КО́ЛЕР (лац. color),

1) уласцівасць прадметаў ці фіз. з’яў, якая ацэньваецца зрокавым адчуваннем. У пераважнай большасці выпадкаў колернае адчуванне ўзнікае пры ўздзеянні на вока бачнага выпрамянення (эл.-магн. выпрамянення з даўжынямі хваль ад 400 да 750 нм); часам узнікае пры націсканні на вока, эл. раздражненні і інш., а таксама па мысленнай асацыяцыі з інш. адчуваннямі (напр., гуку, цяпла) і ў выніку работы ўяўлення.

К. падзяляюцца на ахраматычныя (чорны, белы і прамежкавыя паміж імі шэрыя) і храматычныя (усе астатнія); характарызуюцца чысцінёй, насычанасцю, тонам і яркасцю. Адрозніваюць К. крыніц святла (вызначаецца спектрам крыніцы) і аб’ектаў, якія не свецяцца ўласным святлом. Прадмет мы бачым белым, калі ён аднолькава адбівае ўсе прамяні бачнага спектра, чорным — цалкам паглынае іх, шэрым — аднолькава, але не поўнасцю паглынае ўсе прамяні, каляровым — паглынае толькі некаторыя з іх. Успрыманне К. абумоўлена рознай рэакцыяй святлоадчувальных элементаў вока на святло рознай даўжыні хвалі і інтэнсіўнасці, але сігналы, што паступаюць у цэнтр. нерв. сістэму, успрымаюцца з улікам раней атрыманай інфармацыі, якая зберагаецца ў памяці чалавека. Гл. таксама Колернасці тэорыя.

2) К. у выяўленчым мастацтве, мастацкі сродак адлюстравання рэчаіснасці ва ўсім багацці яе фарбаў; важны элемент маст. твора, які выконвае ў ім выяўл. і выразныя функцыі і неадрыўна звязаны з інш. элементамі — кампазіцыяй, малюнкам, фактурай і інш.; аснова каларыту. К. розняцца паводле тону, насычанасці, светлаты, падзяляюцца на «цёплыя» і «халодныя». У працэсе развіцця мастацтва склалася багатая сімволіка К., якая мае гіст. і нац. абумоўлены характар, звязана з асаблівасцямі маст. стылю эпохі, відам мастацтва, творчымі задачамі. К. — асн. структурны элемент жывапісу, дзе найб. яскрава праяўляюцца яго выразныя магчымасці: перадача матэр. якасці асобных аб’ектаў (лакальны К.), іх размяшчэнне ў прасторы карцін (гл. Перспектыва), паветр. асяроддзя, асветленасці, сувязі з інш. аб’ектамі і навакольным асяроддзем. З’яўляецца асновай маст. вобраза твора, сродкам псіхал. характарыстыкі, перадачы эмац. стану персанажаў і інш. У манум. мастацтве выконвае дэкар. функцыі і аб’ядноўвае асобныя аб’екты ў адзіны ансамбль; выкарыстоўваецца ў графіцы, скульптуры (паліхромная скульптура), дэкар.-прыкладным мастацтве.

Я.​Г.​Міляшкевіч, Т.​В.​Пешына.

т. 8, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РА (лац. litteratura напісанае ад littera літара),

уся слоўная творчасць, зафіксаваная пісьмовым ці друкарскім спосабам; адзін з відаў мастацтва — мастацтва слова. У шырокім значэнні Л. — уся пісьменнасць наогул (тэхн., мед., паліт., рэліг., канцылярская, эпісталярная і інш.), у вузкім — толькі творы маст. пісьменнасці. Л. вылучаецца ў сістэме маст. культуры асаблівымі магчымасцямі глыбокага і рознабаковага адлюстравання жыцця і моцнага ўздзеяння на яго, а таксама асаблівай грамадскай значнасцю суб’екта творчасці.

Тэрмін «Л.» з’явіўся ў 18 ст., раней ужываліся «паэзія», «паэтычнае мастацтва», «прыгожая славеснасць», «славеснасць». Са старажытнасці Л. развівалася пераважна як сродак перадачы інфармацыі, сцвярджэння рэліг., пазнавальных, маральна-асветніцкіх ідэй і была непарыўна звязана з грамадскай думкай, гістарыяграфіяй (летапісаннем), прапаведніцкай, школьнай справай, фальклорам. Камунікатыўна-ўжытковай функцыі Л. не страціла да 19 ст. З часоў свайго вуснага развіцця (гл. Народная паэтычная творчасць) Л. выпрацоўвала сваю асн. функцыю — эстэтычную, г.зн. імкнулася выхоўваць у чытача (слухача) пачуццё прыгожага. Эстэт. функцыя мацавалася па меры таго, як стабілізавалася пісьмовая форма твора (асабліва з развіццём кнігадрукавання), і на мяжы 18—19 ст. набыла сваю самакаштоўнасць. У працэсе развіцця Л. фарміравала свае тыпы творчасці (паэзія і проза), роды (эпас, лірыка, драма) і жанры, выяўлялася ў стылях: рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм.

Літ. спадчына стараж. цывілізацый (Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма і інш.) з’яўляецца своеасаблівым фундаментам сусв. Л. Сусветная Л. складаецца з нацыянальных (рэгіянальных) Л. Нацыянальная Л. ствараецца на пэўнай мове ці ў пэўных дзярж. межах і адрозніваецца сваім зместам, асаблівасцямі гіст. развіцця, спецыфічным стылявым абліччам, абумоўленым ментальнасцю нацыі. Узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне літаратур адбываецца дзякуючы перакладам, а таксама літаратуразнаўству, якое тлумачыць маст. працэсы і з’явы і такім чынам спрыяе іх папулярызацыі. Бягучы літаратурны працэс асвятляе літаратурная крытыка.

Пра гісторыю нац. л-р гл. раздзелы Літаратура ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. Л. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Аристотель. Об искусстве поэзии: Пер. с греч. М., 1957;

Белинский В.Г. Общее значение слова «литература» // Полн. собр. соч. М., 1954. Т. 5;

Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЕ́ННЕ,

канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл. Маналог) і дыялагічнае (гл. Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл. Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.

Літ.:

Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;

Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.

Л.​Д.​Выгонная.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД РСДРП.

Адбыўся нелегальна 1—3.3.1898 у Мінску, абвясціў заснаванне Рас. с.-д. партыі (РСДРП). На ім прысутнічала 9 дэлегатаў ад 6 мясц. с.-д. арг-цый: Пецярбургскага (С.​І.​Радчанка), Маскоўскага (А.​А.​Ванноўскі), Кіеўскага (П.​Л.​Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К.​А.​Петрусевіч) «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», два ад кіеўскай «Рабочай газеты» (Б.​Л.​Эйдэльман і М.​А.​Вігдорчык), трое ад Бунда (А.​І.​Крэмер, А.​Мутнік, Ш.​Кац). За 3 дні работы з’езда было праведзена 6 пасяджэнняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з’езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова «рабочая». Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з’яўляецца з’езд, а выканаўчым — ЦК, які выбіраецца з’ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нац. пытанні запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у т. л. і права на нац. аўтаномію с.-д. рухаў. З’езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраўніцтве партыяй. Выбраў ЦК з 3 чл. (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), прызнаў «Рабочую газету» афіц. органам партыі, прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў напісаны П.​Струвэ і надрукаваны ў падп. друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест апублікаваны ў с.-д. газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з’езда «Саюзы барацьбы» і с.-д. групы пачалі пераўтварацца ў парт. к-ты. Аднак партыя як адзіная с.-д. арг-цыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з’езда былі арыштаваны, друкарню і 3-і нумар «Рабочей газеты» захапіла паліцыя. На II з’ездзе РСДРП (1903) рас. сацыял-дэмакратыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў. У Мінску ў доме, дзе адбыўся I з’езд РСДРП, створаны Дом-музей з’езда РСДРП.

Літ.:

Маркова Р.И. Первый съезд РСДРП. М., 1965;

Король А.С. Соединяясь в партию. Мн., 1988;

Симанюков С.М. Дом-музей I съезда РСДРП. Мн., 1998.

С.​М.​Сіманюкоў.

Дом-музей Першага з’езда РСДРП.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОП-МУ́ЗЫКА (англ. pop music ад popular music папулярная агульнадаступная музыка),

паняцце, якое ахоплівае розныя стылі і жанры масавай муз. культуры 20 ст.; сучасная музыка, якая не адносіцца да катэгорый джаза, класічнай музыкі. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Тэрмін «П.-м.» з’явіўся ў 1950-я г., першапачаткова ўжываўся для абазначэння рок-музыкі. Зараз да П.-м. адносяць усе з’явы камерцыйнай муз.-забаўляльнай «індустрыі», у т. л. шлягер (пашыраны з 1910-х г.). Уключае музыку стыляў рознага паходжання: «кантры» і «вестэрн», дыска, шансон, мяшаныя стылі (джаз-рок і інш.), элементы мюзік-хола, камерцыйны джаз, аўтарскую песню, а таксама рок-музыку (лічыцца і самастойным муз. кірункам) і інш. Тэматыка П.-м. шматпланавая: ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхал. камфорту (шлягер) да пратэстных тэндэнцый, сац. крытыкі (рок-музыка).

Складанасць вызначэння П.-м. як з’явы культуры звязана з яе сац. роляй, якая перавышае эстэт. каштоўнасць. Яе асн. прынцып — стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т. л. з элементамі фальклору, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыняцце і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоу-бізнесам. Распаўсюджваецца таксама праз грамзапіс, аудыёкасеты і дыскі. Некат. кампазіцыі існуюць толькі ў выглядзе гуказапісаў.

У бел. П.-м. доўгі час панаваў жанр эстраднай песні, шлягера. Сярод кампазітараў у гэтай галіне працавалі і працуюць: У.​Буднік, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, У.​Прохараў, В.​Раінчык, Ю.​Семяняка, Э.​Ханок і інш., сярод выканаўцаў В.​Вуячыч, Т.​Раеўская, Н.​Багуслаўская, Э.​Міцуль, А.​Падгайскі, В.​Кучынскі, Я.​Еўдакімаў, Я.​Паплаўская і А.​Ціхановіч, І.​Афанасьева, М.​Скорыкаў, І.​Дарафеева, В.​Дайнэка, Л.​Ялінская, І.​Абалян і інш. Папулярызацыі П.-м. садзейнічае Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Праводзяцца міжнар. муз. фестывалі «Славянскі кірмаш», «Залаты шлягер». У галіне сучаснай аўтарскай песні вылучаюцца А.​Шадзько, а таксама Э.​Акулін, З.​Бартосік, Б. і Г. Вайханскія, Данчык, А.​Казанцава, А.​Камоцкі, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш.

А.​А.​Карпілава.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,

адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.​Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.​Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.​Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.​Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.​Міль, Г.​Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.​Конт, Р.​Авенарыус, Э.​Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».

Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.

В.​В.​Краснова.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯХО́ТА, інфантэрыя,

старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл. Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.

П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл. Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл. Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да ​2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл. Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.

Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.

Да арт. Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.​Харэўскага.
Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.
Да арт. Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД І ВІД у логіцы,

паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.​І.​Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл. Від, Сістэматыка).

Літ.:

Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр. М., 1991;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ІРА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 18—19 ст.,

войны паміж Расіяй і Іранам за панаванне ў Закаўказзі і Прыкаспіі. У 18 ст. грузіны, армяне і азербайджанцы імкнуліся знайсці саюзнікаў, каб пазбавіцца ад іранскіх і тур. заваёўнікаў і вярнуць захопленыя імі землі. Рас. войскі ажыццяўлялі перс. паходы ў 1722—23 і 1796, аднак адчувальных поспехаў яны не мелі.

У 1801—04 да Расіі добраахвотна далучаны асн. ч. груз. і ч. азерб. зямель. З мэтай замацавання сваіх пазіцый у Закаўказзі рас. войскі ў 1804 сталі прасоўвацца на У; пачалася вайна 1804—13. У адказ іранскія войскі пачалі ваен. дзеянні на двух напрамках — Ерэванскім і Гянджынскім. У сувязі з пачаткам рус.-тур. вайны 1806—12 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.) рас. камандаванне вымушана было зімою 1806 заключыць перамір’е з Іранам. Аднак перагаворы аб міры ішлі марудна. У 1808 ваен. дзеянні аднавіліся, у ходзе якіх рас. войскі занялі Паўн. Азербайджан. І толькі пагроза вайны з напалеонаўскай Францыяй прымусіла рас. камандаванне ў 1812 пачаць зноў перагаворы аб міры, якія былі перарваны іранскім бокам пасля таго, як войскі Напалеона І уступілі ў Маскву. Аднак паспяховыя дзеянні рас. войск у Закаўказзі прыпынілі наступленне іранскай арміі і прымусілі Іран у кастр. 1813 заключыць Гюлістанскі мірны дагавор 1813, паводле якога было прызнана далучэнне да Рас. імперыі Дагестана, Грузіі і Паўн. Азербайджана. Іран сістэматычна парушаў умовы Гюлістанскага дагавора і патрабаваў ад Расіі вярнуць страчаныя ім тэрыторыі. Іран, падбухтораны Англіяй і Турцыяй, у ліп. 1926 пачаў ваен. дзеянні супраць Расіі; пачалася вайна 1826—28. Рас. армія пад камандаваннем А.П.Ярмолава, а з сак. 1827 — І.Ф.Паскевіча атрымала шэраг перамог, заняла Нахічэвань, Ерэван, Тэбрыз. Гэта прымусіла кіраўніцтва Ірана заключыць Туркманчайскі дагавор 1828, паводле якога да Расіі далучана Усх. Арменія. У выніку Р.-і.в. за Рас. імперыяй было замацавана Закаўказзе і Дагестан.

Літ.:

Очерки новой истории Ирана (XIX — нач. XX в.). М., 1978;

Фадеев А.В. Россия и Восточный кризис 20-х гг. XIX в. М., 1958.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)