КАНСТЫТУЦЫ́ЙНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ, кадэты, к.-д., партыя «народнай свабоды»,

палітычная арг-цыя леваліберальнага кірунку, адна з гал. партый у Расіі ў 1905—17. Аформілася на 1-м (12—18.10.1905, Масква) і 2-м (4—11.1.1906, Пецярбург) з’ездах на аснове арг-цый «Саюз вызвалення» і «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (засн. ў 1903—04) у ходзе рэвалюцыі 1905—07. Сац. склад — інтэлігенцыя, сярэдняя гар. буржуазія і ліберальна настроенае дваранства, а таксама служачыя, настаўнікі, рабочыя і інш. Паводле праграмы выступала за эвалюцыйнае развіццё рас. грамадства, замену самаўладства канстытуцыйнай і парламентарнай манархіяй на ўзор Вялікабрытаніі, мясц. самакіраванне, культ.-нац. самавызначэнне народнасцей, з аўтаноміяй для Польшчы, Фінляндыі і інш. У Дзярж. думе блакіраваліся з акцябрыстамі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіруючая партыя, яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад 3 кааліцыйных кабінетаў Часовага ўрада. Выступала за ліквідацыю двоеўладдзя, скліканне Устаноўчага сходу, правядзенне агр. і нац. рэформ. У кастр. 1906 70 тыс. членаў, у сак. 1917 да 100 тыс. членаў. Лідэры: П.М.Мілюкоў, П.Б.Струвэ, А.​І.​Шынгароў і інш. Афіц. друкаваныя органы — штотыднёвік «Вестник партии народной свободы» і газ. «Речь»; кадэцкай арыентацыі прытрымліваліся каля 70 цэнтр. і мясц. газет і часопісаў. У 1905—17 адбылося 10 з’ездаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 як праціўнік партыі бальшавікоў падтрымлівала белагвардзейскія ўрады. З 1920 у эміграцыі. На тэр. Беларусі арг-цыі кадэтаў існавалі ў 1905—06 у Магілёве і Пінску, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 да ліст. 1917 іх было больш за 30 (дзейнічалі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, 28 у пав. гарадах і населеных пунктах).

Літ.:

Шелохаев В.В. Идеология и политическая организация российской либеральной буржуазии 1907—1914 гг. М., 1991;

Шардыка І.У. Да пытання аб колькасным і сацыяльным складзе арганізацый кадэцкай партыі на Беларусі ў 1917 г. // Весн. Бел. дзярж. ун-та. Сер 3. 1992. № 3.

І.​Ф.​Раманоўскі.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́Н (позналац. capitaneus военачальнік ад лац. caput галава),

1) воінскае званне (чын) афіцэрскага складу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў з сярэдніх вякоў да нашых дзён. Напачатку вядома ў Францыі як назва начальніка ваен. акругі, з 1558 яго сталі называць генерал-К., а камандзіра роты — К. У апошнім значэнні званне (чын) К. існавала ў арміях еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. У ваен. флатах званне (чын) К. паходзіць ад назвы пасады начальніка каманды карабля і звычайна мае некалькі ступеней. У рас. арміі існавалі званні (чыны): К. (16 ст. — 1917), К.-паручнік (1705—98) і штабс-К. (1801—1917); у ВМФ — К. камандор (1707—32, 1751—64, 1798—1827, у 1764—98 наз. К. брыгадзірскага рангу), К. 1-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 2-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 3-га рангу (1713—32), К. 4-га рангу (1713—17), К. карабля (1701—13), К.-лейтэнант (1713—1884, 1909—11). У 1935 ва ўзбр. сілах СССР адноўлены воінскія званні К. для каманднага складу сухап. войск, ВПС і берагавых часцей ВМФ, а таксама К. 1, 2, 3-га рангаў і К.-лейтэнант для камандзіраў карабельнага складу ВМФ. Ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама ў інш. сілавых структурах дзяржавы званне К. адносіцца да малодшых афіцэраў. У ваен. флатах Рас. Федэрацыі, Украіны, Германіі і многіх інш. дзяржаў для афіцэраў карабельнага складу існуюць званні К. 1, 2, 3-га рангу (старшыя афіцэры) і К.-лейтэнант (малодшыя афіцэры).

2) Званне малодшага афіцэрскага складу міліцыі (паліцыі) у шэрагу краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.

3) На суднах гандлёвага і рыбалоўнага (марскога і рачнога) флоту — старшая асоба ў экіпажы, на якую ўскладзена кіраванне суднам.

4) У Францыі ў 1622—1775 пасада камандзіра конных гвардзейцаў караля — каралеўскіх мушкецёраў.

т. 8, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧМА́,

харчэўня, заезны дом, дзе спыняліся, харчаваліся, начавалі падарожнікі. Былі пашыраны на Беларусі, Украіне, у Польшчы. На Беларусі вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 14 — пач. 20 ст. Ставілі іх на гандл. плошчах, гал. вуліцах гарадоў і мястэчак, у вёсках і фальварках, на гандл. шляхах, каля рачных перапраў, пры млынах і інш. З 16 ст. размяшчэнне і парадак дзейнасці К. рэгламентаваліся Статутамі ВКЛ, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, з канца 18 ст. — законамі Рас. імперыі. Падзяляліся на заезныя (тыпу гасцініцы) і шынковыя (тыпу харчэўні). Заезныя К. складаліся з вял. хаты-шынкоўні, дзе размяшчаліся каморы, гасціныя пакоі, і «заезду» — стайні, дзе распрагалі і кармілі коней, і вазоўні, дзе ставілі вазы і тавары. Шынковыя К. мелі простую арх.-планіровачную структуру і складаліся з 2- ці 3-камернага жылля з мураванай печчу для гатавання ежы, са сталамі і лавамі. У шынках і сенцах адасабляліся каморы для карчомнай маёмасці, прадуктаў, святліцы для заможных наведвальнікаў. Харчэўні, у якіх не дазвалялася гандляваць спіртным, наз. К. пакутнымі («тайнымі»), Вял. К. наз. аўстэрыямі.

Планіроўка К., яе канструкцыя і маст. вырашэнне набліжаны да нар. жылля. Кампактныя, пераважна прамавугольныя ў плане будынкі з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру» завяршалі дахі, накрытыя саломай, чаротам, драніцай, гонтамі (вёскі Нача Воранаўскага, Міхалішкі Астравецкага р-наў Гродзенскай вобл.). У некат. К. жылыя пакоі размяшчаліся на 2-м паверсе або ў мезаніне, вылучаліся падчэнямі. Манум. выгляд мелі мураваныя К. са складанай планіроўкай, багатым вонкавым аздабленнем, насычаным пластыкай інтэр’ерам (напр., корчмы ў Гродне). Гар. К. маглі аб’ядноўвацца з крамамі, мець 2 шынкі. У 2-й пал. 18—19 ст. на аснове К. сфарміраваліся гасцініцы, паштовыя станцыі, заезныя дамы і інш.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.

С.​А.​Сергачоў.

Будынак былой карчмы ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПЯРО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (22.5.1900, в. Ізабалёва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. —26.12.1937),

бел. краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец. Вучыўся ў Мінскім бел. пед. ін-це (1918—20), БДУ (1921—22). Скончыў Мінскі ін-т нар. асветы (1921). У 1917—21 настаўнічаў у Ігуменскім пав., у 1919—20 інструктар Часовага бел. нац. к-та і Цэнтр. бел. Школьнай рады, арганізатар і 1-ы старшыня ігуменскіх павятовых бел. нац. к-та і школьнай рады. Член арг-цый «Маладая Беларусь», Мінскага т-ва гісторыі і старажытнасцей, партыі бел. эсэраў (у 1918—24). З 1921 інструктар Наркамасветы БССР. З 1922 інспектар Слуцкага, з 1924 — Віцебскага аддзелаў нар. асветы. З 1926 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага час. «Наш край». У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў. З 1935 выкладаў у Новасібірску. У 1937 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 і 1960. Пісаў пра гісторыю краязнаўства на Беларусі, яго задачы і методыку, даследаваў гісторыю бел. выяўл. мастацтва, архітэктуру: артыкулы «Беларускае малярства ў Польшчы» (1925), «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства» і «Мінск у графіцы А.​М.​Тычыны» (абодва 1927) і інш. Аўтар нарысаў па гісторыі тэатра, навукі: «Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго» (1927), «Беларуская культура: Да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР» (1928), «Уладзіслаў Галубок» (1929). Склаў бібліяграфію твораў К.​Каганца, даследаваў асобныя праблемы развіцця бел. л-ры: артыкулы «Матывы барацьбы ў творчасці М.​Багдановіча» (1927), «Беларуская літаратура ў Латвіі» (1928). Укладальнік першага бел. дапаможніка па тэорыі л-ры «Узоры для літаратурных гурткоў пры «Маладняку» і гурткоў селькораў» (1927). Выдаў «Беларуска-расійскі слоўнічак» (1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» і «Слоўнічак уласных найменняў» (1927).

Тв.:

Беларуская архітэктура. Віцебск, 1925;

Матэрыялы для вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Мн., 1927;

Краязнаўства. Мн., 1929.

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 141—162.

А.​С.​Ліс.

М.І.Каспяровіч.

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕТКАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем кветкава-дэкаратыўных раслін для ўпрыгожвання садоў, паркаў, вуліц, плошчаў, сквераў, азелянення памяшканняў, забеспячэння насельніцтва кветкамі; частка зялёнага будаўніцтва. Бывае адкрытага і ахаванага грунту, а таксама пакаёвае.

К. вядома з глыбокай старажытнасці (Стараж. Егіпет, Месапатамія, Грэцыя, Рым). Захапленне прыгожымі іншаземнымі раслінамі спрыяла іх пашырэнню за межы прыродных арэалаў: з Амерыкі ў Еўропу трапілі вяргіні і флёксы, з Азіі — бэз, з Кітая і Японіі — азалеі і інш. У выніку селекцыйнай работы ў сусв, асартымент кветкава-дэкар. раслін увайшло мноства сартоў, у т. л. больш за 100 тыс. гладыёлусаў, 40 тыс. руж, 30 тыс. касачоў, 12 тыс. вяргінь, 3 тыс. цюльпанаў і інш. К. шырока прадстаўлена ва ўсіх краінах свету, асабліва ў Нідэрландах, Францыі, Італіі, Германіі, Расіі, Даніі, Балгарыі, Польшчы, Японіі, Ізраілі, Індыі; развіта ў ЗША, Канадзе, Калумбіі, Аўстраліі, Паўд. Афрыцы. К. базіруецца на высокім узроўні інтэнсіфікацыі і з’яўляецца вельмі прыбытковай таварнай галіной. У большасці краін перавага аддаецца вырошчванню культур на зразанне: руж, рэмантантных гваздзікоў, хрызантэм, фрэзій, цюльпанаў, нарцысаў, лілей, гіяцынтаў, гербер, архідэй, анемон і інш. У краінах Еўропы вял. попыт на вазонныя кветкавыя расліны: бегоніі, азалеі, фуксіі, пеларгоніі, хрызантэмы, сенполіі, з дэкаратыўных — на фікусы, драцэны, плюшчы, кактусы, юкі.

На Беларусі кветкі здаўна выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання жылых памяшканняў. З пач. 18 ст. К. пашырылася ў аранжарэях магнацкіх уладанняў. Прамысл. К. у рэспубліцы займаюцца 15 спецыялізаваных гаспадарак, якія вырошчваюць кветкі на зразанне і пасадачны матэрыял. Гэта пераважна гаспадаркі па азеляненні, размешчаныя вакол буйных гарадоў. Вял. ўклад у развіццё галіны робіць Цэнтральны батанічны сад Нац. АН Беларусі, які займаецца інтрадукцыяй, акліматызацыяй і развядзеннем кветкавых, дэкаратыўных і лекавых раслін, таксама Беларускі НДІ садоўніцтва, агародніцтва і бульбы, доследная гаспадарка Лошыца 1-я. Шмат аматараў-кветкаводаў вырошчваюць кветкі для сябе і на продаж. Некат. прамысл. прадпрыемствы вырошчваюць кветкі для ўнутрызаводскага азелянення.

Н.​І.​Жураўская.

Да арт. Кветкаводства: 1 — цюльпаны; 2 — півоня; 3 — ружы; 4 — ландышы; 5 — нарцыс; 6 — сухацветнікі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЦК,

горад, цэнтр Клецкага р-на Мінскай вобл., на р. Лань. За 127 км на ПдЗ ад Мінска. Чыг. станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогамі звязаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. 10,8 тыс. ж. (1998).

З канца 10 ст. існавала славянскае паселішча як цэнтр воласці дрыгавіцкага насельніцтва ў вярхоўях Лані. Горад пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. У летапісах (летапісны Кльчьск, Клечьск, Клическ) упершыню ўпамінаецца ў 1127 як цэнтр Клецкага княства. У сярэдзіне 13 ст. горад разбураны манголамі. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1503 К. спалены крымскімі татарамі. 5.8.1506 каля горада татары разбіты войскамі ВКЛ на чале з кн. М.​Глінскім (гл. Клецкая бітва 1506). У 1522—56 К. валодала вял. княгіня Бона Сфорца, з 1558 — Радзівілы. У 1586—1939 цэнтр Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Быў разбураны ў 1655 (у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай) і ў 1706 (у час Паўночнай вайны са шведамі). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ., цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Нясвіжскім пав. Навагрудскага ваяв. У 1920-я г. працавала Клецкая беларуская гімназія. З 1939 у БССР, 7900 ж.; з 1940 цэнтр Клецкага р-на. З 26.6.1941 па 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 7600 чал.; дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У 1959—4100 ж. У 1962—66 у складзе Нясвіжскага р-на.

Прадпрыемствы харч. (Клецкі кансервавы завод, масларобчы, камбікормавы і інш.), металаапр. (Клецкі механічны завод), лёгкай і дрэваапр. прам-сці. Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам. Помнікі архітэктуры — Клецкі касцёл і кляштар дамініканцаў (1683), Пакроўская царква (19 ст.), сінагога (мяжа 19—20 ст.), казармы (20 ст.), шпіталь (1909), вятрак (1920-я г.). На паўн.-зах. ускраіне К. — гарадзішча (11—13 ст.).

Горад Клецк. Плошча Маякоўскага.

т. 8, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 16—20 ст. у ВКЛ, Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Ліда. Папярэднікам Л.п. было Лідскае намесніцтва, вядомае з 1382. З 1413 уваходзіла ў Віленскае ваяв., часам Лідскае намесніцтва называлі паветам. Пасля адм. рэформы 1565—66 да Лідскага намесніцтва далучаны суседнія Васілішскае і Эйшышкскае намесніцтвы (са складу Трокскага ваяв.), а іх агульная тэр. ўтварыла ўласна Л.п. з фіксаванымі межамі. Л.п. увайшоў у Віленскае ваяв., меў павятовую харугву чырв. колеру з выявай «Пагоні». Пасля далучэння да Рас. імперыі ў 1794 уключаны ў Віленскае, у 1795 — у Слонімскае намесніцтвы, у 1796 — у Літоўскую, у 1801 — у Гродзенскую, у 1843 — у Віленскую губ. Межы павета пры гэтым практычна не мяняліся. Пасля рэформы 1861 падзелены на 24 воласці: Аляксандраўскую, Арлянскую, Астрынскую, Беліцкую, Беняконскую, Васілішскую, Вялікамажэйкаўскую (скасавана ў пач. 20 ст.), Ганчарскую, Дакудаўскую, Дубіцкую, Жалудскую, Жырмунскую, Забалацкую, Каняўскую, Лебядскую, Лідскую, Ляцкую, Мытлянскую, Пакроўскую, Радунскую, Ражанкаўскую, Тарноўскую, Шчучынскую, Эйшышкскую. Тэр. больш за 4,9 тыс. кв. вёрст. У 1864 нас. каля 110 тыс. ж., у т. л. больш за 75 тыс. католікаў, каля 30 тыс. праваслаўных, каля 6 тыс іудзеяў, 31 касцёл, 19 цэркваў, 18 яўр. малітоўных дамоў; 15 мястэчак, 15 сёл, 866 вёсак, 876 інш. паселішчаў (калоній, фальваркаў, аколіц, хутароў і інш.). У 1910 дзейнічалі 244 ф-кі і з-ды з 2160 рабочымі. У 1913—252,5 тыс. ж. З 2.2.1919 у складзе ЛітБел, неўзабаве заняты польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. Пазней Дубіцкая, Ляцкая і Пакроўская вол. перайменаваны адпаведна ў Навадворскую, Дамброўскую і Сабакінцкую гміны. З 1939 Л.п. у БССР, яго паўн. частка (Каняўская і Эйшышкская вол.) адышла да Літвы, а астатняя тэр. 2.12.1939 уключана ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 Л.п. скасаваны.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКА-САНДАМІ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

стратэгічныя наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) па вызваленні Зах. Украіны і Паўд.-Усх. Польшчы 13.7—29.8.1944 у Вял. Айч. вайну. 1-му Укр. фронту (налічваў 1,2 млн. чал., 13,9 тыс. гармат і мінамётаў, каля 2,2 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, каля 3 тыс. самалётаў) процістаяла ням.-фаш. групоўка армій «Паўн. Украіна» (ген.-палк. І.​Гарпе), якая мела больш за 600 тыс. чал. (з часцямі тылу 900 тыс. чал.), 6,3 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 700 самалётаў. Сав. камандаванне планавала нанесці 2 моцныя ўдары па праціўніку і прарваць яго фронт на 2 напрамках. На 1-м этапе аперацыі (13—27 ліп.) сав. войскі прарваліся на Рава-Рускім і Львоўскім напрамках, акружылі і ліквідавалі 8 дывізій ворага, фарсіравалі р. Сан, вызвалілі гарады Рава-Руская, Львоў, Перамышль, Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), прасунуліся на гал. напрамку на 200—220 км. На 2-м этапе (28 ліп. — 29 жн.) войскі 1-га Укр. фронту дзейнічалі на Сандамірскім напрамку, 29 ліп. — 1 жн. фарсіравалі р. Вісла, 3 жн. захапілі плацдарм на Пд ад г. Сандамір. Адбіўшы шэраг контратак і контрудараў ням. войск, сав. часці да 30 жн. пашырылі і паглыбілі (да 75 км па фронце і да 60 км у глыбіню) плацдарм, стварылі перадумовы для будучага наступлення на Сілезскім напрамку (гл. Вісла-Одэрская аперацыя 1945). У час Л.-С.а. сярод інш. воінаў вызначыліся афіцэры-беларусы А.Ц.Краўцоў, І.І.Якубоўскі і інш.

Літ.:

Полушкин М.А. На Сандомирском направлении: Львовско-Сандомирская операция: (июль—авг. 1944). М., 1969;

Бродовский котел: Воспоминания. Очерки. Документы. Львов, 1974;

От Западного Буга до Вислы: Очерки. Воспоминания. Документы. Львов, 1985;

Конев И.С. Записки командующего фронтом, 1943—1945. 4 изд. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка стратэг. Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп. сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я АВІЯ́ЦЫЯ,

род сіл ВМФ, прызначаны для пошуку і знішчэння з паветра сіл флоту праціўніка, прыкрыцця сваіх караблёў ад варожай авіяцыі, вырашэння інш. задач, у т. л. для дастаўкі марской пяхоты.

М.а. з’явілася ў пач. 20 ст., у т. л. ў 1911—12 у Расіі, у 1919—21 у Польшчы. На тэр. Беларусі па адной авіяэскадрыллі (складаліся з развед. гідрасамалётаў і знішчальнікаў з колавым шасі) для вядзення паветр. разведкі, карэкціроўкі агню манітораў і кананерскіх лодак, бамбардзіроўкі рачных караблёў, канвояў, войск праціўніка і г.д. мелі Пінскія ваен. флатыліі: польская (1928—37, да 10 самалётаў) і савецкая (1940—41, 15—18 самалётаў). У 1930-я г. група гідрасамалётаў (базіравалася ў прырэчнай паласе і ў партах бас. Дняпра) прыдавалася сав. Дняпроўскай ваен. флатыліі. У Вял. Айч. вайну сярод сав. марскіх лётчыкаў вызначыліся беларусы М.В.Аўдзееў, М.У.Барысаў, Ц.С.Жучкоў, І.Б.Катунін, М.А.Кісляк, Я.Г.Навіцкі, У.А.Скугар і інш. Да пач. 1990-х г. у раёне г. Быхаў Магілёўскай вобл. базіравалася стратэг. авіяцыя Балт. флоту.

Сучасная М.а. падзяляецца на ракетаносную, процілодачную, знішчальную, штурмавую, развед. і дапаможнага прызначэння (радыёлакацыйнага дазору, радыёэлектроннага процідзеяння, запраўкі самалётаў палівам у паветры, тралення мін, пошукава-выратавальная, трансп. і сувязі). Адрозніваюць М.а. базавага і карабельнага (на авіяносцах, верталётаносцах і інш.) базіравання. Далейшае развіццё М.а. ідзе па шляху ўдасканалення лятальных апаратаў, павелічэння скорасці, далёкасці і даўжыні палёту, яго аўтаматызацыі, стварэння сродкаў пошуку марскіх і наземных цэлей на новых фіз. прынцыпах, распрацоўкі высокадакладнай дальнабойнай зброі з моцнымі баявымі зарадамі і інш.

Літ.:

Брусенцев Н.А. Военно-морская авиация. М., 1976;

Olejko A. Rzeczna eskadra lotnicza Flotylli Pińskiej. Pruszków, 1994.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Да арт. Марская авіяцыя: 1 — разведвальны гідрасамалёт тыпу Р-5 Дняпроўскай ваеннай флатыліі (намаляваны без узбраення); 2 — цяжкі мнагамэтавы верталёт Ка-27 (Расія); 3 — пошукава-выратавальны верталёт-самалёт HV-22 «Оспры» для ВМФ (ЗША).

т. 10, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)