галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, па нарыхтоўцы, вывазцы і транспартаванні драўніны. Забяспечвае сыравінай і лесаматэрыяламі лесапільную вытв-сць, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую, гідролізную, гарнарудную, лесахім. прам-сць, буд-ва, аўта- і вагонабудаванне і інш. галіны нар. гаспадаркі (гл. адпаведныя артыкулы). Эксплуатацыйны фонд — пераважна хвоя, бяроза, елка, вольха, дуб, асіна. Драўнінныя матэрыялы выкарыстоўваюць на вытв. і буд. патрэбы (дзелавая драўніна), паліва (дровы), часткова экспартуюцца. Нарыхтоўка драўніны праводзіцца ў час высечак галоўнага, прамежкавага (санітарныя, пры ўпарадкаванні лесу) карыстання і інш. высечак (напр., квартальныя прасекі, трасы каналаў, газа- і нафтаправодаў, дарогі, расчыстка зямельных участкаў пры перадачы іх для мэт, не звязаных з лясной гаспадаркай). Валка лесу ажыццяўляецца бензапіламі, валачна-тралёвачнымі машынамі, тралёўка — трактарамі, абрэзка сукоў — бензапіламі і сукарэзнымі машынамі, пагрузка — сківічнымі пагрузчыкамі і гідраманіпулятарамі, вываз лесу ў хлыстах на ніжнія склады і спажыўцам — лесавозамі. З дробнатаварнай драўніны і адходаў робяць тэхнал. трэскі. Л.п. найб. развіта ў ЗША, Расіі, Канадзе, Швецыі, Фінляндыі, Бразіліі, некаторых краінах трапічнай Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі.
На Беларусі лесанарыхтоўкі вяліся са стараж. часоў, калі драўніна выкарыстоўвалася на паліва, для буд-ва жылля, абарончых збудаванняў, прылад працы, зброі, посуду, пазней — для будавання ваенных і гандл. суднаў. У 14—16 ст. з’явіліся першыя прававыя акты па рэгуляванні лесанарыхтовак. У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырэнне лесанарыхтовак было абумоўлена спрыяльным у гандл. адносінах геагр. размяшчэннем Беларусі, з яе зручнымі для сплаву на Пд і З рэкамі, сеткай чыгунак. З 1900 да 1913 штогод вывозілася ням. і англ. фірмамі 4,2 млн.м³ драўніны. У Вял.Айч. вайну было высечана больш за 500 тыс.га каштоўных лясных насаджэнняў, лясістасць знізілася да 19,7% (найменшая за ўсю гісторыю). Аб’ёмы лесанарыхтовак у пасляваенныя гады (1945—50) склалі 68,8 млн.м³, у т. л. галоўнага карыстання 73,5%. У 1990-я г. нарыхтоўку драўніны галоўнага карыстання ажыццяўляюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (57% ад усяго аб’ёму высечак, 18 вытв. аб’яднанняў і 5 леспрамгасаў), Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (20%) і інш. нарыхтоўшчыкі. Аб’ёмы лесанарыхтовак у 1997 склалі: вываз драўніны (тыс. шчыльных м³) — 5686, у т. л. дзелавой драўніны — 4860. У 1998 для патрэб цэлюлозна-папяровай прам-сці адгружана 130 тыс.м³ хвойных балансаў і для патрэб гідролізнай прам-сці — 120 тыс.м³ трэсак і пілавіння.
Буйнейшыя лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы: ААТ «Лунінецлес», ЗАТ «Мазырскі леспрамгас», ААТ «Віцебсклес», ААТ «Полацклес», ААТ «Маладзечналес». Прадукцыя Л.п. экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Валка лесу ў Барысаўскім леспрамгасе.Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Вывазка хлыстоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕФ, Левы фронт мастацтваў,
літаратурна-мастацкае аб’яднанне ў Маскве ў 1922—29. Уваходзілі паэты У.Маякоўскі (кіраўнік), М.Асееў, В.Каменскі, С.Кірсанаў, П.Нязнамаў, Б.Пастарнак (да 1927) і інш., мастакі А.Родчанка, В.Сцяпанава і інш., крытыкі і тэарэтыкі мастацтва Б.Арватаў, В.Брык, В.Шклоўскі і інш. Блізкімі да ЛЕФа былі дзеячы кіно С.Эйзенштэйн, Дз.Вертаў, Э.Шуб і інш. Арыентаваўся на сац.-дзейснае, «жыццебудаўнічае» мастацтва, максімальна набліжанае да рацыянальна арганізаванай духоўнай «вытворчасці» і урбаністычнай культуры. Працягваў асобныя авангардысцкія тэндэнцыі футурызму. Абсалютызаваў вытв.-пераўтваральныя (утылітарныя) і арганізац.-ідэалаг. функцыі мастацтва, недаацэньваў або зусім ігнараваў яго пазнаваўчыя і духоўна-эстэт. аспекты.
Арыентаваўся на аднабакова зразумелы «сацыяльны заказ», абсалютызаваў дакументалізм (т. зв.л-ра факта), вытв. і прапагандысцкі утылітарызм, не прымаў маст. выдумку, недаацэньваў або цалкам адмаўляў традыц. віды і жанры. Выдаваў час. «ЛЕФ» (1923—25, рэд. Маякоўскі) і «Новый ЛЕФ» (1927—28, рэд. Маякоўскі, са жн. 1928 С.Траццякоў). У 1928 Маякоўскі выйшаў з аб’яднання; у 1929 па яго ініцыятыве ЛЕФ пераўтвораны ў РЭФ (Рэв. фронт мастацтваў).
На Беларусі ў пач. 1920-х г. ідэі, блізкія да лефаўскіх, абгрунтоўвалі «Сцвярджальнікі новага мастацтва», асобныя публіцысты Пралеткульта. Пазней некаторыя ідэі ЛЕФа ў прынцыпова інш. пераасэнсаванні ўвайшлі ў праграму «Маладняка» (штучная апазіцыя «маладнякізму» творчасці старэйшых пісьменнікаў, канцэпцыя «вітаізму» — л-ры, накіраванай на «ажыўленне» рабоча-сялянскай Беларусі і макс. набліжэнне л-ры да жыцця) і «Узвышша», асабліва ў поглядзе на л-ру як на «жыццебудаўніцтва» і «аквітызм» (ад лац. aqua vita вада жыцця), што сімвалізавала пранікненне творча-маст. пачатку ў нар. быццё. У літ. практыцы большасць маладнякоўцаў і «Узвышша» выступалі супраць футурызму і ЛЕФа, арыентаваліся на фальклор і традыц.муз.-песенную паэзію, а не на урбаністычныя матывы і дакументалізм. Разнавіднасцю ЛЕФа на бел.літ. ніве стала «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». Большасць маладых паэтаў гэтага аб’яднання [П.Броўка, Я.Відук (Я.Скрыган), Я.Сукала, А.Вясёлы, Ю.Лявонны, У.Прыбыткоўскі, І.Чырвань і інш.] абмежаваліся вонкавым спалучэннем паэтыкі Маякоўскага з традыц. матывамі бел. паэзіі. Яго кіраўнікі (П.Шукайла, М.Бухаркін) з вульгарна-сацыялагічных пазіцый ацэньвалі творчасць С.Ясеніна, Маякоўскага, У.Жылкі, А.Вольнага, У.Дубоўкі, Я.Пушчы.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг Мн., 1975;
Перцов В. Маяковский: Жизнь и творчество. Т. 2. 3 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮТЭРА́НСТВА,
адзін з кірункаў пратэстантызму. Узнікла ў пач. 16 ст. ў Германіі ў перыяд Рэфармацыі. Назва ад імя заснавальніка М.Лютэра. Канчаткова веравучэнне выкладзена ў 1530 у «Аўгсбургскім спавяданні». Гал. пастулат тэалогіі Л. — выратаванне асабістай верай, якое даруецца Богам, без дапамогі царквы. Сувязь Бога і чалавека набывае ўнутраны, асабісты характар, царква перастае быць пасрэднікам паміж Богам і індывідам. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом, святары страчваюць становішча асобага саслоўя, адмаўляюцца каталіцкая іерархія, манаства, бясшлюбнасць святароў. Рэліг. суполкі самі запрашаюць пастараў і выбіраюць кіруючыя органы — кансісторыі. Крыніцай веравучэння з’яўляецца Біблія, якую вернік мае права самастойна тлумачыць. У кірхах (храмах) няма абразоў. З 7 таінстваў каталіцкай царквы засталіся хрышчэнне і прычасце. Набажэнства вядзецца на роднай мове. У кульце Л. ўвасабляецца прынцып таннай царквы.
У Беларусь Л. пачало пранікаць у 1520-я г. з Лівоніі і Усх. Прусіі; трапляла і непасрэдна з Германіі праз студэнтаў з ВКЛ, якія навучаліся ў ням. ун-тах, асабліва ў Лейпцыгскім. Першым значным прапаведнікам Л. ў ВКЛ быў А.Кульва, які выкладаў вучэнне Лютэра ў сваёй школе ў Вільні. У 1544 ва Усх. Прусіі быў адкрыты пратэстанцкі Кёнігсбергскі ун-т, які значна паспрыяў распаўсюджванню Л. ў ВКЛ і Польшчы. Тут было некалькі кафедраў з навучаннем на польскай, літ. і бел. мовах, устаноўлена некалькі стыпендый для выхадцаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, друкавалася пратэстанцкая л-ра. 3 сярэдзіны 1550-х г. лютэранскія суполкі з’явіліся ў Вільні, Мінску, Слуцку і інш. У канцы 16 ст. на тэр.ВКЛ было ад 5 да 8 суполак. Л. было пашырана сярод гараджан, у меншай ступені сярод шляхты. Гал. кіруючым органам лютэранскай царквы ў ВКЛ была выбраная на сінодзе Літоўская кансісторыя на чале з прэзідэнтам (пазней суперінтэндантам). У час рэліг. ганенняў у 17—18 ст. лютэране супрацоўнічалі з кальвіністамі і праваслаўнымі, карысталіся падтрымкай Прусіі і Расіі; колькасць вернікаў у гэтыя часы значна скарацілася. У пач. 20 ст. ў Беларусі заставаліся адзінкавыя лютэранскія суполкі, частка іх існавала ў Зах. Беларусі да 1940-х г.; вернікі былі пераважна ням. нацыянальнасці. У 1990-я г. Л. стала адраджацца. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 лютэранскія суполкі: у Віцебску, Гродне, Мінску.
Літ.:
Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim. Wrocław etc., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.А.Ткачоў (1982), З.Л.Яцкевіч (1990), І.М.Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,
аб’яднанні прафес. музыкантаў і аматараў музыкі, якія маюць на мэце пашырэнне муз. культуры, прапаганду і вывучэнне муз. мастацтва ці асобных яго відаў. Падзяляюцца на выканальніцкія (хар., аркестравыя, камерныя), навук., асветныя, творчыя. Існуюць т-вы нац. і міжнародныя (Міжнар.т-ва сучаснай музыкі, Міжнароднае таварыства музыказнаўства, Міжнар.т-вамуз. выхавання, Міжнар. савет нар. музыкі; многія з іх уваходзяць у Міжнародны музычны савет пры ЮНЕСКА).
Першыя М.т. — муз. акадэміі — узніклі ў Італіі ў 16 ст. У 17 ст. падобныя т-вы («калегіум музікум») з’явіліся ў інш.еўрап. краінах. У 18 ст. ўзніклі канцэртныя, т. зв. філарманічныя М.т. У 19 ст. пашырыліся аматарскія хар. т-вы, т-вы па прапагандзе музыкі і выданні твораў асобных кампазітараў (Бахаўскае, Гендэлеўскае, Вагнераўскае і інш.). У Расіі першае М.т. ўзнікла ў Пецярбургу («Музычны клуб», 1772). Існавалі таксама Пецярбургскае філарманічнае т-ва (1802), Рус.муз.т-ва (1859—1917), Музычна-этнаграфічная камісія, Рус. харавое т-ва (Масква, 1878), Маскоўскае філарманічнае т-ва (1883). У 1923 створаны Асацыяцыя сучаснай музыкі і Рас. асацыяцыя пралетарскіх музыкантаў (РАПМ), на аснове якой у 1932 заснаваны Саюз кампазітараў Расіі. 3 інш. М.т. — Аб’яднанне рэв. кампазітараў і муз. дзеячаў (1925—32), Усеўкраінскае муз.т-ва імя Леантовіча (1921—28), Усеўкраінскае т-варэв. музыкантаў (1928—32), Усерас.хар.т-ва (з 1957).
На Беларусі аб’яднанні прафес. музыкантаў і аматараў пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Існавалі; Мінскае музычна-літаратурнае таварыства, Мінскае муз.т-ва (1880), Віцебскае т-ва аматараў муз. і драм. мастацтва (1883), Брэсцкае муз.-драм.т-ва аматараў (1885), Магілёўскае муз.-драм.т-ва (1886), Мінскае муз.-драм.т-ва (1893), Мінскі муз. гурток (1896), Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства, Віцебскі музычна-драматычны гурток, Слуцкае літ.-артыстычнае т-ва (1906), Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Мінскае таварыства сяброў музыкі, Т-ва імя А.Рубінштэйна ў Віцебску (1920-я г.), «Музыку — масам» у Мінску (з 1929). Бел. кампазітары ўваходзілі ў Т-вадрам. пісьменнікаў і кампазітараў (з 1926), пазней стварылі кампазітарскую секцыю пры Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і паэтаў (1928—32). Саюз кампазітараў Беларусі напачатку існаваў як аўтаномная секцыя Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1938 самастойны. У. 1987 створаны Саюз музычных дзеячаў Беларусі (да 1991 муз.т-ва Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),
народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн.чал.). Агульная колькасць 86 млн.чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн.чал.), Канадзе (1,2 млн.чал.), Казахстане (958 тыс.чал.), Расіі (843 тыс.чал.), Бразіліі (710 тыс.чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял.кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням. школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням.нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням.нац. школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.
На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,
рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.—жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦК (у сак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач.жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.
Літ.:
Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;
Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;
Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́СІН (Аляксей Васілевіч) (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (1975, з С.Гаўрусёвым), зб. вершаў М.Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1980;
Палёт. Мн., 1982;
Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;
Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1924 аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і Кітайскай Рэспублікай, падпісана 31 мая ў Пекіне. Усталявала паміж дзвюма краінамі дыпламат. адносіны. Абвяшчала скасаванымі ўсе дагаворы Рас імперыі з інш. краінамі, якія закраналі інтарэсы Кітая. Бакі абавязаліся не заключаць ніякіх дагавораў або пагадненняў, якія б закраналі інтарэсы аднаго з бакоў, не весці прапаганду адзін супраць аднаго і не дазваляць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі арг-цыям, якія гвалтоўнымі метадамі змагаюцца супраць урада інш. боку. СССР адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян (права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі) і ад рас. часткі т.зв. «баксёрскай кантрыбуцыі» (гл.Іхэтуаньскае паўстанне). Кітайская Чанчуньская чыгунка (КЧЧ) пераходзіла пад сумеснае кіраванне СССР і Кітая. СССР прызнаваў Манголію Знешнюю неад’емнай ч. Кітая. Дагавор 1937 аб ненападзе, падпісаны 21 жн. ў Нанкіне тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго бакі абавязаліся не нападаць адзін на аднаго, не аказваць ні прамой, ні ўскоснай падтрымкі дзяржаве або дзяржавам, якія здзейснілі напад на адзін з бакоў, і на працягу канфлікту пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія б маглі пагоршыць становішча боку, на які напалі. Садзейнічаў усталяванню цесных сувязей паміж СССР і Кітаем, што спрыяла барацьбе апошняга з яп. агрэсіяй (гл.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Дагавор 1945 аб дружбе і саюзе, падпісаны 14 жн. ў Маскве. Прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў вайне супраць Японіі. Бакі абавязаліся супрацоўнічаць пасля заканчэння вайны, аказваць адзін аднаму эканам. дапамогу пры захаванні прынцыпу ўзаемнай павагі суверэнітэту і тэр. цэласнасці. Адначасова з дагаворам былі падпісаны пагадненні, якія прадугледжвалі сумесную эксплуатацыю КЧЧ як агульнай маёмасці. Порт-Артур перадаваўся ў карыстанне СССР як ваен. база. Фактычна страціў сілу пасля перамогі кіт. камуністаў у грамадз. вайне і абвяшчэння імі ў 1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР). Дагавор 1950 аб міры, дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 14 лют. ў Маскве. Першы з дагавораў паміж СССР і КНР. Бакі абавязаліся прыняць усе неабходныя меры для прадухілення агрэсіі з боку Японіі, а ў выпадку нападу на адзін з бакоў аказваць усю магчымую дапамогу; пагадзіліся дабівацца заключэння мірнага дагавора з Японіяй у магчыма кароткі тэрмін. Сав. ўрад абавязаўся не пазней як у канцы 1952 перадаць КНР свае правы на КЧЧ, вывесці свае войскі з Порт-Артура. СССР даваў КНР грашовы крэдыт. Заключаны тэрмінам на 30 гадоў, з 1980 фармальна страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРКА́НД,
горад, цэнтр Самаркандскай вобл. ва Узбекістане, у даліне р. Зераўшан. 400 тыс.ж. (1999). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (ліфты, кінаапаратура, быт. халадзільнікі, тэлевізары, кандыцыянеры і інш.), лёгкая (бавоўнаачышчальная, шаўкаткацкая), харчасмакавая (вінаробная, кансервавая, тытунёвая), хім. (мінер. ўгнаенні) і інш. 6 ВНУ, у т. л.ун-т. 4 тэатры. Музеі: гісторыі, культуры і мастацтва Узбекістана, горада, Улугбека, дом-музей Айні.
У 4 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. на тэр. С. існаваў г. Мараканда, сталіца дзяржавы Согд, які пазней увайшоў у Цюркскі каганат. У 329 да н. э. заваяваны войскамі Аляксандра Македонскага. У пач. 8 ст. горад захапілі арабы. У 9—10 ст. пад уладай Саманідаў, у 11 ст. — Караханідаў, туркаў-сельджукаў, з сярэдзіны 12 ст. — каракітаяў. У пач. 13 ст. С. валодалі харэзмшахі. У 1220 разбураны мангола-татарамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. сталіца імперыі Цімура. Пры Улугбеку пабудавана астранамічная абсерваторыя (1424—29). У той час С. — буйны эканам. і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. З 1500 у складзе дзяржавы Шэйбанідаў, якія перанеслі сталіцу з С. ў Бухару. У канцы 16 ст. С. у складзе Бухарскага ханства. У 1868 заняты рас. войскамі і далучаны да Рас. імперыі, цэнтр Зераўшанскай акругі, з 1887 — Самаркандскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Ташкентам. У 1924—30 С. — сталіца Узб. ССР, з 1938 абл.цэнтр. У Вял.Айч. вайну сюды эвакуіраваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў.
У паўн.-ўсх. частцы С. гарадзішча Афрасіяб, ансамблі маўзалеяў Шахі-Зінда (11—12, 14—15 ст.), Бібі-Ханым з керамічным шматколерным дэкорам. У цэнтры старой ч. горада ансамбль плошчы Рэгістан (пачаў складвацца ў 12 ст.), які ўключае 3 медрэсэ (Улугбека, 1417—20; Шыр-Дор, 1619—35; Тыля-Кары, сярэдзіна 17 ст.) з багатым мазаічным і разным керамічным і мармуровым азлабленнем. На Пд ад плошчы — маўзалеі Гур-Эмір, Рухабад (1380-я г.), Аксарай (1470-я г.; мазаічны і сталактытавы дэкор); на ПдУ — руіны маўзалея Ішрат-хана (1464), мемар. комплекс каля маўзалея Хаджа Абды-Дарун (15 ст.). Сярод інш. помнікаў: абсерваторыя Улугбека (1428 ці 1429; рэшткі падмуркаў і секстант), маўзалей Чупан-Ата (15 ст.), медрэсэ Хаджа Ахрара (1630 ці 1631), мячэць Хазрэт-Хызр (на стараж. падмурку; 19 — пач. 20 ст., арх. Усто-Бакі, Усто-Абдукадыр) і інш. С. — цэнтр маст. рамёстваў.
Літ.:
Пугаченкова Г.А. Самарканд. Бухара. 2 изд. М., 1968;
Из истории искусства великого города. Ташкент, 1972.
І.Л.Чэбан (архітэктура).
Архітэктурны ансамбль Шахі-Зінда каля ўяўнай магілы Кусама ібн-Абаса ў Самаркандзе. 1334—35.Самарканд. Абсерваторыя Улугбека.Плошча Рэгістан у Самаркандзе.