УЭ́ЛЦІ (Welty) Юдора (13.4.1909, г. Джэксан, штат Місісіпі, ЗША — 23.7.2001),

амерыканская пісьменніца. Скончыла Жаночы ун-т штата Місісіпі, у 1929 атрымала ступень бакалаўра. Друкавалася з 1936. Вядомасць прынёс зб. навел «Зялёная заслона» (1941), у якім жыццё жыхароў поўдня апісана з іроніяй, падчас з насмешкай, але заўсёды з выразнай сімпатыяй. У рамане «Заручыны ў Дэльце» (1946) праз успрыманне 9-гадовай дзяўчынкі паказаны калект. партрэт сямейнага клана жыхароў поўдня, у рамане «Нерашучае сэрца» (1954) будні правінцыяльнага гарадка. Аўтар раманаў «Прайграныя бітвы» (1970), «Дачка аптыміста» (1972), аповесці «Жаніх-разбойнік» (1942), зб-каў навел «Залатыя яблыкі» (1949), «Нявеста з Інісфалена» (1955), аўтабіяграфіі «Вытокі аднаго пісьменніцкага жыцця» (1984) і інш.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІКАМІКО́ЗЫ,

інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца ніжэйшымі грыбамі фікаміцэтамі. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі найб. хварэюць буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі, коні, птушкі і інш. Адрозніваюць вісцэральны (сістэмны) і падскурны Ф.

Споры грыба пранікаюць у арганізм жывёл праз стрававальны тракт, дыхальныя шляхі і пашкоджаную скуру. Вісцэральны Ф. характарызуецца развіццём гранулём у лімфатычных вузлах, печані, лёгкіх і нырках, таксама язваў у страўніку і кішэчніку. Падскурны Ф. характарызуецца лакалізаваным хранічным запаленнем скуры і слізістых абалонак з разрастаннем тканак. Сустракаецца пераважна ў коней. Адрозніваюць 2 тыпы гэтай хваробы: гіфамікоз (з пашкоджаннем скуры ног) і гранулематоз (з пашкоджаннем скуры і слізістых абалонак насавых адтулін, насавых хадоў і губ). Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 16, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЛЯНКО́Ў Аляксандр Міхайлавіч (н. 7.5.1956, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод твораў: «8 сакавіка» (1983), «Вытокі» (1985), «Кожны год ля нашага дома зацвітаюць вяргіні» (1988), «Нязгаснае святло», «Памяці прыгарадных вёсак» (абодва 1989), «Настальгічны сон» (1990), «Ноч чакання», «Правінцыя», «Манастырскі сад» (усе 1991), «Храм» (1992); серыі «Песня бясконцай разлукі», «Белая настальгія» (1992), «Вялікі Пакроў» (1995), «Развітанне. А.​Міцкевіч», «Востраў забыцця», «Маладое віно» (1998), «Мелодыя цішыні» (2000), «Успамін» (2001), «Трыумфальная арка», «Спадчына» (абедзве 2002). У карцінах, якія вылучаюцца кампазіцыйнай і каларыстычнай раўнавагай, гісторыю перадае праз глыбокія філас. вобразы ў спалучэнні з сучаснымі матывамі і метафарычнасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 16, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ТЛІНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, каля в. Хотліна, за 18 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,23 км², даўж. 1,31 км, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Пл. вадазбору 97 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнута з Пн на Пд. Схілы катлавіны на Пд і ПдУ выш. 15—20 м (на З 4—6 м), разараныя, на ПдУ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, зараслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком, месцамі сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Праз возера цячэ р. Свяча, якая на Пн злучае яго з воз. Маеўскае.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЦЬКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свінка (цячэ праз возера), каля в. Доўгае, за 12 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,22 км², даўж. 1,13 км, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 4,3 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 28,3 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнута з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. 7—10 м (на Пн 4—5 м), пераважна разараныя або пад пашай, на ПдУ параслі лесам. Берагі на З высокія, на У нізкія, месцамі абразійныя, на Пн і Пд сплавінныя (шыр. сплавіны да 50 м). На Пн і Пд пойма шыр. да 100 м. Дно выслана гліністым ілам. Зарастае.

т. 17, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТР ІНЕ́РЦЫІ,

цэнтр мас, пункт, месцазнаходжанне якога характарызуе размеркаванне мас у целе ці мех. сістэме. Супадае з пунктам, праз які праходзіць раўнадзейная паралельных масавых сіл, прыкладзеных да дадзенай сістэмы, напр., сілы цяжару (гл. Цэнтр цяжару).

Радыус-вектар Ц.і. мех. сістэмы, якая складаецца з n матэрыяльных пунктаў, вызначаецца па формуле: r_i = 1 M ∑ i=1 n mi ri , дзе M = 1 M ∑ i=1 n mi — маса ўсёй сістэмы, mi і r_i — маса і радыус-вектар і-га пункта адпаведна.

Пры руху сістэмы Ц.і. рухаецца як матэрыяльны пункт з масай, роўнай масе ўсёй сістэмы, на які ўздзейнічаюць усе прыкладзеныя да дадзенай сістэмы знешнія сілы.

т. 17, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНАЯ НЫ́РКА,

адзін з найб. пашыраных штучных органаў і апаратаў для пазаарганізмавага ачышчэння крыві (выдалення прадуктаў абмену рэчываў, таксінаў, падтрымання водна-электралітнага і кіслотна-шчолачнага балансу).

У Ш.н. кроў паступае з артэрыі (напр., праз катэтар), дзе яна праходзіць сістэму трубак, поласцей з паўпранікальнай мембраны, якія абмываюцца спец. растворам. Потым кроў вяртаецца ў вянознае рэчышча. Работа Ш.н. засн. на гемадыялізе і ультрафільтрацыі. Усе апараты Ш.н. складаюцца з дыялізатара, перфузійнай прылады (катэтары, помпы і інш.) для руху крыві наперад, канструкцыі для прыгатавання і падачы ў дыялізатар дыялізуючага раствору і манітора. Выкарыстоўваецца пры вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці. З дапамогай Ш.н. (апарат падключаецца перыядычна) жыццё хворага можа падтрымлівацца некалькі гадоў.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЛЬЦ (Schulz) Фрыдрых (1762, г. Магдэбург, Германія — 1798),

нямецкі пісьменнік, падарожнік. Скончыў ун-т у Гале (?), дзе выкладаў мовы. Пазней працаваў у Дрэздэне, Вене, Берліне, Веймары, Парыжы. З 1790 праф. акадэміі ў г. Мітава (Курляндыя). У 1791 абраны паслом ад мяшчанскага саслоўя на Чатырохгадовы сойм 1788—92 Рэчы Паспалітай. Паездку на сойм апісаў у кн. «Падарожжа ліфляндца з Рыгі да Варшавы» (1797), дзе даў звесткі пра тагачаснае паліт. жыццё і норавы Рэчы Паспалітай, апісаў жыллё і вопратку бел. сялян, забудову г. Гродна і інш. У 1793—94 падарожнічаў па Італіі. Аўтар раманаў, апавяданняў, дарожных нататак, гісторыі Франц. рэвалюцыі.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

Т.Шульц.

т. 17, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУП (ваен.),

прылада для выяўлення мін, бомбаў і інш. боепрыпасаў у грунце (да 15 см) і пад снегам (на ўсю таўшчыню покрыва, да зямлі). Ш. заводскай вытв-сці складаецца з завостранага стальнога стрыжня і рукаяткі (з 3 драўляных звёнаў). Бываюць даўж. 0,8 м (для дзеянняў сапёра ў ляжачым становішчы) і 1,5—2 м (для дзеянняў у стаячым становішчы). Ш. праколваюць грунт пад вуглом 25—45° на адпаведную глыбіню праз кожныя 20 см; месца, дзе стрыжань натыкаецца на цвёрды прадмет, уважліва аглядваюць. Выкарыстоўваюцца таксама глыбінныя Ш. даўж. да 6 м, якія ўводзяць у грунт пры дапамозе калаўроціка.

І.​А.​Шор.

Зборны шчуп: а — прамая ўстаноўка наканечніка; б — нахіленая ўстаноўка наканечніка.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАТО́Н (ад электра... + грэч. tonos напружанне),

змена ўзбудлівасці і праводнасці жывой тканкі ад дзеяння пастаяннага эл. току. Выяўлены ням. фізіёлагам Э.​Пфлюгерам (1859).

Адрозніваюць анэлектратон, катэлектратон і катадычную дэпрэсію. Пры дзеянні пастаяннага эл. току на нерв. валакно або мышцу непасрэдна пад катодам і ў суседніх участках тканкі павышаецца ўзбудлівасць (катэлектратон); пад анодам яна зніжаецца (анэлектратон). Пры працяглым уздзеянні эл. току на тканкі характар узбудлівасці мяняецца: пад катодам пач. павышэнне змяняецца паніжэннем (катадычная дэпрэсія). Праходжанне пастаяннага эл. току праз жывыя клеткі суправаджаецца зменамі палярызацыі іх мембран у бок змяншэння (дэпалярызацыя) і ў бок павелічэння (гіперпалярызацыя). Вывучэнне Э. дазволіла выкарыстоўваць яго ў эксперым. нейрафізіялогіі, неўралагічнай і нейрахірург. практыцы.

т. 18, кн. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)