ГАДЖЫБЕ́КАЎ (Узеір Абдул Гусейн аглы) (17.9.1885, с. Агджабеды, каля г. Шуша, Нагорны Карабах — 23.9.1948),
азербайджанскі кампазітар, музыказнавец, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік сучаснага прафес.муз. мастацтва і муз. адукацыі Азербайджана. Нар.арт.СССР (1938). Акад.АН Азербайджана (1945). У 1913—14 вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў нац.муз.т-ра, шэрагу маст. калектываў, у т. л. шматгалоснага азерб. хору (1926), аркестра нар. Інструментаў (1931), Дзярж.азерб. хору (1936). У 1938—48 рэктар Азерб. кансерваторыі (з 1948 яго імя). У муз. творчасці імкнуўся да сінтэзу нац.муз. стылю і дасягненняў сусв. кампазіцыйнай тэхнікі. Аўтар першых азерб. опер, у т. л. 6 мугамных, засн. на азерб. ладах; муз. камедый, вак.-сімф., камерна-інстр. і песенных твораў. Склаў першы зборнік азерб.нар. песень (з М.Магамаевым, 1927). Сярод тэарэт. прац: «Асновы азербайджанскай народнай музыкі» (1945), «Аб музычным мастацтве Азербайджана» (1966) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.
Асн. творы: 7 опер, у т. л. «Лейлі і Меджнун» (паст. 1908), «Кёр-аглы» (паст. 1937); 3 муз. камедыі, у т. л.найб. вядомая «Аршын мал алан» (паст. 1913); кантаты «Памяці Фізулі» (1934), «Радзіма і фронт» (1942); уверцюры для сімф. аркестра; фантазіі для аркестра азерб.нар. інструментаў; рамансы-газелі на вершы Нізамі; апрацоўкі азерб.нар. песень і інш.
Літ.:
Абасова Э.Г. Узеир Гаджибеков: Путь жизни и творчества. Баку, 1985;
Алекперова Н., Заболотских Б. Узеир Гаджибеков. М., 1988.