БРАСЁР
(Brasseur) П’ер [сапр. Эспінас (Espinasse) Альберт; 22.12.1905, Парыж — 14.8.1972], французскі акцёр. Скончыў драм. аддзяленне Парыжскай кансерваторыі. На сцэне з 1925. Выступаў у парыжскіх «Тэатрах бульвараў», «Тэатры Елісейскіх палёў», «Атэней» і інш. Сярод роляў: Кін («Кін» А.Дзюма-бацькі),
Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Дон Жуан («Дон Жуан» А.Мантэрлана). З 1924 здымаўся ў кіно: «Набярэжная туманаў», «Дзеці райка», «Порт дэ Ліла» (у сав. пракаце «На ўскраіне Парыжа»), «Вялікія сем’і» (у сав. пракаце «Моцныя гэтага свету») і інш. Бліскуча валодаў майстэрствам пераўвасаблення, ствараў яркія, моцныя характары.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)