ВЯРХО́ЎНАЯ РАСПАРА́ДЧАЯ КАМІ́СІЯ па ахове дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою,

часовы надзвычайны орган дзярж. улады ў Рас. імперыі ў лют.жн. 1880. Засн. ва ўмовах рэальнай пагрозы жыццю імператара Аляксандра II з боку рэвалюцыянераў (замах, учынены 5.2.1880 С.М.Халтурыным). Гал. задача — аб’яднанне ўсіх карных органаў для барацьбы з рэв. рухам. Вяла расследаванне па справах аб паліт. злачынствах у Пецярбургу і навакольнай мясцовасці, ажыццяўляла нагляд за такімі справамі ў Расіі. Усяго праведзены 5 пасяджэнняў. Камісіі часова падпарадкоўваліся Трэцяе аддзяленне і Корпус жандараў. Членамі Вярхоўнай распарадчай камісіі былі М.Т.Лорыс-Мелікаў (гал. начальнік), К.П.Пабеданосцаў, нач. штаба Пецярбургскай ваен. акругі ген. А.​К.​Імерэцінскі, сенатары М.​Е.​Кавалеўскі, І.​І.​Шамшын і П.​А.​Маркаў, ген.-маёр світы М.​І.​Бацьянаў і інш. (усяго 11 чал.). Скасавана па ініцыятыве Лорыс-Мелікава.

Літ.:

Зайончковский П.А. Кризис самодержавия на рубеже 1870—1880-х гг. М., 1964. С. 148—229.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял. Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць т.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв. кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́Ў-ДЭЖ ((Gheorghiu-Dej) Георге) (8.11.1901, г. Бырлад, Румынія — 19.3.1965),

палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. З 1930 чл. Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Як адзін з арганізатараў забастоўкі чыгуначнікаў і нафтавікоў (1933) у г. Грывіца (цяпер у складзе Бухарэста) асуджаны на 12 гадоў катаргі. У ліст. 1944 уцёк з канцлагера і стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў узбр. паўстання (23.8.1944) супраць ваен. дыктатуры І.​Антанеску. З кастр. 1945 ген. сакратар ЦК КПР. У 1944—48 узначальваў шэраг міністэрстваў. Пасля аб’яднання КПР і С.-д. партыі ў адзіную Рум. рабочую партыю (РРП) ген. сакратар яе ЦК (1948—54, у 1955—65 1-ы сакратар ЦК РРП). З 1948 1-ы нам. старшыні, у 1952—55 старшыня СМ Рум. Нар. Рэспублікі (РНР). З 1961 адначасова старшыня Дзярж. савета РНР. Двойчы Герой Сац. Працы РНР (1951, 1961).

Тв.:

Рус. пер. — Статьи и речи. Т. 1—2. М., 1956.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916, Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916,

наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.​Е.​Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.​Ф.​Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.

А.​М.​Бабкоў.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,

палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона I надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.​К.​Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп.кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц. акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.

В.​В.​Антонаў.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБО́ЎСКІ (Стафан) (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),

военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТУ́ЦІН (Мікалай Фёдаравіч) (16.12.1901, с. Чапухіно Белгародскай вобл., Расія — 15.4.1944),

савецкі ваенны дзеяч. Ген. арміі (1943). Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1929), Акадэмію Генштаба (1937). У Вял. Айч. вайну нач. штаба шэрагу франтоў, нам. нач. Генштаба, каманд. войскамі Паўд.-Зах., Варонежскага і 1-га Укр. франтоў. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГІБА́ (Хабіб Бен Алі) (н. 3.8.1903, г. Манастыр, Туніс),

палітычны і дзяржаўны дзеяч Туніса. Скончыў юрыд. ф-т Сарбоны і Вышэйшую паліт. школу ў Парыжы (1927). З 1934 ген. сакратар партыі «Новы Дустур» (з 1964 — Сацыяліст. дустураўская партыя). Першы прэм’ер-міністр (1956—70) незалежнага Туніса, у 1957—87 прэзідэнт краіны. Звольнены з пасады пасля ўрадавага перавароту.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАГЕ́Н (ад дэрмата... + ...ген),

вонкавы шчыльны (без міжклетнікаў) слой клетак першаснай утваральнай тканкі (мерыстэмы) у кончыках каранёў пакрытанасенных раслін. Утварае эпіблему з каранёвымі валаскамі. У двухдольных удзельнічае ў фарміраванні каранёвага чахольчыка. На верхавінках паветраных каранёў архідных, ароідных і некат. інш. раслін Д. утварае мнагаслойную тканку (т. зв. веламен), якая збірае ваду. У голанасенных раслін функцыю Д. выконвае пратадэрма.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБО́ВІЧ (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (29.10.1909, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 14.4.1976),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1967). Скончыў акадэміі Ваенна-гасп. (1941) і Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Карэльскім фронце: пам. і нам. нач. аддзела ў штабе тылу фронту, нам. камандзіра дывізіі і корпуса па тыле. Да 1968 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)