МА́ЕР ((Mayer) Юліус Роберт) (25.11. 1814, г. Гайльбран, Германія — 20.3. 1878),
нямецкі ўрач і фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1838). У 1840—41 у якасці карабельнага ўрача ўдзельнічаў у плаванні на в. Ява. Праводзячы фізіял. даследаванні ў час гэтага падарожжа, устанавіў сувязь паміж колькасцю акісленых прадуктаў у арганізме чалавека і выкананай ім работай. Сфармуляваў закон захавання энергіі (прынцып эквівалентнасці мех. энергіі і цеплаты) і тэарэтычна вызначыў мех. эквівалент цеплаты (1842). Ідэі і прыярытэт М. ў адкрыцці закону захавання энергіі прызнаныя толькі ў 1860-х г. Першы выказаў думку аб тым, што выпрамяненне Сонца вядзе да памяншэння яго масы.
Тв.:
Рус.пер. — Закон сохранения и превращения энергии: Четыре исслед., 1841—1851. М.; Л., 1933.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 232—234.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬСА́ЦЫІ ЗО́РАК,
рэгулярныя ваганні памераў зорак з прычыны змены ціску і т-ры ў іх нетрах. Абумоўліваюць змену бляску многіх пераменных зорак — цэфеід, мірыд і інш.
Праяўляюцца на позніх этапах эвалюцыі зорак. У нетрах нармальнай зоркі вадарод ператвараецца ў гелій. Калі вадароду становіцца недастаткова для працякання рэакцыі, гравітацыйная сіла нарастае і зорка сціскаецца, у ядры ствараюцца ўмовы для ператварэння гелію ў вуглярод. На гэтай стадыі памеры зоркі павялічваюцца, яна пераходзіць у вобласць чырв.гігантаў. У вонкавых слаях працягваецца ператварэнне вадароду ў гелій. Нейтральны гелій непразрысты для ультрафіялетавага выпрамянення зоркі, якое паглынаецца ім, і газ іанізуецца. Іанізаваны гелій прапускае выпрамяненне, што выходзіць з унутр. слаёў зоркі. Гэта прыводзіць да ахаладжэння і сціскання зоркі, гелій зноў становіцца нейтральным і працэс паўтараецца.
Літ.:
Кокс Дж.П. Теория звездных пульсаций: Пер. с англ.М., 1983.
распазнаванне паталагічных змен асобных органаў і сістэм арганізма з дапамогай радыеактыўных прэпаратаў. Заснавана на рэгістрацыі і вымярэнні выпрамяненняў ад уведзеных у арганізм радыеактыўных прэпаратаў або радыеметрыі біял. проб. Р.д. з выкарыстаннем радыенуклідаў адлюстроўвае іх рух і размеркаванне ў органах і тканках і не ўплывае на цячэнне фізіял. працэсаў. Актыўнасць радыенукліда, які выкарыстоўваецца пры Р.д., памяншаецца ў выніку яго распаду (фіз. працэс) і вывядзення прэпарату з арганізма (біял. працэс). З мэтай візуалізацыі ў Р.д. выкарыстоўваюцца радыенукліды, што выпраменьваюць гамафатоны (высокаэнергет. эл.-магн.выпрамяненне). Каб пазбегнуць празмернага ўздзеяння на пацыента, перыяд паўраспаду радыенукліда павінен складаць 1/3 часу даследавання, якое цягнецца ад 10 мін да некалькіх гадзін. Р.д. дазваляе вывучаць абмен рэчываў, функцыю органаў і сістэм, скорасць руху крыві і лімфы, транзіт кішэчнага змесціва, сакраторна-экскрэторныя працэсы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),
знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм.навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.
Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.
Літ.:
Теоретические основы радиолокации. М., 1970;
Справочник по радиолокации: Пер. с англ.Т. 1—4. М., 1976—79.
В.І.Вараб’ёў.
Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,
рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.
Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫЙНАЯ ЗБРО́Я,
адзін з магчымых відаў зброі масавага паражэння, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні баявых радыеактыўных рэчываў. Дастаўка іх у зону паражэння можа ажыццяўляцца з дапамогай авіябомбаў, распыляльных авіяц. прылад, беспілотных самалётаў, крылатых ракет і інш.
Баявыя рэчывы Р.з. — парашкі або растворы, якія маюць у сабе высокаактыўныя і караткадзейныя ізатопы хім. элементаў, здольных да іанізавальнага выпрамянення. Асн. крыніца іх атрымання — адходы ядз. рэактараў, а таксама апрамяненне спец. рэчываў у ядз. рэактарах. Знешняе і ўнутранае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў выклікае ў чалавека прамянёвую хваробу або лакальнае пашкоджанне асобных органаў, таксічнае атручэнне (чалавек страчвае працаздольнасць, мае патрэбу ў працяглым лячэнні). Дзеянне Р.з. параўнальнае з дзеяннем радыеактыўных рэчываў на арганізм чалавека, жывёл, расліннасці, якія ўтвараюцца пры выкарыстанні ядзернай зброі і заражаюць навакольнае асяроддзе. Інтэнсіўнае і працяглае выпрамяненне выклікае гібельныя наступствы для жывёльнага і расліннага свету ў мясцовасці паражэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІ́ЛАЎ (Сяргей Іванавіч) (24.3.1891, Масква — 25.1.1951),
савецкі фізік, стваральнік навук. школы оптыкаў. Акад. (1932, чл.-кар. 1931). Брат М.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1932 дырэктар Фізічнага ін-та АНСССР, у 1932—45 навук. кіраўнік Дзярж. аптычнага ін-та (Ленінград). З 1945 прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па фіз. оптыцы. Распрацаваў асновы тэорыі люмінесцэнцыі, вывеў адзін з яе законаў (1924; гл.Вавілава закон). З П.А.Чаранковым адкрыў Чаранкова—Вавілава выпрамяненне. Вырашыў шэраг прынцыповых пытанняў квантавай тэорыі інтэрферэнцыі, фізіял. оптыкі, паклаў пачатак развіццю нелінейнай оптыкі. Аўтар прац па філас. пытаннях прыродазнаўства і гісторыі навукі. З 1949 гал. рэдактар Вял.Сав. Энцыклапедыі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1951, 1952. У 1951 АНСССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне фізікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБЕ́ЛЬВАННЕ,
бяленне, тэхналагічны працэс выдалення дамешкаў і знішчэння непажаданай натуральнай афарбоўкі матэрыялаў (натуральных і штучных валокнаў, паперы, воску, скуры, футра, пластычных мас і інш.) для надання ім белага колеру ці перад фарбаваннем. Хімічнае адбельванне ўключае папярэднюю апрацоўку матэрыялу хлорамінам, слабымі растворамі кіслот і шчолачаў або ферментатыўнымі прэпаратамі і наступнае ўздзеянне акісляльнікаў (гіпахларыту натрыю ці кальцыю, пераксіду вадароду, хларыту натрыю, перманганату калію) ці аднаўляльнікаў (сярністага газу, гідрасульфіту ці бісульфіту натрыю). Аптычнае адбельванне заснавана на дзеянні бясколерных флуарэсцыруючых арган. рэчываў — белафораў (вытворных стыльбену, аксазолу, імідазолу), якія ператвараюць УФ-выпрамяненне дзённага (сонечнага) святла ў сіне-фіялетавы колер бачнага святла і такім чынам кампенсуюць паглынанне святла забруджваннямі. Матэрыялы пры гэтым набываюць высокую ступень белізны, фарбаваныя — яркасць і кантрастнасць. Фатаграфічнае адбельванне — прамежкавая стадыя апрацоўкі каляровых і чорна-белых кіна- і фатаграфічных матэрыялаў, у выніку якой адбываецца акісленне метал. серабра відарыса акісляльнікамі (чырв. крывяная соль, біхрамат калію і інш.) у злучэнні белага колеру, што выдаляюцца пры далейшай апрацоўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНЕ́НКА (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (29.7.1904, г. Палтава, Украіна — 30.12.1994),
расійскі фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Д-рфіз.-матэм.н. (1940). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). З 1943 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па тэорыі спінораў, фізіцы атамнага ядра, квантавай і адзінай нелінейнай тэорыях поля, тэорыі гравітацыі, гісторыі фізікі. Прапанаваў пратон-нейтронную мадэль атамнага ядра (1932). Заклаў асновы палявой тэорыі парных ядз. сіл (1934, разам з І.Тамам). Прапанаваў нелінейнае абагульненне спінорнага ўраўнення Дзірака (1938). Выказаў ідэю ўзаемнага ператварэння гравітонаў у элементарныя часціцы (1944). Прадказаў сінхратроннае выпрамяненне (1944; разам з І.Я.Памеранчуком). Дзярж. прэмія СССР 1950.
Тв.:
Групповые, геометрические и топологические методы в теории поля. Ч. 1. М., 1983;
Калибровочная теория гравитации. М., 1985 (абедзве разам з П.І.Проніным, Г.А.Сарданашвілі).
Літ.:
Памяти профессора Д.Д.Иваненко // Вестн. Московского ун-та Сер. 3. Физика. Астрономия. 1995. Т. 36, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненнеінш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).