цяпер г.Арабет-эль-Мадфунах, адзін з найб. гарадоў Стараж. Егіпта, дзе, паводле легенды, быў забіты і пахаваны бог Асірыс. Гісторыя Абідаса прасочваецца з сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. У эпоху Сярэдняга царства (каля 2050—каля 1700 да н.э.) стаў гал. цэнтрам культу Асірыса, у выніку чаго ўзнік звычай рабіць у Абідасе паломніцтва, хаваць там нябожчыкаў і ставіць памінальныя надпісы. Захаваліся рэшткі 2 храмаў, пабудаваных у гонар Асірыса фараонамі Сеці I (14 ст. да н.э.) і Рамсесам II (14—13 ст. да н.э.), а таксама кенатаф Сеці I.
Залатыя завушніцы Рамсеса II, знойдзеныя ў Абідасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Т (ад грэч. orchis яечка),
запаленне яечка. Адзначаецца ў чалавека і млекакормячых, часта спалучаецца з эпідыдымітамі. Неспецыфічныя архіты выклікаюцца бактэрыямі, вірусамі, часцей маюць другаснае паходжанне, спецыфічныя — узбуджальнікі туберкулёзу, бруцэлёзу, сіфілісу, актынамікозу. Ганарэйныя, трыхаманозныя, хламідыёзныя, мікаплазмавыя архіты перадаюцца палавым шляхам. Прычынай архіта могуць быць перакруты яечка і гідатыдаў, яго траўматычныя пашкоджанні. Пры вострых архітах павышаная балючасць пры хадзе, дотыку адзення, змена паходкі. Архіты могуць прывесці да атрафіі аднаго або абодвух яечак, што тоіць у сабе бясплоддзе і зніжэнне патэнцыі. Лечаць востры архіт ў стацыянары, хірург. ускрыццём гнайнікоў або выдаленнем яечка. Хранічныя архіты трэба дыферэнцыраваць ад злаякасных пухлін. Палавыя здольнасці, як правіла, захоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМПТО́ТА (ад грэч. asymptōtos які не супадае) крывой з бесканечнай галінай, прамая, да якой гэта галіна неабмежавана набліжаецца. напрыклад, асімптота гіпербалы y = 1/x — восі каардынат Ox і Oy. Крывая можа перасякаць сваю асімптоту (напр., графік затухальных ваганняў) або зусім не мець асімптоты (напр., парабала). Калі графік функцыі y = пры вялікіх х мае асімптоту, што вызначана ўраўненнем y = kx + b, то гэту функцыю можна вызначыць як = kx + b + a(x), дзе a(x)→0 пры x→∞. Выкарыстоўваецца ў матэм. аналізе.
Асімптоты: а — гіпербалы y = 1/x (восі каардынат Ox і Oy); б — графіка затухальнага вагання (вось Ot).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),
адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж.рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб.стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТЫ́ЗМ (ад грэч. autos сам),
крайняя форма псіхал. адчужэння, якая праяўляецца ў адыходзе чалавека ад кантакту з навакольным светам і паглыбленні ва ўласныя перажыванні. Тэрмін уведзены швейц. псіхолагам і псіхіятрам Э.Блейлерам (1857—1939) для абазначэння псіхічных парушэнняў, звязаных з паніжанай магчымасцю хворага чалавека кіраваць сваім мысленнем, адключацца ад пакутлівых думак, якія праяўляюцца ў пазбяганні ад любых кантактаў з людзьмі. Абазначае таксама пераважную арыентацыю індывіда на сваю ўнутраную карціну і ўнутраныя крытэрыі ў ацэнцы з’яў (гл.Эгацэнтрызм), гэтаму спадарожнічае страта інтуітыўнага разумення людзей, неадэкватнае эмацыянальнае рэагаванне на іх паводзіны. Аўтызм праяўляецца ў псіхічных хваробах, асабліва шызафрэніі. У некаторых псіхічна здаровых людзей мысленне можа мець пэўныя рысы аўтызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́ЛІЗ (ад грэч. dialysis раскладанне, аддзяленне),
метад раздзялення раствораных рэчываў, малекулярныя масы якіх значна розняцца.
Засн. на рознасці скарасцей дыфузіі такіх рэчываў праз мембрану, якая аддзяляе канцэнтраваны і разбаўлены растворы: раствораныя рэчывы з рознай скорасцю дыфундзіруюць у бок разбаўленага раствору. Раздзяленне раствору на кампаненты з дапамогай Д. ўпершыню праведзена англ. хімікам Т.Грэмам (1854). Для Д. звычайна выкарыстоўваюць плоскія мембраны на аснове цэлюлозы (цэлафан, купрафан) ці полыя валокны з полісульфону. Выкарыстоўваюць у вытв-сці штучных валокнаў (аддзяленне шчолачы ад геміцэлюлозы) і шэрагу біяхім. прэпаратаў, у медыцыне для лячэння атручэння, нырачнай недастатковасці і інш. хвароб. Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення, Гемадыяліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬВІГ (Антон Антонавіч) (17.8.1798, Масква — 26.1.1831),
рускі паэт, крытык, журналіст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817), дзе зблізіўся з А.С.Пушкіным. Дэбютаваў одай «На ўзяцце Парыжа» (1814). Выдаваў альманах «Северные цветы» (1825—31) і з Пушкіным «Литературную газету» (1830—31). Аўтар зб. «Вершы барона Дэльвіга» (1829). Асн. жанры яго лірыкі — перайманні стараж.-грэч. паэтаў (ідыліі) і вершы ў духу рус.нар. песень, элегіі, рамансы, пасланні. Адзін з першых распрацаваў у рус. паэзіі форму санета. Некат. тэксты Д. пакладзены на музыку: «Салавей» (муз. А.Аляб’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАСФЕ́Н (Demosthenes; каля 384, п-аў Атыка, Грэцыя — 12.10.322 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і прафес. прамоўца. Выступаў супраць захопніцкай палітыкі Македоніі і яе цара Філіпа II («філіпікі»), пасля чаго стаў прызнаным лідэрам Афін (341). Дамогся стварэння антымакед. кааліцыі стараж.-грэч. полісаў. У 330 да н.э.ўзнаг. афінянамі ганаровым залатым вянком. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323) зноў заклікаў да барацьбы супраць Македоніі. У выніку паражэння антымакед. кааліцыі ў Ламійскай вайне (323—322 да н.э.), ратуючыся ад праследавання, скончыў самагубствам. Захаваліся тэксты каля 60 прамоў, якія прыпісваюцца Д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМО́НЫ (ад грэч. gamos шлюб),
рэчывы палавых клетак, якія ўдзельнічаюць у працэсах асемянення і апладнення. Вылучаны амер. вучоным Ф.Лілі ў 1912—21. Знойдзены ў водарасцей, грыбоў, многіх жывёл (у т. л. чарвей, малюскаў, ігласкурых). Паводле хім. прыроды падзяляюцца на ўласна гамоны (відаспецыфічныя, павышаюць рухомасць сперматазоідаў), глікапратэіны (забяспечваюць узаемадзеянне са спецыфічнымі паверхневымі рэцэптарамі палавых клетак, выклікаюць аглюцінацыю сперміяў), лізіны (выдзяляюцца пры акрасомнай рэакцыі). Адрозніваюць жаночыя гамоны, або гінагамоны (гінагамон I, гінагамон II, яйцавы антыферылізін), і мужчынскія гамоны, або андрагамоны (андрагамон I, андрагамон II, андрагамон III, спермалізіны — рэчывы, які раствараюць абалонкі яйца).