КАНСО́РЦЫУМ (лац. consortium саўдзельніцтва, супольнасць),
часовае пагадненне паміж некалькімі банкамі або прамысл. прадпрыемствамі для сумеснага размяшчэння пазыкі ці ажыццяўлення буйнога прамысл. праекта. Удзельнікамі К. бываюць і прыватныя фірмы, і дзярж. ўстановы. Яны захоўваюць сваю самастойнасць, але падпарадкоўваюцца сумесна выбранаму кіраўніцтву ў той частцы дзейнасці, якая датычыцца мэт К. У міжнар. гандлі К. найчасцей ствараецца для сумеснай барацьбы за атрыманне заказаў і для іх сумеснага выканання. Каб павысіць сваю канкурэнтаздольнасць, фірмы і арг-цыі адной або некалькіх краін аб’ядноўваюцца ў міжнар. К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАКТА́ЦЫЯ,
заключэнне кантракта—дагаворапаміж прадпрыемствамі, якія выпускаюць прадукцыю, і арг-цыямі, што ажыццяўляюць нарыхтоўку і збыт гэтай прадукцыі. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь па дагаворы вытворца с.-г. прадукцыі абавязваецца перадаць нарыхтоўшчыку гэтай прадукцыі (кантрактанту) ва ўласнасць вырабленую ім прадукцыю ў тэрміны, колькасці і асартыменце, прадугледжаных дагаворам, а кантрактант абавязваецца аказаць вытворцу садзейнічанне ў вытв-сці с.-г. прадукцыі, прыняць яе і выплаціць за яе пэўную цану. На кантрактанта ўскладваецца таксама абавязак вывазу прадукцыі, калі інш. не прадугледжана дагаворам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВЫ МОД ЗЯМЛЯ́ (Queen Maud Land),
частка Усх. Антарктыды паміж 20°зах. і 45°усх. д. На Пн абмываецца морамі Лазарава, Рысер-Ларсена і Касманаўтаў. Паверхня магутнага ледавіка ўздымаецца на Пд да выш. 3500 м. Берагі ўяўляюць сабой шэльфавыя ледавікі. У прыбярэжнай ч. асобныя горныя хрыбты і вяршыні ўзнімаюцца над паверхняй ледавіка і дасягаюць вышыні больш за 3000 м. Дзейнічаюць навук. станцыі: Новалазараўская (Расія), САНАЭ (Паўд.-Афр. Рэспубліка), Сёва (Японія). Адкрыта ў 1930 нарв. экспедыцыяй Я.Рысер-Ларсена. Названа ў гонар нарв. каралевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАДЫЯГРА́МА (ад карта + дыяграма),
карга, на якой дыяграмнымі фігурамі адлюстроўваюць сумарную велічыню або структуру і дынаміку якой-н. з’явы (з’яў) у межах пэўнай тэр. адзінкі, нанесенай на карту. Дыяграмныя фігуры бываюць: лінейныя (слупкі, палоскі), плошчавыя (квадраты, кругі), аб’ёмныя (кубы, шары). Віды дыяграмных фігур выбіраюцца ў залежнасці ад колькаснай характарыстыкі картаграфаваных паказчыкаў і іх адрознення паміж крайнімі велічынямі. Выкарыстоўваюцца для характарыстыкі зямельных угоддзяў і іх структуры, насельніцтва і яго складу, валавой прадукцыі прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЕ ПРА́ВАміжнароднае,
сукупнасць юрыд. прынцыпаў і норм, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі ў працэсе даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы і нябесных цел і вызначаюць іх прававы рэжым. Засноўваецца на агульных міжнар.-прававых прынцыпах, уключаючы прынцыпы Статута ААН. Асн. дакумент у галіне К.п. — Дагавор аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы, у т. л. Месяца і інш. нябесных цел (1967). Прадугледжвае свабоду даследавання касм. прасторы і нябесных цел, мірнага выкарыстання Месяца і інш. нябесных цел, іх поўную дэмілітарызацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎКА (Cauca),
рака ў Калумбіі, левы прыток р. Магдалена. Даўж. 1350 км, пл. басейна каля 80 тыс.км². Пачынаецца на ПдЦэнтр. Кардыльеры, цячэ ў глыбокай тэктанічнай даліне паміжЦэнтр. і Зах. Кардыльерай, праразае горны масіў Анцьёкія, дзе ўтварае парогі і вадаспады, потым — па Прыкарыбскай нізіне, у шырокай даліне з пратокамі і азёрамі. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход каля 2000 м³/с. Суднаходная на ўчастках ад г. Калі да г. Картага і ад г. Анцьёкія да вусця (усяго 620 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІНГВУД ((Collingwood) Робін Джордж) (22.2.1889, Коністан, Вялікабрытанія — 9.1.1943),
англійскі гісторык, археолаг, філосаф. Праф. філасофіі Оксфардскага ун-та (1935—41). Даследаваў стараж. гісторыю Вялікабрытаніі («Рымская Брытанія», 1923; «Археалогія рымскай Брытаніі», 1930). Філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам Б.Крочэ. К. імкнуўся выявіць сувязь паміж гісторыяй і філасофіяй, лічыў, што абедзве навукі маюць агульны прадмет — чалавечае мысленне ў працэсе гіст. развіцця. Аўтар філас. прац «Нарыс філасофскага метаду» (1933), «Асновы мастацтва» (1938), «Нарыс метафізікі» (1940), «Новы Левіяфан» (1942) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРАНЕІЗАЛЯВА́НЫЯ МО́ВЫ, ізаляваныя мовы, аморфныя мовы,
мовы, якія не маюць ні словазмянення, ні афіксальнага словаўтварэння. Адносіны паміж словамі выражаюць з дапамогай спалучэння некалькіх слоў, звязаных спосабам прымыкання, або пры дапамозе службовых слоў. Характэрны аднаскладовасць кораня, складовыя муз. тоны, цяжкасць размеркавання ўсіх слоў па часцінах мовы (адно слова можа выступаць у розных грамат. функцыях). Новыя паняцці ў К. м. перадаюцца спалучэннем каранёў. Блізкія да К. м.стараж.-кіт. (менш — сучасная кіт. мова), большасць моў Паўд.-Усх. Азіі, некат. мовы Зах. Афрыкі (эве) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАТА́Ў (Krakatau),
дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́ННЕ,
2 курганныя могільнікі 11—12 ст.паміжв. Курганне Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. і р. Дабасна. У адным могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на спіне галавой на 3, трапляецца трупаспаленне. Знойдзены ганчарная кераміка, пярсцёнкападобныя і сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы; шкляныя, сердалікавыя, бурштынавыя і металічныя пацеркі; металічныя прылады працы і інш. Могільнік належаў радзімічам. У другім могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце і ў яме. Знойдзены ганчарная кераміка, жал. нож, шкляныя залачоныя і сердалікавыя, буйназярністыя яйкападобныя пацеркі. Належаў дрыгавічам.