МУ́ЗІЛЬ ((Musil) Роберт) (6.11.1880, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 15.4.1942),
аўстрыйскі пісьменнік. Вучыўся ў ваен. акадэміі ў Вене, скончыў вышэйшую тэхн. школу (1901), Берлінскі ун-т (1908). З 1938 у эміграцыі (Швейцарыя). Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рамантызму, рус. рэалізму, імпрэсіянізму, ням. мадэрну, філасофіі Ніцшэ. Самы значны яго твор — філас.-сатыр. раман «Чалавек без уласцівасцей» (кн. 1—3, 1930—43) — вострая сатыра на Аўстра-Венгрыю напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар рамана «Душэўныя пакуты выхаванца Цёрлеса» (1906, экранізацыя 1965), зб-каў навел «Злучэнні» (1911), «Тры жанчыны» (1924), драмы «Летуценнікі» (1921), кн. эсэ і мініяцюр «Прыжыццёвая спадчына» (1936) і інш. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам і стылявой дасканаласцю.
Тв.:
Рус.пер. — Человек без свойств: Роман. Кн. 1—2. М., 1984;
Малая проза: Избр. произв.: В 2 т.Т. 1. М., 1999.
Літ.:
Адмони В.Г. «Человек без свойств» Р.Музиля // Адмони В.Г. Поэтика и действительность. Л., 1975;
Белобратов А.В. Роберт Музиль: Метод и роман. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́ТАЎ (Велі) (Велімухамед; н. 5.5.1916, аул Багір, Туркменістан),
туркменскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў туркм.прафес. музыкі. Нар.арт.СССР (1965). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1951). У 1954—59 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Туркменістана. З 1972 выкладаў у Туркм.пед. ін-це (з 1982 праф.). Аўтар музыкі Дзярж. гімна Туркменіі (1946). Значны яго ўклад у развіццё нац. опернага і сімф. жанраў. Сярод твораў: оперы «Паэт і суддзя» (паст. 1947), «Захрэ і Тахір» (паст. 1953, абедзве з А.Шапашнікавым), «Канец крывавага водападзелу» (паст. 1967), балет «Белая бавоўна» (паст. 1945; з А.Зноска-Бароўскім), араторыя «Мой Ашхабад» (1981); вак.-сімф. паэма (1970), кантаты, оды для салістаў, хору і арк. (1979, 1982, 1985); 3 сімфоніі (1974—85), «Туркменская сюіта» (1950), сімф. паэма «Мая Радзіма» (1951); 3 паэмы для арк.нар. інструментаў (1965—82), хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗЁЛКА (Паўліна Вікенцьеўна) (24.9.1893, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 13.2.1974),
бел. дзяячка культуры. Засл. дз. культ. Беларусі (1966). Скончыла Вышэйшыя камерцыйныя курсы ў Пецярбургу (1914). Настаўнічала ў в. Жорнаўка Чэрвеньскага р-на, в. Мядзведзічы Ляхавіцкага р-на, Мінску, Даўгаўпілсе, Горках, Маскве, в. Будслаў. Арыштавана ў 1919, 1920, 1924, 1930. Значны ўклад яе ў развіццё бел.тэатр. мастацтва на этапе яго станаўлення. Удзельніца Віленскага муз.-драм. гуртка (1914), Першага бел.т-ва драмы і камедыі (1917—18, 1920); адна з першых выканала ролю Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Я.Купалы (1913, Пецярбург). З інш. роляў: Зоська («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Пронка («Хам» паводле Э.Ажэшкі). Арганізавала хар. і драм. гурткі ў Гродне (1919), у Дзвінскай бел. гімназіі (1922—25), Горацкай с.-г. акадэміі (1927—30), Будславе (1947—58). Сябравала з Я.Купалам. Пісала вершы, паэмы, песні, п’есы. Аўтар успамінаў.
Тв.:
Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974;
Тое ж. [Ч. 2] // Полымя, 1993. № 2—5.
Літ.:
Калеснік У. Галгофа адроджаных // Полымя. 1993. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБЕДАНО́СЦАЎ (Канстанцін Пятровіч) (2.6.1827, Масква — 23.3.1907),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў вучылішча правазнаўства (1846, С.-Пецярбург). Служыў у дэпартаментах Сената. У 1860—65 праф. Маскоўскага ун-та. Сенатар (з 1868), чл.Дзярж. савета (з 1872), обер-пракурор Сінода (1880—1905). Выкладаў заканазнаўства рас.вял. князям, у т. л. будучым імператарам Аляксандру III і Мікалаю II, на якіх аказваў значны ўплыў. Аўтар тэксту маніфеста 11.5.1881 «Аб умацаванні самадзяржаўя», ініцыятар «контррэформ». Адыгрываў значную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў галіне асветы, нац. пытанні і інш. Насаджаў вялікадзяржаўныя ідэі ў якасці афіц. ідэалогіі, выступаў з кансерватыўных пазіцый супраць зах.-еўрап. культуры і дэмакр. форм грамадскага жыцця. Як обер-пракурор Сінода праследаваў прыхільнікаў расколу і сектантаў, уціскаў земскую школу і насаджаў царк.-прыходскую. Пасля выдання маніфеста 17 кастрычніка 1905 у адстаўцы. Свае погляды выклаў у кн. «Маскоўскі зборнік» (1896). Аўтар гіст.-юрыд. твораў.
Літ.:
К.П.Победоносцев: pro et contra: Антология. СПб., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМ (Radom),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, у Мазавецкім ваяводстве. Каля 250 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Значныпрамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (швейныя і пішучыя машынкі, тэлефоны і інш.), хім., гарбарна-абутковая, шкляная, харч. і харчасмакавая. Арх. помнікі 14—18 ст.
У раннім сярэднявеччы Р. знаходзіўся на гандл. шляху з Русі і ВКЛ ў Малапольшчу і Сілезію. Упершыню згадваецца ў 1155. Гар. права да 1350. З 15 ст. развіваўся як рамесніцкі цэнтр і месца з’ездаў шляхты. Тут была прынята Радамская канстытуцыя 1505. У 1767 у Р. паводле ініцыятывы рас. пасла М.Рапніна створана ген.Радамская канфедэрацыя пад кіраўніцтвам К.С.Радзівіла, скіраваная супраць караля і прыхільнікаў рэформ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) пад уладай Аўстра-Венгрыі. З 1809 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Польскага Каралеўства, з 1843 — Радамска-Келецкай (з 1867 Радамскай) губ. У 1939 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў 1945 войскамі 1-га Бел. фронту. У 1975—99 адм. цэнтр Радамскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДВА́Н (Ян) (?, Вільня — пасля 1591),
паэт-латыніст, адзін з заснавальнікаў жанру эпічна-гераічнай паэзіі ў ВКЛ. Паслядоўнік Вергілія сярод паэтаў Беларусі і Літвы ў 16 ст.Пач. адукацыю атрымаў у Вільні, вучыўся ў зах.-еўрап. ун-тах, дыплом атрымаў у Падуі. Падарожнічаў па Еўропе ў свіце Хадкевічаў, пазней служыў у ваяводы смаленскага Я.Абрамовіча. Найб.значны твор — лацінамоўная паэма «Radivilas, sive de vita...», больш вядомая як «Радзівіліяда» (выд. ў 1588 разам з панегірычнымі творамі Абрамовіча, А.Волана, Я.Руцкага і інш. і вершамі самога Р.). Найлепшы ўзор польска-лац. спроб адаптацыі ант. паэзіі да мясц. умоў, прасякнута патрыятызмам, праслаўляе Радзіму і яе абаронцаў. У ёй і ў «Эпіталаме на вяселле Кр. Манівіда Дарагастайскага» (1590) пры апісанні прыроды і жывёльнага свету ВКЛ прасочваецца стылявое падабенства да паэзіі Міколы Гусоўскага. Шэраг панегірычных вершаў Р. надрукаваны разам з творам Гжэгаша з Жарнаўца «Абарона пасцілы евангельскай» (1591).
Літ.:
Кавалёў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГЕАХІ́МІЯ (ад радые... + геахімія),
раздзел геахіміі, які вывучае гісторыю радыеактыўных атамаў. Вядома больш за 1350 радыеізатопаў (прыродных і тэхнагенных), якія адносяцца да ўсіх хім. элементаў табліцы Дз.І.Мендзялеева. Р. даследуе іх размеркаванне і міграцыю ў зямной кары, зямных абалонках і ландшафтах, формы знаходжання і ўдзел у геал., геахім. і інш. працэсах. З дапамогай Р. вырашаюцца праблемы: эвалюцыі хім. саставу Зямлі, петра- і літагенезу, жыцця на Зямлі, генезісу карысных выкапняў, палеагеаграфічных і палеагеахімічных рэканструкцый, экалогіі, радыяцыйнага тэхнагенезу. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў, у сельскай гаспадарцы, для аховы здароўя, у рацыянальным прыродакарыстанні, ахове навакольнага асяроддзя. Р. цесна звязана з радыегеалогіяй, ядзернай геафізікай, радыеэкалогіяй. На Беларусі рэгіянальны кірунак Р. сфарміраваўся ў 1970-я г.Значны яго ўклад у даследаванне ландшафтаў і зямной кары рэгіёна, высвятленне геахім. і экалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬС (франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),
парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз. памер , радзей 3/8, 6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.Ланер, І.Штраус-бацька, І.Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар.танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, В.Залатароў, І.Лучанок, С.Картэс, Р.Пукст, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),
Венета, вобласць на ПнУ Італіі. Пл. 18,4 тыс.км². Нац. 4,36 млн.чал. (1994). Уключае правінцыі Белуна, Венецыя, Верона, Вічэнца, Падуя, Равіга, Трэвіза. Адм. ц. — г.Венецыя. Значныя гарады Падуя і Верона. Размешчана ва ўсх.ч. Венецыянскай нізіны і на схілах Даламітавых Альпаў (г. Мармалада, 3342 м).
Клімат умераны. Рэкі П’яве, Брэнта, Адыджэ, часткова По. На Звоз. Гарда. У гарах захаваліся шыракалістыя і хвойныя лясы. Значныпрамысл. раён краіны. Машынабудаванне (гідратурбіны, помпы, кампрэсары, станкі, с.-г. машыны) і металаапрацоўка, тэкст.прам-сць, асабліва выраб шарсцяных тканін. У раёне г. Венецыя сканцэнтравана каляровая металургія (вытв-сць гліназёму, алюмінію, цынку), суднабудаванне, нафтаперапрацоўка, нафтахімія, коксахімія, вытв-сцьмінер. угнаенняў, чорная металургія, а таксама традыцыйная вытв-сць шкла і вырабаў з яго, мазаікі і філігранных упрыгажэнняў. Дрэваапрацоўка і харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы нізіннай часткі пераважае раслінаводства (пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, каноплі, тытунь, рыс, бабовыя, бульба); вінаграднікі, сады, аліўкавыя гаі. Шаўкаводства (правінцыя Трэвіза). У гарах жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства (порт К’ёджа). Горад Венецыя і воз. Гарда — цэнтры міжнар. турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНХІ́Т (ад грэч. bronchos дыхальнае горла + ...it),
запаленчы працэс у бронхах з пашкоджаннем слізістай абалонкі. Этыялогія найчасцей вірусная, а таксама бактэрыяльная і змешаная; узнікненню бранхіту спрыяюць уздзеянні хім. рэчываў, гіпа- і авітамінозы. Асн. сімптом бранхіту — кашаль: сухі з нязначнай колькасцю слізістай макроты пры катаральным бранхіце; мокры з вял. колькасцю слізіста-гнойнай макроты пры катаральна-гнойным і гнойным бранхіце.
Характар кашлю і макроты залежыць ад пашкоджання слізістай бронхаў (эндабранхіт). Абструктыўны бранхіт суправаджаецца дыхальнай недастатковасцю, што выражана пры бранхіяліце (разнавіднасць бранхіту з пашкоджаннем пераважна дробных бронхаў і брахіёлаў), які найчасцей бывае ў дзяцей ранняга ўзросту. Аўскультацыйная прыкмета бранхіту — сухая, свісцячая, мокрая ахрыпласць. Адрозніваюць востры, зацяжны, рэцыдыўны, хранічны бранхіт. Узнікненню рэцыдываў вострага бранхіту і хранічнага працэсу спрыяюць заганы развіцця трахеабранхіяльнага дрэва, лёгачнай тканкі, імунадэфіцыты, гіперрэактыўнасць бронхаў. Пры хранічным бранхіце запаленчы працэс пашыраецца на ўсю сценку бронхаў. Востры бранхіт можа ўскладняцца пнеўманіяй, хранічны — пнеўмасклерозам, эмфіземай, бронхаэктазіяй. Лячэнне тэрапеўт. і фізіятэрапеўтычнае, значны эфект дае кліматычнае курортнае лячэнне. На бранхіт хварэе таксама с.-г. жывёла, пераважна маладняк.