі, грудзі шырокія, глыбокія. Ногі сухія, дужыя. Даўгавечныя, пладавітыя, непатрабавальныя, трывалыя; выкарыстоўваюцца на палявых і трансп. работах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САП,
вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека са з’явамі інтаксікацыі і ўтварэннем спецыфічных гранулём. Узбуджальнік — палачкападобная бактэрыя псеўдамонас хворых жывёл (коні, аслы, мулы і інш.). Чалавек часцей заражаецца ад хворых на С. коней праз пашкоджаныя скуру, слізістыя абалонкі. С. бывае востры і хранічны. На месцы пранікнення ўтвараецца чырвона-барвовая папула, потым пухірок (пустула), які разбураецца з утварэннем язвы. Прыкметы С.: высокая т-ра цела (да 40,5 °C), галаўны і мышачны боль, прыпухласць у вобласці суставаў, на скуры множныя вузельчыкі і папулы. Абсцэсы ўтвараюцца таксама ў мышцах (асабліва ікраножных), лёгкіх, печані, селязёнцы, суставах, касцях з далейшым фарміраваннем свішчоў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Хворых жывёл знішчаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫУ́МФ (ад лац. triumphus),
1) у Старажытным Рыме ўрачыстае ўваходжанне ў сталіцу палкаводца-пераможцы з войскам. Прызначаўся сенатам і з’яўляўся вышэйшай ваен. узнагародай. Трыумфальнае шэсце (ад Марсавага поля да храма Юпітэра на Капітоліі) пачыналі сенатары і магістраты, пасля рухалася калясніца, запрэжаная чацвёркай белых коней, на якой стаяў трыумфатар з лаўровым вянком і атрыбутамі Юпітэра. Пасля ішлі музыкі, войска, неслі здабычу, вялі палонных. На Капітоліі трыумфатар прыносіў ахвяры Юпітэру. Імёны трыумфатараў запісвалі ў трыумфальныя фасты. У асобных выпадках у гонар перамогі ўзводзілі трыумфальныя аркі. У Рыме праводзіліся таксама малыя Т. — авацыі.
2) У пераносным сэнсе — бліскучы поспех, урачыстасць з нагоды выдатнай перамогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛКО́ВА-ШЭЛЕГАЎСКІ БОЙ 1943,
бой партыз. брыгады «Смерць фашызму» з ням. фашыстамі ў вёсках Шалкова і Шэлегаўка Полацкага р-на Віцебскай вобл. 10.5.1943 у Вял.Айч. вайну. У час падрыхтоўкі да карнай аперацыі супраць партызан 624-ы ахоўны батальён гітлераўцаў выселіў з названых вёсак усіх жыхароў і размясціўся ў іх. Кіраўніцтва партыз. брыгады (камандзір У.В.Мельнікаў) распрацавала план знішчэння карнікаў. У ноч на 10 мая штурмавыя групы партызан атакавалі фаш. гарнізоны ў гэтых вёсках. У выніку баёў партызаны знішчылі больш за 100 гітлераўцаў, іх склады з боепрыпасамі і харчаваннем, захапілі штабныя дакументы, кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, амуніцыю, коней і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЁЛ (Equus asinus),
млекакормячае роду конейатр. няпарнакапытных. Сустракаецца ва Усх. Афрыцы (Самалі, Эфіопія). Жыве ў пустынях і стэпах. 2 падвіды: асёл самалійскі (Equus asinus somalicus) і асёл нубійскі (Equus asinus africanus).
Выш. ў карку 1,1—1,4 м. Афарбоўка пясчана-шэрая з 2 цёмнымі палосамі, адна з якіх праходзіць уздоўж хрыбта і перасякаецца з другой на лапатках. Грыва невялікая, даходзіць толькі да вушэй. Хвост тонкі з кутасом доўгіх валасоў. Вушы 25—35 см. Трымаецца невял. табунамі. Корм раслінны. Прыручаны 5—6 тыс.г. назад у Егіпце і Эфіопіі. Ад дзікага асла паходзяць многія свойскія пароды, якія выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Пад пагрозай знікнення, у Чырв. кнізе МСАП.