БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ Міхаіл Дзмітрыевіч

(8.3.1870, Масква — 3.8.1956),

ваенны дзеяч, геадэзіст. Ген.-лейт. рус. арміі (1915), ген.-лейт. Чырв. Арміі (1944). Д-р ваен. і тэхн. н. Брат У.Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). Скончыў Маскоўскі межавы ін-т (1891), Акадэмію Генштаба (1898), дзе з 1907 выкладаў тактыку. У 1-ю сусв. вайну ген.-кватэрмайстар 3-й арміі, у штабе Паўн.-Зах. фронту, нач. штаба 6-й арміі, армій Паўн. фронту. У Лют. рэвалюцыю 1917 нач. Пскоўскага гарнізона і чл. выканкома Пскоўскага Савета. У жн.вер. 1917 галоўнакамандуючы войскамі Паўн. фронту, удзельнічаў у ліквідацыі карнілаўшчыны. З кастр. 1917 нач. Магілёўскага гарнізона, чл. выканкома Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 20.11.1917 СНК РСФСР прызначаны нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага. У лют. 1918 удзельнічаў у арганізацыі абароны Петраграда. З сак. 1918 ваен. кіраўнік Вышэйшага ваен. савета, з чэрв. 1919 нач. ваен.-палявога штаба Рэўваенсавета Рэспублікі. Адзін са стваральнікаў (1919) і кіраўнік Вышэйшага геад. ўпраўлення ВСНГ, стваральнік (1925) дзярж. тэхн. бюро «Аэрафотаздымка». З 1928 у распараджэнні РВС СССР. Аўтар прац па ваен. гісторыі і тактыцы. Пад яго рэдакцыяй выдадзены даведнік «Геадэзія» (т. 1—9, 1939—49).

Э.М.Савіцкі.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)