1) камедыйны жанр у ант.нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр. ці быт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́БІС (Nabis; ? — каля 192 да н.э.),
правіцель Спарты [207—192 да н.э.]. Паходзіў з царскага роду Эўрыпантыдаў. Паслядоўнік Агіса IV і Клеамена III. Правёў шэраг радыкальных сац. рэформ: частку алігархаў выгнаў, некаторых пакараў смерцю; канфіскаваў землі буйных землеўладальнікаў і раздаў беззямельным спартыятам і ілотам, апошніх надзяліў грамадз. правамі. Гэта садзейнічала ўмацаванню спартанскай арміі. Такія ж рэформы правёў у захопленым ім Аргасе. Імкнуўся падпарадкаваць Месенію, што выклікала вайну супраць Н. Ахейскага саюза. Пасля заключэння ў 195 міру ўлада Н. была абмежавана тэр. Спарты. Новыя ваен. дзеянні скончыліся для Н. паражэннем. Ён быў забіты, а Спарта далучана да Ахейскага саюза. Пра Й. пісалі ант. аўтары Палібій, Плутарх, Дыядор Сіцылійскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТЭ́Н (Plantin, Plantijn) Крыстаф (каля 1514, Сент-Авертэн, каля г. Тур, Францыя — 1.7.1589), нідэрландскі выдавец-друкар. Вывучаў пераплётную і друкарскую справу ў Францыі. У 1549 у Антверпене (Бельгія) адкрыў пераплётную майстэрню, у 1555 — друкарню (існавала да 1865, з 1877 музей) і філіялы друкарні ў Парыжы і Лейдэне. За 34 гады выдавецкай дзейнасці фірма Плантэнаў «Афіцына Плантыніяна» выдала на высокім паліграф. і маст. узроўні больш за 1600 назваў кніг на розных мовах з гравюрамі на медзі — навук. працы па анатоміі, батаніцы, геаграфіі і гісторыі, творы ант. аўтараў з каментарыямі вучоных, літургічную і тэалагічную л-ру, у т. л. «Каралеўскую Біблію — Біблію паліглота» (т. 1—8, 1569—73) на 4 мовах, кішэнныя выданні, каталогі сваіх кніг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЦІ (італьян. putti, мн. л. ад putto літар. дзіця),
выявы маленькіх хлопчыкаў, часам крылатых; улюблёны дэкар. матыў у мастацтве Адраджэння, а таксама 17—18 ст. П., якія спалучалі рысы ант. эротаў і хрысц. анёлаў, сведчылі пра зацвярджэнне ў мастацтве пачуццёвага, свецкага пачатку. Выявы П. сустракаюцца ў застаўках некат. выданняў Ф.Скарыны (Прага, 1518—19). Найб. пашыраны ў скульпт. аздабленні інтэр’ераў бел. храмаў 18 ст. (лепка, разьба па дрэве); гал. і бакавыя алтары Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, інтэр’еры касцёлаў аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на, бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, Троіцкай царквы ў в. Вольна Баранавіцкага р-на і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФ (Korinthos),
горад у Грэцыі, на Пн в-ва Пелапанес. Адм. ц. нома Карынфія. Каля 30 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Карынфскім канале (вываз разынак, аліўкавага алею). Буйнейшы ў краіне нафтаперапр.з-д. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі.
У старажытнасці — горад-дзяржава (поліс). Засн., верагодна, у 9 ст. да н.э.дарыйцамі. У 8—7 ст. да н.э. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (вырабы з бронзы і керамікі), стварыў калоніі Сіракузы, Керкіра, Патыдэя і інш. У 7—6 ст. да н.э. дасягнуў найб. росквіту. У канцы 6 ст. да н.э. ўступіў у Пелапанескі саюз, удзельнічаў у грэка-персідскіх войнах 500—449 да н.э. Супярэчнасці паміж Афінамі і К. былі адной з прычын Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Вёў Карыкфскую вайну 395—387 да н.э. У 243 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. У 146 да н.э. захоплены і разбураны рымлянамі, у 46 да н.э. адбудаваны, з 27 да н.э.гал. горад рым. правінцыі Ахая. У 51 н.э. заснавана першая хрысц. абшчына. У 395 разбураны вестготамі, у 521 — моцным землетрасеннем. Пасля аднаўлення (522—523) — крэпасць. З 1205 пад уладай Візантыі, у 1455—1822 у складзе Асманскай імперыі. Сучасны К. адбудаваны за 6 км на ПдЗ ад старажытнага пасля моцнага землетрасення 1858. З 1896 вядуцца рэгулярныя археал. раскопкі. Захаваліся: храм Апалона (каля 550 да н.э.), рым. агара (15 н.э.), грэч. і рым. жыллёвыя кварталы, храмы, адэон, тэатр рым. часоў; ант. і сярэдневяковыя ўмацаванні на гары Акракарынф; руіны свяцілішча Пасейдона (5 ст. да н.э.), стадыёна пач. 4 ст. да н.э., рым. тэатра і тэрмаў; крэпасць Юстыніяна 6 ст., рэшткі ант. і сярэдневяковых абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПЛАТАНІ́ЗМ,
ідэалістычны кірунак ант. філасофіі 3—6 ст.; апошні этап развіцця ант.платанізму. Узнік на глебе філас. ідэй Платона і яго паслядоўнікаў у Рым. імперыі ў перыяд яе распаду, крызісу і разлажэння рабаўладальніцкага грамадства. Заснавальнік Плацін, найб. значныя прадстаўнікі — Парфірый, Амелій і Прокл. Н. існаваў у форме мноства асобных школ і гурткоў. Яго фундамент складае вучэнне Платона аб існаванні двух светаў: вечнага, нязменнага, сапраўднага свету ідэй і свету пачуццёвых рэчаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем і адлюстраваннем ідэй. У прадстаўнікоў Н. гэта тэорыя прыняла форму вучэння аб містычным выцяканні, выпраменьванні матэрыяльнай рэчаіснасці з нематэрыяльнага, духоўнага першапачатку. Паводле яе ў пабудове сусвету існуе пэўная іерархія, на чале якой стаіць звышіснае «адзінае», або першаснасць, а далей у парадку эманацыі (сыходжання) ідуць быццё-розум з ідэямі ў ім і сусв. душа, што звернута да розуму і свету пачуццёвых рэчаў. Яна распадаецца на анёлаў і людзей; на апошнім ніжэйшым месцы знаходзіцца матэрыяльны свет. Звяртанне да містычнай інтуіцыі і экстазу з мэтай спасціжэння вышэйшай ісціны надае Н. характар тэасофіі. Вынікі эвалюцыі платонаўскай філасофіі ў межах язычніцкага політэізму падвёў Прокл у форме дэталёвага пераліку асн. паняццяў і метадаў Н. З узнікненнем хрысціянства Н. знайшоў пэўны змест, які быў выкарыстаны ў далейшай распрацоўцы філас. абгрунтавання хрысц. рэлігіі (трактоўка матэрыяльнага свету ў якасці ілюзорнага і грахоўнага, пазбаўленне ад усяго цялеснага і далучэнне да боскай сутнасці пры дапамозе містычнага азарэння душы, экстазу). Н. паўплываў на хрысц. патрыстыку, развіццё сярэдневяковай філасофіі (М.Кузанскі, Дж.Бруна), філас. поглядаў Б.Спінозы, Г.Лейбніца, прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі Г.Гегеля, Ф.Шэлінга, рус. філасофіі (У.С.Салаўёў, М.А.Лоскі, С.Л.Франк). Ідэі Н. ўвайшлі ў некат. кірункі сучаснай філас. думкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛАГЕ́ТЫКА (ад грэч. apologētikos абараняльны),
1) раздзел хрысц. багаслоўя, які пры дапамозе аргументаў, звернутых да розуму і свядомасці чалавека, адстойвае веравучэнне; у вузкім сэнсе — гал. багаслоўе, грунтоўная тэалогія. Асновы апалагетыкі закладзены ў 2—3 ст. Юсцінам, Тацыянам, Арыгенам, Тэртуліянам і інш. для абароны хрысціянства ад іудзейства, «язычніцтва» (пад ім разумелася ант. філасофія), дзярж. улад, ерасяў. Пашырана гал. чынам у праваслаўі і каталіцызме. Змест апалагетыкі — інтэрпрэтацыя сутнасці рэлігіі, абвяржэнне накіраваных супраць яе абвінавачванняў, абгрунтаванне перавагі той ці інш. канфесіі. Апелюючы да розуму, апалагетыка ўсё ж лічыць, што нават лагічна абгрунтаваная сістэма догматаў павінна прымацца на веру, бо апошняя ў тэалогіі вышэйшая за розум.
2) У пераносным сэнсе апалагетыка — прадузятая абарона, тэндэнцыйнае ўсхваленне чаго-небудзь, каго-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РГАС (Argos),
горад у Грэцыі на п-ве Пелапанес. Засн. ў пач. 2-га тыс. да н.э. У 15—14 ст. да н.э. адзін з цэнтраў ахейскага аб’яднання. Пасля захопу яго ў 12—11 ст. да н.э. дарыйцамі гал. сапернік Спарты. Дасягнуў росквіту ў час праўлення тырана Федона (7 ст. да н.э.), які першы ў Грэцыі пачаў чаканіць сярэбраную манету. У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. захоўваў нейтралітэт. У 4 ст. да н.э. трапіў у залежнасць ад Македоніі. У 229 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. З 146 да н.э. пад уладай Рыма. У 297 і 395 н.э. разбураны готамі. У ант. часы з мастацкай школы Аргаса выйшлі грэч. скульптары Агелад, Паліклет, Палімед. Археал. раскопкі вядуцца з 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛХІ́МІЯ (позналац. alchimia ад араб. аль-кімія),
данавуковы кірунак развіцця хіміі; своеасаблівая з’ява культуры. Узнікла ў Егіпце (3—4 ст.н.э.), атрымала пашырэнне ў Зах. Еўропе (11—13 ст.). Гал. мэта — пошукі «філасофскага каменя» для ператварэння звычайных металаў у золата і серабро, атрымання эліксіру неўміручасці, універсальнага растваральніку і інш.
Тэарэт. ўяўленні алхіміі — перапляценне рэлігійна-містычных вучэнняў язычніцтва, хрысціянства, іудаізму і ант. філасофіі. На працягу шматвяковых спробаў іх практычнага ўвасаблення алхімікі адкрылі або ўдасканалілі спосабы атрымання мінер. і раслінных фарбаў, лек. сродкаў, шкла, эмаляў, металаў і іх сплаваў, кіслот, шчолачаў, соляў, а таксама распрацавалі прыёмы хім. аперацый (фільтраванне, перагонка, узгонка і інш.). На аснове назапашаных звестак у 17—18 ст. Пачалося станаўленне хіміі як навукі (працы Р.Бойля, М.В.Ламаносава, А.Лавуазье і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЗМ (франц. académisme),
1) чыста тэарэт. кірунак, традыцыяналізм у навуцы і асвеце.
2) Адарванасць навукі, мастацтва, асветы ад жыцця і грамадскай практыкі.
3) У выяўленчым мастацтве — кірунак, які склаўся ў маст. акадэміях 16—19 ст. (гл. ў арт.Акадэміі мастацкія) і прытрымліваўся традыцыйных правілаў класічнага мастацтва антычнасці і Адраджэння. Садзейнічаў сістэматызацыі маст. адукацыі, замацаванню класічных традыцый (гл.Класіцызм), якія ператвараліся ім у «вечныя» каноны. Лічачы, што сучаснае жыццё не вартае высокага мастацтва, акадэмізм проціпастаўляў яму надчасавыя і наднац. нормы прыгажосці, ідэалізаваныя вобразы, далёкія ад рэальнасці сюжэты (з ант. міфалогіі, Бібліі), што падкрэслівалася ўмоўнасцю мадэліроўкі, колеру і малюнку, тэатральнасцю кампазіцыі. Пад націскам мастакоў-рэалістаў і творчай апазіцыі акадэмізм распаўся і відазмяніўся. У 20 ст. ў шэрагу краін ён часам выяўляўся ў адноўленых формах неакласіцызму.