ДО́КШЫЦЫ,
горад, цэнтр Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., у вярхоўі р. Бярэзіна. За 200 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Вілейкай, Глыбокім, Лепелем, Бягомлем. 7,4 тыс. ж. (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1407. Належалі Манівідам, Гальшанскім, Радзівілам, Кішкам і інш. З 1621 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр Докшыцкага павета. З 1795 горад. У 1796 Д. атрымалі герб: у зялёным полі 2 узгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іх гарлавін цякуць сярэбраныя крыніцы. З 1797 у Барысаўскім пав. У канцы 19 ст. ў Д. больш за 5,6 тыс. ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 3,6 тыс. ж. З 15.1.1940 горад, цэнтр Докшыцкага раёна. У Вял. Айч. вайну з 9.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Д. і раёне загубілі 4931 чал. У Д. размяшчаўся вял. гарнізон ворага, які неаднаразова быў разбіты партызанамі (гл. Докшыцкі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943). 2,2 тыс. ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Глыбоцкім раёне.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.
т. 6, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)