ЕЛЬЯШЭ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.8.1908, г. Мюнхен, Германія — 4.1.1996),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў спектраскапіі атамаў і малекул. Акад.АН Беларусі (1956), д-р фізіка-матэм. н. (1945), праф. (1948). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1956 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1968 у БДУ, з 1990 у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» АН Беларусі. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі, фізіцы плазмы. Распрацаваў асновы тэорыі ваганняў і вагальных спектраў шмататамных малекул, правёў шэраг даследаванняў па спектраскапіі рэдказямельных злучэнняў і спектраскапіі нізкатэмпературнай плазмы. Аўтар работ па гісторыі квантавай фізікі. Ленінская прэмія 1966; Дзярж. прэміі СССР 1949, 1950; Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.);
От возникновения квантовых представлений до становления квантовой механики // Успехи физ. наук. 1977. Т. 122, вып 4.
Літ.:
М.А.Ельяшэвіч // Весці АНБССР. Сер. фіз.-матэм.навук. 1988. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПРА́НЫ,
вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ашмянка, на аўтадарозе Вільнюс — Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнУ ад Ашмян, 198 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Ашмяны. 795 ж., 288 двароў (1997).
Вядомыя з пач. 15 ст. як цэнтр воласці, што належаў вял. князю ВКЛ. З 1407 да пач. 16 ст. ўласнасць Манівідавічаў, потым да пач. 19 ст. — Радзівілаў. На карце Т.Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. З 1811 уладанне Чапскіх. У 1880-я г. — 284 ж., 57 двароў. З 1921 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1971—423 ж., 121 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла Ф.Багушэвіча і помнік яму (у вёсцы). Помнік архітэктуры — Жупранскі касцёл (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРМУ́НЫ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ліда—Вільнюс (Літва). Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Кастрычнік». За 16 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 107 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Бастуны. 671 ж., 273 двары (1997).
Вядомы з пач. 15 ст. як родавы маёнтак Бутрымаў. У канцы 15 — пач. 20 ст. ўласнасць Мантоўтавічаў, Радзівілаў, Завішаў, Тышкевічаў, Шванебахаў. На карце Т.Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У пач. 20 ст. — 323 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Радунскім р-не, з 1959 у Воранаўскім р-не. У 1971—587 ж., 198 двароў. Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (1789). Помнік сав. актывістам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).
Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.
Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ МАСТА́К БЕЛАРУ́СІ,
ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 7.1.1944. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дзеячам выяўл. мастацтва, якія маюць ганаровае званне заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (не менш як 5 гадоў), вял. заслугі ў развіцці жывапісу, скульптуры, графікі, манум. і дэкар.-прыкладнога, тэатр., кіна- і тэлемастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЧА,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. каля р. Начка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на З ад г.п. Воранава, 112 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Бастуны. 470 ж., 173 двары (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Магілы Т.Нарбута, В.А.Шукевіча, С.Б.Юндзіла. Помнік архітэктуры — касцёл Ушэсця Дзевы Марыі (1910). Помнік археалогіі — стаянка бронзавага веку Нача.
Вядома не пазней 16 ст. як уладанне Касцевічаў. Адзін з іх, Януш, ваявода падляшскі, у 1529 заснаваў у Н. касцёл і перанёс сюды з в. Дубічы цэнтр парафіі. Пазней належала Кішкам, Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Лідскім пав. Віленскай губ. У 1886 мястэчка, 272 ж., 16 двароў, касцёл, 3 карчмы, крама, таржок. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, потым у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Радунскага раёна. З 1962 у Воранаўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ГО́ЛАС»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел.нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.Васілька, Т.Кляшторнага, С.Галыша, Т.Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЁМАН»,
шклозавод у г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.Засн. ў 1883. Утварыўся з 3 шклозаводаў (гл.Нёманскія шклозаводы). У 1-ю сусв. вайну разбураны, адноўлены ў 1921 як шклозавод «Н.» фірмы «Ю.Столле». Вырабляў шклянкі, лямпавае і аптэкарскае шкло, з 1922 — ізалятары для чыгунак, пошты і тэлеграфа. У 1930 «Н.» выпускаў пятую частку ўсяго экспарту Польшчы і 1828 найменняў шкляной і хрусталёвай прадукцыі. У 1939 пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР нацыяналізаваны. У Вял.Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1944, вырабляў аконнае і лямпавае шкло, з 1945 — шклапосуд. Рэканструяваны ў 1957—86. На 1.1.2000 на з-дзе працуюць 7 ванных шклаварных печаў бесперапыннага дзеяння, 3 печы—спадарожнікі для варкі каляровага шкла. Асн. прадукцыя (2000): вырабы 1058 найменняў, у т. л. посуд са шкла і хрусталю, дэкар. вырабы, элементы для люстраў і інш. Прадукцыя з-да за арыгінальнасць маст. і тэхнал. выканання неаднаразова адзначалася ўзнагародамі на міжнар. выстаўках. Гл. таксама Нёманскае шкло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.К.Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.
Літ.:
Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́СТЛАНД», рэйхскамісарыят Остланд,
адм.-тэр. адзінка, устаноўленая ў 1941 ням. фашыстамі на акупіраванай імі тэр.СССР. Адм. цэнтр «О.» — Каўнас (да жн. 1941), Рыга (да восені 1944), Берлін (да мая 1945). Узначальваў «О.» да восені 1944 Г.Лозе, пазней Э.Кох. Складаўся з 4 ген. акруг: Беларусь, Латвія, Літва, Эстонія. Межы акруг не заўсёды супадалі з межамі сав. рэспублік: да акругі Літва акупанты далучылі паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл., генеральная акруга Беларусь (узначальваў гаўляйтэр В.Кубэ, потым К. фон Готберг, з 1.4.1944 падпарадкавана міністру ўсх. зямель А.Розенбергу) складала толькі 1/3тэр.БССР. Апарат кіравання «О.» будаваўся на ўзор Рэйхсміністэрства акупіраваных усх. тэрыторый з некалькіх гал. аддзелаў, у т. л. палітыкі, культуры. Гал. друкаваны орган — «Deutsche Zeitung im Ostland» («Нямецкая газета ў Остландзе»; выдавалася штодзень у Рызе, змяшчала матэрыялы пра Беларусь).
Літ.:
Handrack H.-D. Das Reichskommissariat Ostland: Die Kulturpolitik der deutschen Verwaltung zwischen Autonomie und Gleichschaltung 1941—1944. Hannover;