МА́ЕР ((Mayer) Юліус Роберт) (25.11. 1814, г. Гайльбран, Германія — 20.3. 1878),
нямецкі ўрач і фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1838). У 1840—41 у якасці карабельнага ўрача ўдзельнічаў у плаванні на в. Ява. Праводзячы фізіял. даследаванні ў час гэтага падарожжа, устанавіў сувязь паміж колькасцю акісленых прадуктаў у арганізме чалавека і выкананай ім работай. Сфармуляваў закон захавання энергіі (прынцып эквівалентнасці мех. энергіі і цеплаты) і тэарэтычна вызначыў мех. эквівалент цеплаты (1842). Ідэі і прыярытэт М. ў адкрыцці закону захавання энергіі прызнаныя толькі ў 1860-х г. Першы выказаў думку аб тым, што выпрамяненне Сонца вядзе да памяншэння яго масы.
Тв.:
Рус.пер. — Закон сохранения и превращения энергии: Четыре исслед., 1841—1851. М.; Л., 1933.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 232—234.