ДЫ́ЛІУС ((Delius) Фрэдэрык Тэадор Альберт) (29.1.1862, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 10.6.1934),
англійскі кампазітар. З 1884 у ЗША, вывучаў негрыцянскі фальклор, у т. л.спірычуэлы (іх інтанацыі ўвасоблены ў многіх яго творах). З 1897 у Францыі. Майстар яркіх, незвычайных гармоній, адзін з першых англ. кампазітараў, якія звярталіся да нац. крыніц і вобразаў. Сярод твораў: оперы (6), у т. л. «Сельскія Рамэо і Джульета» (паст. 1907), «Ірмелін» (1953), «Фенімор і Герда» (1919); для салістаў, хору і аркестра — «Песні захаду сонца» (1907), Рэквіем (1916), «Песні развітання» (1930); для аркестра — «У летнім садзе» (1908), «Песня гор» (1911), «Песня лета» (1930); сюіты («Фларыда», 1887), рапсодыі і інш.; 4 канцэрты для інструментаў з аркестрам (1897—1921); 4 санаты для скрыпкі і фп. (1892—1930); для голасу з аркестрам — «Шакунтала» (1889) і інш.; камерна-вак.творы, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМСАХУ́РДЫЯ (Канстанцін Сіманавіч) (15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),
грузінскі пісьменнік. Акад.АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццё груз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст.Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЫН (Усевалад Міхайлавіч) (14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.Лупсякоў, М.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕ́ЗДАСЛАЎ (Hviezdoslav) Павал [сапр.Орсаг
(Országh); 2.2.1849, Вышні Кубін, Славакія — 8.11.1921], славацкі паэт. Рэфарматар славацкай мовы і стылістыкі. Дэбютаваў нізкай вершаў «Паэтычныя першынцы» (1868). Аўтар цыклаў «Сны маладосці» (1877),
«Санеты» (1882—86), «Псалмы і гімны» (1882—92), «Парасткі» (1885—93), «Праходкі вясною» і «Праходкі летам» (абодва 1898), «Скрухі» (1900—15), «Водгулле» (1909—19), «Крывавыя санеты» (1914); эпічных паэм «Леснікова жонка» (1886), «Эжа Влкалінскі» (1890), «Габар Влкалінскі» (1897—99); філас.-этычных твораў на біблейскія сюжэты (паэмы «Рахіль», 1892; «Каін» і «Сон Саламона», абедзве 1900; трагедыя «Ірад і Ірадыяда», 1909, і інш.). Перакладаў творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Міцкевіча, Ш.Пецёфі, І.В.Гётэ і інш.
Тв.:
Spisy. Sv. 1—12. Martin;
Bratislava, 1951—57;
Бел.пер. — З «Крывавых санетаў» // Славацкая паэзія. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУ́ЛІО РАМА́НА [Giulio Romano; сапр.Піпі, Pippi; 1492 або 1499, Рым — 1.11.1546],
італьянскі архітэктар і жывапісец. У 1515—24 працаваў у Рыме. Вучань Рафаэля, разам з якім размалёўваў Станцы і Лоджыі Ватыкана, пасля смерці настаўніка завяршыў размалёўку вілы Мадама (1521). З 1524 працаваў у Мантуі пры двары герцагаў Ганзага. Паступова адышоў ад класічных прынцыпаў мастацтва Высокага Адраджэння да маньерызму. Яго жывапісным творам уласцівы кампазіцыйная перагружанасць, ускладненасць ракурсаў і поз. У арх. пабудовах падкрэсленая пластыка і кантрастнасць формаў, мудрагелістая фактура руставаных паверхняў (асабісты дом у Мантуі, 1544) часта спалучаюцца з нечаканымі вонкавымі эфектамі, якія парушаюць строгую тэктоніку ордэрнай сістэмы (Палацца Дукале ў Мантуі, 1538—39). У сваім гал.творы — Палацца дэль Тэ ў Мантуі (1525—34) прадвызначыў далейшыя шляхі архітэктуры, стварыў адзін з ранніх прыкладаў восевай кампазіцыі.
Джуліо Рамана. Размалёўка «Залы гігантаў» Палацца дэль Тэ ў Мантуі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЙЛ ((Doyle) Артур Конан) (22.5.1859. г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 7.7.1930),
англійскі пісьменнік. Скончыў мед.ф-т Эдынбургскага ун-та (1881). Дэбютаваў у 1879 апавяданнем «Тайна даліны Сэсаса». Аўтар прыгодніцкіх («Выгнаннікі», 1893, «Родней Стон», 1896) і навук.-фантаст. («Згублены свет», 1912, «Атручаны пояс», 1913) раманаў і аповесцей, у т. л. «Маракотава бездань» (1929). Сусв. вядомасць прынеслі творы, аб’яднаныя вобразам сышчыка-аматара Шэрлака Холмса: «Знак чатырох» (1890), «Сабака Баскервіляў» (1901—02), «Даліна жаху» (1914—15), зб. апавяданняў «Прыгоды Шэрлака Холмса» (1891—92) і інш. Прадаўжаючы традыцыі Э.По і У.Колінза, развіў дэтэктыўны жанр, у якім спалучаў драматызм і дынаміку апавядання з псіхал. перакананасцю вобразаў. У Лондане створаны мемар. Музей Шэрлака Холмса.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.: У 12 т. Т. 1—3. М., 1992—94.
Літ.:
Карр Дж.Д. Жизнь сэра Артура Конан Дойла: [Пер. с англ.]. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГО́Й, Дрэгой (Dragoi, Drăgoi) Сабін (18.6.1894, г. Сэліштэ, Румынія — 31.12.1968), румынскі кампазітар, фалькларыст. Засл. дз. маст. Румыніі (1953). Чл.-кар. Акадэміі Румыніі (1953). Вучыўся ў Клужскай (1919—20), удасканальваўся ў Пражскай (1920—22) кансерваторыях. Праф. кансерваторый у Тымішаары (1924—42 і 1946—50, у 1925—43 таксама дырэктар) і Бухарэсце (1950—52). Дырэктар Опернага т-ра ў Тымішаары (1940—47), Ін-та фальклору ў Бухарэсце (1950—64). У творчасці апіраўся на рум.сял. песні. Сярод твораў: оперы «Напасць» (паст. 1928), «Пэкалэ» (паст. 1962); араторыі, кантаты; «Сельскі дывертысмент» для стр. аркестра (1928), канцэрт для фп. з аркестрам (1941); хар.творы, музыка да кінафільмаў. Відны даследчык рум. фальклору (запісаў каля 3000 нар. мелодый). Аўтар апрацовак нар. мелодый для фп. і голасу з фп., зборнікаў нар. песень (калядкі, дойны), артыкулаў. Дзярж. прэміі Румыніі 1950, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЗЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.5.1948 г. Гродна),
бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец.муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творыбел. кампазітараў (Л.Абеліёвіча, А.Багатырова, Я.Глебава, У.Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.Сікорскі, В.Бельцюкова, Н.Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар.муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАРО́Ў (Іваноў) Карп Іванаў
(?—1698),
жывапісец і залатапісец у Маскоўскай дзяржаве. Паходзіў з Беларусі. У канцы 1650-х г. працаваў у Нова-Іерусалімскім манастыры каля Масквы, потым «жалаваны» жывапісец Маскоўскай Аружэйнай палаты. Выконваў (з І.Безміным) жывапісныя творы для Церамнога палаца Маскоўскага Крамля, размалёўваў слупы ў Пакроўскім саборы і печы ў царскіх харомах с. Ізмайлава, Троіцкую праязную вежу-браму ў Крамлі, іканастас Сергіеўскай царквы с. Вараб’ёва. Аўтар партрэта патрыярха Іаакіма (1678), абразоў «Пакуты божыя», «Уваскрэсенне Хрыста», «Пакровы Маці Божай», харугваў з карцінамі «Уваскрэсенне Хрыста» і «Успенне Багародзіцы» для Страснога манастыра ў Маскве. Удзельнічаў у стварэнні іканастасаў царквы Успення Багародзіцы ў трапезнай Новадзявочага манастыра (1685), Вял. сабора Данскога манастыра ў Маскве (1698) і інш. Намаляваў на паперы «12 месяцаў і бегі нябесныя», прапісваў золатам чарцяжы і тэкст рукапіснай кнігі «Пра млынавую будову». Меў вучняў.