НЕАПЛАТАНІ́ЗМ,

ідэалістычны кірунак ант. філасофіі 3—6 ст.; апошні этап развіцця ант. платанізму. Узнік на глебе філас. ідэй Платона і яго паслядоўнікаў у Рым. імперыі ў перыяд яе распаду, крызісу і разлажэння рабаўладальніцкага грамадства. Заснавальнік Плацін, найб. значныя прадстаўнікі — Парфірый, Амелій і Прокл. Н. існаваў у форме мноства асобных школ і гурткоў. Яго фундамент складае вучэнне Платона аб існаванні двух светаў: вечнага, нязменнага, сапраўднага свету ідэй і свету пачуццёвых рэчаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем і адлюстраваннем ідэй. У прадстаўнікоў Н. гэта тэорыя прыняла форму вучэння аб містычным выцяканні, выпраменьванні матэрыяльнай рэчаіснасці з нематэрыяльнага, духоўнага першапачатку. Паводле яе ў пабудове сусвету існуе пэўная іерархія, на чале якой стаіць звышіснае «адзінае», або першаснасць, а далей у парадку эманацыі (сыходжання) ідуць быццё-розум з ідэямі ў ім і сусв. душа, што звернута да розуму і свету пачуццёвых рэчаў. Яна распадаецца на анёлаў і людзей; на апошнім ніжэйшым месцы знаходзіцца матэрыяльны свет. Звяртанне да містычнай інтуіцыі і экстазу з мэтай спасціжэння вышэйшай ісціны надае Н. характар тэасофіі. Вынікі эвалюцыі платонаўскай філасофіі ў межах язычніцкага політэізму падвёў Прокл у форме дэталёвага пераліку асн. паняццяў і метадаў Н. З узнікненнем хрысціянства Н. знайшоў пэўны змест, які быў выкарыстаны ў далейшай распрацоўцы філас. абгрунтавання хрысц. рэлігіі (трактоўка матэрыяльнага свету ў якасці ілюзорнага і грахоўнага, пазбаўленне ад усяго цялеснага і далучэнне да боскай сутнасці пры дапамозе містычнага азарэння душы, экстазу). Н. паўплываў на хрысц. патрыстыку, развіццё сярэдневяковай філасофіі (М.​Кузанскі, Дж.​Бруна), філас. поглядаў Б.​Спінозы, Г.​Лейбніца, прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі Г.​Гегеля, Ф.​Шэлінга, рус. філасофіі (У.​С.​Салаўёў, М.​А.​Лоскі, С.​Л.​Франк). Ідэі Н. ўвайшлі ў некат. кірункі сучаснай філас. думкі.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)