род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 80 (па інш. звестках каля 50) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, у гарах трапічнай Паўд. Афрыкі, на Новай Гвінеі, у Аўстраліі і Новай Зеландыі, некат. — у Амерыцы. На Беларусі 7 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя Н.: балотная, нар. назвы жабіныя вочкі, палявая разета (M. palustris), дзірваністая (M. caespitosa), драбнакветная (M. micrantha), лясная (M. sylvatica), палявая (M. arvensis). Культывуецца Н. альпійская (M. alpestris). Трапляюцца ў лясах, балотах, на лугах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—50 см. Сцёблы галінастыя, тонкія, звычайна апушаныя. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пераважна блакітныя ў прадаўгаватых завітках. Плод 4-арэшак. Меданосныя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
В.В.Маўрышчаў.
Незабудка.
«НЕЗАБУ́ДКА» («Niezabudka»), літаратурны штогодні альманах. Выдаваўся ў 1840—44 у Пецярбургу на польск. мове Я.Баршчэўскім пры ўдзеле бел. і польск. студэнцкай моладзі. Выйшла 5 кніг. Меў сталае кола аўтараў — пераважна ўраджэнцаў Віцебскай губ. Публікаваў рамант. вершы Г.Шапялевіча, паэт. і празаічныя творы Г.Рэута, артыкулы С.Ляховіча, Л.Плашчынскага. Асн. месца ў «Н.» займалі творы Баршчэўскага: балады «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы» (1842, кн. 3), «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Помста» (1843, кн. 4), заснаваныя на бел. паданнях, санеты «Кветкі», «Пакута» (1842, кн. 3), «Ноч», «Дзень», «Развітанне», «Час усё знішчае» (1843, кн. 4), «Летняя ноч у Фінляндыі», «Нява», «Тры сонцы», «Жалезны век» (1844, кн. 5) і інш., аповесць з кн. «Шляхціц Завальня» — «Драўляны дзядок...» (1844, кн. 5), вершаваныя прысвячэнні, вершы. Шырока распаўсюджваўся на Беларусі. Сярод падпісчыкаў былі В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, І.Храпавіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),
бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл.Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБА́ (Salix),
род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Утвараюць шматлікія міжвідавыя гібрыды. На Беларусі 16 дзікарослых і каля 20 інтрадукаваных відаў. З дзікарослых найб. пашыраныя: вярба белая, або белалоз (Salix alba); казіная, або брэднік (Salix caprea); пяцітычынкавая, або вербалоз (Salix pentandra); пурпуровая, або жаўталоз (Salix purpurea); вастралістая, або ракіта, шэлюга, чырвоная вярба (Salix acutifolia); ломкая (Salix fragilis); трохтычынкавая, або белатал (Salix triandra); попельная (Salix cinerea); вушастая (Salix aurita); размарыналістая (Salix rosmarinifolia); кошыкавая, або прутападобная, руская (Salix viminalis); Старка, або прысадзістая (Salix starkeana). Растуць па берагах рэк, сажалак, у мяшаных лясах, на забалочаных лугах і балотах, на дзюнах і каля дарог. Некат. віды вытрымліваюць працяглае затапленне. Дрэвавыя віды часам утвараюць вярбовыя лясы, куставыя — зараснікі (вербалозы, вербнякі). Да рэдкіх відаў належаць вярба шарсцістапарасткавая (вядома каля 20 месцаў росту) і чарнічная, якая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У зялёным буд-ве выкарыстоўваюцца пераважна інтрадукаваныя вярба Шверына (Salix schwerini) і Зібальда (Salix sieboldii). Куставыя віды вярбы называюць таксама лазой, лазняком.
Лістападныя двухдомныя насякомаапыляльныя дрэвы, кусты і кусцікі. Лісце суцэльнае, чаргаванае, рэдка — супраціўнае. Кветкі аднаполыя, дробныя, без калякветніка, з нектарнікамі, у прамастойных ці павіслых мужчынскіх і жаночых каташках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне з доўгаваласістай лятучкай. Лек. (прэпараты з кары — вяжучы, гарачкапаніжальны, кроваспыняльны сродак), тэхн. (некат. хуткарослыя віды ідуць на стварэнне т.зв. «энергетычных плантацый»), дубільныя і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве. Размнажаюць вярбу чаранкамі і каламі. Маладыя парасткі ідуць на пляценне кошыкаў, мэблі, агароджы; драўніна — на розныя вырабы; галінкі, лісце, пупышкі — на корм хатнім і дзікім жывёлам; кара — каштоўны дубільнік, выкарыстоўваецца на выраб. лек. прэпарату саліцыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗА (Betula),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (B. pendula), і пушыстая, або белая (B. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (B. carelica), і няясная, або цёмная (B. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (B. humilis) і карлікавая (B. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (B. papyrifera), жоўтая (B. lutea), вязалістая (B. ulmifolia), Эрмана (B. ermanii), японская (B. japonica), блакітная (B. coerulea), туркестанская (B. turkestanica), даурская (B. dahurica), рабрыстая (B. costata) і Шміта, або жалезная (B. schmidtii).
Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЗНА́ЎСТВА,
вучэнне пра балоты, іх паходжанне, развіццё, будову і гасп. выкарыстанне. Мае батаніка-геаграфічны (фітацэналагічны) і тарфазнаўчы кірункі.
Балотазнаўства ўзнікла ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў Зах. Еўропе. Інтэнсіўна развівалася ў канцы 19 ст. ў сувязі з ростам меліярац. работ. Заснавальнік балотазнаўства ў Расіі — М.В.Ламаносаў, які даследаваў прыроду торфу. На Беларусі вывучэнне балотаў пачалося з Палесся (М.Бутрымовіч, 1772). Пазней была арганізавана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балотаў пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873—98), у якой прынялі ўдзел глебазнавец В.В.Дакучаеў і батанік Г.І.Танфільеў, што апублікаваў першую ў Расіі класіфікацыю балотаў і апісаў расліннасць балотаў Палесся (1899). У 1911 адкрыта Мінская балотная доследная станцыя. Беларусь стала цэнтрам вывучэння і практычнага выкарыстання балотаў Расіі.
У пач. 20 ст.вял. ўклад у развіццё балотазнаўства зрабілі бел. вучоныя У.М.Сукачоў, А.Ф.Флёраў, В.Р.Вільямс, У.С.Дактуроўскі і інш. У 1925—30 работы па акультурванні балотаў вялі А.Т.Кірсанаў, М.Ф.Лебядзевіч, І.С.Лупіновіч, С.Г.Скарапанаў, іх прадаўжалі А.П.Підоплічка, М.М.Бамбалаў, П.І.Бялькевіч, І.І.Ліштван, У.Я.Ракоўскі, А.В.Цішковіч і інш. Вывучаюць балоты ў НДІ меліярацыі і лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі і інш.н.-д. установах. Распрацавана карта тарфяных радовішчаў, абгрунтаваны сыравінныя базы бітумінозных тарфоў і паказаны ўмовы іх залягання. Даследаваны геагр. і экалагічныя асаблівасці развіцця некаторых сфагнавых комплексаў на вярховых балотах. Дадзены асн.генет. схемы развіцця тарфянікаў на тэр. рэспублікі. Вывучаюцца генезіс, глебаўтваральныя працэсы і раслінныя асацыяцыі балотаў, метады рэгулявання воднага рэжыму, праблемы, звязаныя з с.-г. выкарыстаннем асушаных балотаў, прамысл. асваеннем тарфяных радовішчаў і інш. На аснове даследаванняў па балотазнаўстве складаюцца праекты меліярацыі, выкарыстання торфу ў нар. гаспадарцы.
Літ.:
Підоплічка А.П., Смаляк Л.П. Даследаванні балотнай расліннасці Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я РЭ́КІ,
невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс.км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.
Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.
І.Я.Афнагель.
Да арт.Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся на ПдУ Беларусі; у Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім, Брагінскім, Рэчыцкім, Жлобінскім, Хойніцкім, Светлагорскім, Калінкавіцкім і Нараўлянскім р-нах. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі на Пн, з Чарнігаўскім на Пд, з Прыпяцкім і Мазырскім Палессем на З, з раўнінамі Бранскай вобл. Расіі на У. Выш. 100—150 м, пл. каля 16,5 тыс.км², працягласць з З на У да 126 км, з Пн на Пд каля 180 км. У тэктанічных адносінах прымеркавана пераважна да Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою і антрапагену. Асабліва развіты верхнедэвонскія саляносныя адклады магутнасцю да 3000 м. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць ад 20 м на Пд да 60 м на ПнЗ) складзена з асадкаў 3 ледавіковых і міжледавіковых перыядаў. Паверхня Гомельскага Палесся пласкахвалістая, радзей хвалістая, з нахілам на Пд. Ваганні адносных вышынь 3—5 м/км². Азёрна-алювіяльная і алювіяльная тэрасаваныя раўніны значна пашыраны на У, у межах Прыдняпроўскай нізіны. На Гомельскім Палессі найб. вылучаюцца Хойніцка-Брагінскія вышыні, на левабярэжжы р. Прыпяць — Юравіцкае ўзвышша. Уздоўж правага берага Дняпра вылучаюцца пясчаныя зандравыя раўніны. У далінах рэк Дняпро, Прыпяць і Сож выразныя поймы і 2 надпоймавыя тэрасы. Паверхня тэрас слабахвалістая, ускладненая дзюнамі, астанцамі, марэнамі ў выглядзе ўзгоркаў, лагчынамі, западзінамі. Карысныя выкапні: нафта, соль, торф, гліны, мел, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600 мм за год. Гомельскае Палессе прарэзана Дняпром і нізоўямі яго прытокаў — Сажа, Бярэзіны і Прыпяці. На У нізоўі рэк Беседзь, Іпуць, Уць; у зах.ч. цякуць рэкі Жалонь, Мытва, Віць, Іпа; у паўд. — р. Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пясчана-супясчаныя, на балотах — тарфянабалотныя, у поймах гал. рэк — алювіяльныя дзярновыя забалочаныя. Найб. лясістасць (да 55%) на ПдЗ, найменшая (да 22%) на ПдУ. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорна-альховыя, бярозавыя лясы і дубровы. У поймах рэк злакавыя астэпаваныя і злакавыя гідрамезафільныя лугі. Пад ворывам 25%, сухадольнымі лугамі і пашай 19%, забалочана 7% тэр. У межах Гомельскага Палесся Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, бат. заказнікі Веткаўскі і Шабрынскі, біял. заказнік Чырковіцкі, ландшафтныя заказнікі Стрэльскі і Смычок.
Да арт.Гомельскае Палессе. Меліяраванае балота ў Хойніцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,
геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.
Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.
На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняй ч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Займае цэнтр. і ўсх.ч. Віцебскага і паўн.ч. Лёзненскага р-наў Віцебскай вобл., на У заходзіць на тэр. Смаленскай вобл. Расіі. Мяжуе з Лучоскай нізінай на Пд, Чашніцкай раўнінай на ПдЗ, Полацкай нізінай на З, Гарадоцкім узв. на ПнЗ і Суражскай нізінай на ПнУ. Працягнулася з З на У на 65 км, з Пн на Пд на 40 км. Самае высокае ў Бел. Паазер’і ўзвышша, пераважаюць выш. больш за 200 м, найбольшая 296 м (Гаршэва гара). Пл. Віцебскага ўзвышша больш за 1900 км².
Прымеркавана да Віцебскай мульды Аршанскай упадзіны. Паверхня адкладаў платформавага чахла ўтварае высокае (120—140 м над узр. м) моцна расчлянёнае плато, складзенае з даламітаў, вапнякоў і глін верхняга дэвону, даламіты ўтвараюць Віцебскія парогі на р.Зах. Дзвіна, на Рубскім выступе залягаюць блізка каля зямной паверхні. Тоўшчу антрапагену магутнасцю каля 60 м складаюць 5—6 ледавіковых комплексаў, у якіх пераважаюць марэнныя суглінкі, супескі і міжледавіковыя ўтварэнні (торф, азёрныя і алювіяльныя суглінкі, супескі і пяскі). Асн рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў Віцебскую фазу адступання паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: даламіт (радовішча Гралева), легкаплаўкія і цэментныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф.
Паверхня складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў і супескаў з валунамі, месцамі перакрытых лёсападобнымі пародамі. У рэльефе вылучаюцца 2 ч.: астраўныя, лёдападзельны масіў на ПнЗ і ў цэнтры, і краявыя ледавіковыя ўтварэнні на Пд. Лёдападзельны масіў мае форму кліна з вяршыняй на Пн, характарызуецца буйна- і сярэднеўзгорыстым рэльефам з адноснымі перавышэннямі да 30 м і больш. Паверхня парэзана ярамі і лагчынамі. Паўн. схіл стромкі, паўд. больш спадзісты. На Пд Віцебскага ўзвышша выразны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф, выш. якога да 180 м над узр. м., адносныя перавышэнні 10—15 м. Пашыраны камы, камавыя тэрасы на бартах лагчын, далінныя зандры, трапляюцца озы, суфазійныя западзіны. У межах Віцебскага ўзвышша знаходзіцца тыповае агаленне мікулінскага міжледавікоўя (Смаленская вобл.). Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Рачная сетка належыць да бас.р.Зах. Дзвіна. Віцебскае ўзвышша дрэніруюць рэкі Віцьба, Лучоса (у ніжнім цячэнні) і яе прытокі Ласасіна і Чарніца, а таксама Вымнянка і Рутавеч — прытокі Касплі. Найб. азёры Вымна, Янавіцкае. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя, месцамі завалуненыя, і тарфяна-балотныя. Пад ворывам 35%, пад лесам 16% тэрыторыі. Захаваліся шыракаліста-яловыя, хваёва-яловыя, яловыя лясы, пашыраны другасныя шэраалешнікі, асінавыя і бярозавыя лясы. Лугі злакава-сухадольныя і злакава-нізінныя. На пераходных балотах і ўскраінах вярховых — карэнныя пушыстабярозавыя і хваёва-пушыстабярозавыя лясы, на нізінных — чорнаалешнікі.
А.Ф.Санько.
Віцебскае ўзвышша каля в. Веляшковічы Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),
штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 8053 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд.ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч.прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотахвял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр. штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ.квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваля еўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.
Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар.т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус.т-ва ўзаемадапамогі і інш.Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-та Амерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел,амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш. Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг. жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.