РАДЫ́НА (Якаў Валянцінавіч) (н. 1.12.1946, в. Брылькі Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1988). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе (з 1975 заг. кафедры). Навук. працы па функцыянальным аналізе, дыферэнцыяльна-аператарных ураўненнях і тэорыі абагульненых функцый. Пабудаваў функцыянальнае злічэнне і даў яго дастасаванні, распрацаваў (разам з А.Б.Антаневічам) тэорыю нелінейных абагульненых функцый. Адзін з аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Линейные уравнения и борнология. Мн., 1982;
Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984 (разам з А.Б.Антаневічам).
П.М.Бараноўскі.
т. 13, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МАНАВА ПРАСТО́РА,
прастора, у малых абласцях якой набліжана (з дакладнасцю да малых вышэйшых парадкаў параўнальна з памерамі абласцей) мае месца эўклідава геаметрыя, аднак у цэлым гэтая прастора можа не быць эўклідавай. Кожны элемент такой прасторы вызначаецца з дапамогай упарадкаванай сукупнасці лікаў, а адлегласць паміж бясконца блізкімі элементамі — з дапамогай пэўнай квадратычнай формы, у залежнасці ад выбару каэфіцыентаў якой Р.п. пераўтвараецца ў эўклідаву прастору ці прастору Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі ці інш. неэўклідавай геаметрыі. Прасцейшыя Р.п. — эўклідава прастора, да якой прымыкаюць прасторы пастаяннай крывізны, дзе мае месца геаметрыя Лабачэўскага і геаметрыя Рымана. Гл. таксама Дыферэнцыяльная геаметрыя.
т. 13, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-САЛА́ДА (Río Salado),
рака ў Аргенціне, правы прыток р. Парана. У верхнім цячэнні наз. спачатку Гуачыпас, потым Хурамента, або Рыо-дэ-Пасахе. Даўж. каля 1,3 тыс. км, пл. басейна каля 160 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах Цэнтр. Андаў, цячэ па раўніне Гран-Чака, дзе падзяляецца на рукавы. У час засухі (май—вер.) на асобных участках перасыхае і ператвараецца ў сістэму салёных азёр і балот. Сярэдні расход вады ў верхнім цячэнні каля 40 м³/с, у ніжнім — каля 15 м³/с (вынік страты на інфільтрацыю і выпарэнне). Суднаходная ў перыяд дажджоў. У вусці ракі — г. Санта-Фе.
т. 13, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЧ ((Rich) Вера) (н. 24.4.1936, Лондан),
англійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Оксфардскі ун-т (1958). З бел. мовы перакладае з 1960-х г. Пераклала зб. «Як вада, як агонь: Анталогія беларускай паэзіі з 1828 г. да сённяшняга дня» (1971), дзе апубл. творы 41 бел. аўтара. Пераклады паасобных твораў М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна ў кн. «Снуецца зданяў рой» (1982). Пераклала паэму «Тарас на Парнасе», усе санеты Я.Купалы. Яе пераклады адметныя дакладнай перадачай зместу і формы арыгінала. Аўтар многіх артыкулаў пра бел. л-ру. Перакладае таксама са стараангл., старанарвежскай, польскай, рус., укр. моў.
т. 13, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЛЕЯ ЗАКО́Н НАМАГНІ́ЧВАННЯ,
залежнасць намагнічанасці ферамагнетыка ад напружанасці знешняга магн. поля ў слабых палях, калі напружанасць поля, што дзейнічае на цела, многа меншая за каэрцытыўную сілу. Устаноўлены Дж.У.Рэлеем (1887). Для крывой пачатковага намагнічвання выражаецца формулай J = χаб ∙ H±RH2, дзе J — намагнічанасць; H — напружанасць знешняга магн. поля; χаб — абарачальная магнітная ўспрыімлівасць, якая характарызуе абарачальную лінейную частку працэсу; R — пастаянная Рэлея, якая характарызуе неабарачальныя нелінейныя працэсы намагнічвання (неабарачальныя зрушэнні даменных межаў); знак «+» адпавядае H>0, знак «−» H<0. Неабходная ўмова для выканання закону — павольная, квазістатычная змена магн. поля для звядзення да мінімуму эфектаў, абумоўленых магн. паслядзеяннем (гл. Магнітная вязкасць).
т. 14, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СААКА́ДЗЕ Георгій, Вялікі Маўраві (каля 1580, с. Пелі, Грузія — 13.10.1629), грузінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. Паходзіў з царскіх азнауры. У 1608—12 правіцель (маўраві) Тбілісі. У выніку феад. міжусобіц у 1612 уцёк у Іран. У 1620 шах Ірана Абас / прызначыў С. апекуном малалетняга цара васальнага Картлійскага царства Сімона II — фактычным правіцелем дзяржавы.
У 1625 С. ўзначаліў антыіранскае паўстанне. Пасля паражэння ў Марабдзінскай бітве 1.7.1625 вёў партызанскую вайну, якая прымусіла шаха Ірана прызнаць царом Тэймураза I. Неўзабаве С. падняў мяцеж супраць Тэймураза I, але ў 1628 разбіты, уцёк у Турцыю, дзе быў забіты.
т. 14, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́ЎСКІ (Юрый Аляксандравіч) (н. 29.9.1923, Мінск),
бел. вучоны ў галіне будаўніцтва. Д-р тэхн. н., праф. (1970). Засл. будаўнік Беларусі (1980). Бацька Дз.Ю.Сабалеўскага. Скончыў БПІ (1950), дзе і працаваў (у 1965—93 заг. кафедры). Навук. працы па механіцы грунтоў і фундаментабудаванні, праблемах устойлівасці фільтруючых адхонаў, апоўзняў і воданасычаных асноў, будаўніцтву падземных збудаванняў. Прапанаваў метады вызначэння канчатковых гарыз. зрушэнняў падмуркаў гідратэхн. збудаванняў, праектавання і канструявання бураін’екцыйных анкераў і паляў. Удзельнічаў у праектаванні Мінскага метрапалітэна. Прэмія СМ СССР 1989.
Тв.:
Криволинейные очертания однородных откосов. Мн., 1969;
Водонасыщенные откосы и основания. Мн., 1975;
Механика грунтов. Мн., 1986.
т. 14, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБІ́НЫ (Sabini),
старажытнаіталійскія плямёны (гл. Італікі) умбра-оскска-сабельскай галіны. Рассяляліся паміж рэкамі Тыбр, Атэрнус і Аніо. Асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Сучасныя гісторыкі лічаць, што С. адыгралі вял. ролю ва ўтварэнні рым. народнасці. У 5—4 ст. да н.э. частка С., якая не ўвайшла ў склад Рым. дзяржавы, вяла барацьбу супраць Рыма і заваявана ім у 290 да н.э. У 268 да н.э. С. атрымалі рым. грамадзянства (без права голасу).
Рана страцілі сваю мову, раманізаваны. На тэр., дзе жылі С., знаходзіўся Сабунім, маёнтак Гарацыя. Стараж. паданне пра выкраданне сабінянак атрымала распаўсюджанне ў творах мастацтва.
А.Г.Зельскі.
т. 14, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКАЕ ПЛАТО́,
ледавіковае плато, найбольш высокая ч. паверхні ў цэнтр. ч. Усх. Антарктыды. Даўж. каля 2 тыс. км, шыр. каля 450 км. Выш. ад 3000 м на перыферыі да 4000 м і больш у цэнтры, дзе размешчаны падлёдныя горы Гамбурцава. Тоўшча ледавіковага покрыва ад 750 да 3800 м. Самая халодная ч. Антарктыды, з вельмі нізкім атм. ціскам: сярэднегадавая т-ра ніжэй за -56 °C; сярэдняя т-ра ліп. ніжэй за -72 °C, на станцыі «Усход» адзначаны абс. мінімум т-ры на Зямлі -89,2 °C. Адкрыта ў 1957—58 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Дзейнічае навук. станцыя «Усход» з 1957.
т. 14, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖАЛКА,
штучны вадаём невялікіх памераў (звычайна плошча да 1 км²). Ствараюцца шляхам перагароджвання плацінамі малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем тэрыторыі па-за межамі рэчышча — у катлавінах, лагчынах і інш. паніжэннях рэльефу, у штучных выемках. Акумулююць мясц. сцёк. Прызначаны для арашэння, увільгатнення с.-г. угоддзяў, гасп.-быт., проціпажарных і рэкрэацыйных мэт, рыбагадоўлі (гл. Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі). На Беларусі каля 1200 С. Сканцэнтраваны пераважна ў цэнтр. ч., дзе менш натуральных вадаёмаў. Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярыста-лагчынныя, кар’ерныя, наліўныя. Найб. пашыраны рачныя С., большасць іх у вярхоўях вадацёкаў. У адрозненне ад вадасховішчаў маюць адносна ўстойлівы ўзроўневы рэжым.
т. 14, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)