ЖУДЫ́К (Judic) Ганна [сапр. Дам’ен

(Damiens) Ганна Марыя Луіза; 17.7.1850, г. Семюр, Францыя — 15.4.1911], французская артыстка аперэты, эстр. спявачка. Вучылася ў Парыжскай кансерваторыі. З 1867 выступала ў парыжскіх т-рах, з 1872 — у «Буф-Парызьен» (па запрашэнні Ж.​Афенбаха),

з 1876 у «Вар’етэ». Яе творчасці былі ўласцівы дасканалае вак. майстэрства, лёгкасць і віртуознасць камедыйнай тэхнікі. Сярод партый: Алена, Герцагіня («Прыгожая Алена», «Герцагіня Геральштэйнская» Афенбаха), Дэніза («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ). Як эстр. спявачка стварыла ўласны стыль выканання, заснаваны на гранічнай выразнасці жэста.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Анатоль Мікалаевіч (15.6.1913, г. Уржум Кіраўскай вобл., Расія — сак. 1945),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). З 1933 адначасова выкладчык Мінскага муз. вучылішча і дырыжор Т-ра юнага гледача. З 1937 выкладаў у Віцебскім муз. вучылішчы, Бел. кансерваторыі, з 1941 у Свярдлоўскім муз. вучылішчы. Аўтар вак.-сімф. паэмы «Сценька Разін» (1937), сімфоніі (1934), цыклаў фп. П’ес, больш як 20 рамансаў на вершы бел. паэтаў, хароў, апрацовак бел. нар. мелодый; музыкі да драм. спектакляў. Загінуў на фронце.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СТРЫКАЎ Мікалай Мікалаевіч (1864, Мінск? — ?),

бел. віяланчэліст, педагог, муз.-грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1885). З 1886 у Мінску, выступаў у канцэртах як саліст віяланчэліст і ансамбліст (у трыо з піяністкай А.​Клімовіч і скрыпачом Я.​Чыжэўскім; у квартэце са скрыпачамі Чыжэўскім і І.​Ягудкіным, альтыстам Н.​Рубінштэйнам). Ініцыятар стварэння і кіраўнік харавых калектываў Мінскага муз. т-ва (1896), Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1898). З 1907 выкладаў ігру на віяланчэлі ў Мінскім муз. вучылішчы Рубінштэйна.

А.​Л.​Капілаў.

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЛЕНДЫ́ЕЎ Нургіс Атабаевіч (н. 1925),

казахскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. Казахстана (1975). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Алма-Ацінскую (1949) і Маскоўскую (1953) кансерваторыі. У 1940—43 у Каз. аркестры нар. інструментаў імя Курмангазы (у 1960—64 яго гал. дырыжор). У 1953—60 дырыжор Каз. т-ра оперы і балета імя Абая. У 1968—81 гал. муз. рэдактар кінастудыі «Казахфільм». З 1981 маст. кіраўнік і гал. дырыжор фалькл.-этнагр. аркестра «Атрар сазы» Каз. філармоніі. Аўтар муз. твораў розных жанраў. Дзярж. прэмія Казахстана 1978.

т. 15, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ЛЬЦМАН Аскар Барысавіч (н. 18.2.1921, г. Адэса, Украіна),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1972). Нар. арт. Дагестана (1975). Нар. арт. Расіі (1989). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1939—41). Працуе ў жанрах аперэты, араторыі, песні. Сярод аперэт «Няхай грае гітара» (паст. 1975), «Старыя дамы́» (паст. 1978). Аўтар песень «Чорнае мора маё», «Вянок Дуная», «Франтавікі, надзеньце ордэны», «Велізарнае неба», «Мір дому твайму», песенных цыклаў «З любоўю да жанчыны», «Гэта — мы», араторый «Радзіма» і «Гэта час», музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВА́ЛЬДЗІ (Vivaldi) Антоніо (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),

італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.​Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк. праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш. царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.

Літ.:

Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;

Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;

Cande P. de. Vivaldi. Paris, 1967;

Opera and Vivaldi. Austin, 1984.

Партрэт А.Вівальдзі. Мастак невядомы. 18 ст.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЖЫБЕ́КАЎ Узеір Абдул Гусейн аглы (17.9.1885, с. Агджабеды, каля г. Шуша, Нагорны Карабах — 23.9.1948),

азербайджанскі кампазітар, музыказнавец, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік сучаснага прафес. муз. мастацтва і муз. адукацыі Азербайджана. Нар. арт. СССР (1938). Акад. АН Азербайджана (1945). У 1913—14 вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў нац. муз. т-ра, шэрагу маст. калектываў, у т. л. шматгалоснага азерб. хору (1926), аркестра нар. Інструментаў (1931), Дзярж. азерб. хору (1936). У 1938—48 рэктар Азерб. кансерваторыі (з 1948 яго імя). У муз. творчасці імкнуўся да сінтэзу нац. муз. стылю і дасягненняў сусв. кампазіцыйнай тэхнікі. Аўтар першых азерб. опер, у т. л. 6 мугамных, засн. на азерб. ладах; муз. камедый, вак.-сімф., камерна-інстр. і песенных твораў. Склаў першы зборнік азерб. нар. песень (з М.​Магамаевым, 1927). Сярод тэарэт. прац: «Асновы азербайджанскай народнай музыкі» (1945), «Аб музычным мастацтве Азербайджана» (1966) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.

Асн. творы: 7 опер, у т. л. «Лейлі і Меджнун» (паст. 1908), «Кёр-аглы» (паст. 1937); 3 муз. камедыі, у т. л. найб. вядомая «Аршын мал алан» (паст. 1913); кантаты «Памяці Фізулі» (1934), «Радзіма і фронт» (1942); уверцюры для сімф. аркестра; фантазіі для аркестра азерб. нар. інструментаў; рамансы-газелі на вершы Нізамі; апрацоўкі азерб. нар. песень і інш.

Літ.:

Абасова Э.Г. Узеир Гаджибеков: Путь жизни и творчества. Баку, 1985;

Алекперова Н., Заболотских Б. Узеир Гаджибеков. М., 1988.

У.Гаджыбекаў.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАСЁР (Brasseur) П’ер [сапр. Эспінас

(Espinasse) Альберт; 22.12.1905, Парыж — 14.8.1972], французскі акцёр. Скончыў драм. аддзяленне Парыжскай кансерваторыі. На сцэне з 1925. Выступаў у парыжскіх «Тэатрах бульвараў», «Тэатры Елісейскіх палёў», «Атэней» і інш. Сярод роляў: Кін («Кін» А.​Дзюма-бацькі),

Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Дон Жуан («Дон Жуан» А.​Мантэрлана). З 1924 здымаўся ў кіно: «Набярэжная туманаў», «Дзеці райка», «Порт дэ Ліла» (у сав. пракаце «На ўскраіне Парыжа»), «Вялікія сем’і» (у сав. пракаце «Моцныя гэтага свету») і інш. Бліскуча валодаў майстэрствам пераўвасаблення, ствараў яркія, моцныя характары.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР (Walter) Бруна [сапр. Шлезінгер (Schlesinger) Вальтэр Бруна; 15.9.1876, Берлін — 17.2.1962], нямецкі дырыжор; буйнейшы прадстаўнік школы Г.Малера. Вучыўся ў кансерваторыі Штэрна (Берлін). З 1896 працаваў з рознымі еўрап. аркестрамі, у Венскай, Берлінскай дзярж. оперы, т-ры «Ковент-Гардэн». Адзін з заснавальнікаў і неаднаразовы ўдзельнік Зальцбургскіх фестываляў. З 1929 кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу. З 1933 у Вене, з 1939 у ЗША. У 1941—57 (з перапынкамі) у т-ры «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Выдатны інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Малера, А.​Брукнера, І.​Брамса, Л.​Бетховена і інш.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЁТА́Н (Vieuxtemps) Анры (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),

бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.​Глінкам, А.​Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)