ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).

Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.​Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.

Т.​І.​Чарняўская, В.​Ф.​Марозаў.

Полацкі Богаяўленскі манастыр.

т. 12, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХІЧЭВА́НСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Нахчыван Мухтар Республикасы),

у складзе Азербайджана, аддзелена ад яго тэр. Арменіі. Мяжуе па р. Аракс з Іранам і Турцыяй. Пл. 5,5 тыс. км². Нас. 306 тыс. чал. (1991), гарадскога 33%. Сярэдняя шчыльн. 55,6 чал. на 1 км². Жывуць азербайджанцы (95,6%), рускія і інш. Цэнтр — г. Нахічэвань. Гарады: Ардубад, Джульфа, Шарур.

Прырода. Паверхня гарыстая, каля 75% тэрыторыі на выш. больш за 1000 м. На Пн — Даралагезскі хр., на У — Зангезурскі хр. (выш. да 3904 м, г. Капутджух). Паўд. і паўд.-зах. часткі тэр. ўздоўж р. Аракс — раўніна выш. 600—1000 м. Карысныя выкапні: малібдэнавыя і поліметал. руды, каменная соль, сера, буд. матэрыялы. Шматлікія крыніцы мінер., пераважна вуглякіслых вод. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C на раўніне, да -14 °C у гарах, ліп. адпаведна 28 °C і 25 °C (на вяршынях гор да 5 °C). Ападкаў за год ад 200 мм на раўніне да 600 мм у гарах. Гал. рака Аракс з прытокамі Арпа, Нахічэванчай. Вадасховішчы Батабатгёль і Узунабінскае (на р. Нахічэванчай) і Арпачайскае. Глебы шэразёмныя, бурыя і каштанавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і салянкавая, у гарах стэпавая, субальпійская і альпійская; лясоў амаль няма.

Гісторыя. Тэр. рэспублікі заселена чалавекам з эпохі неаліту. У 8—7 ст. да н.э. ў складзе дзяржаў Мана і Мідыя, у 6—4 ст. да н.э. Ахеменідаў дзяржавы, у 4 ст. да н.э. — дзяржавы Аляксандра Македонскага, у пач. 2 ст. да н.э. — Атрапатэны. У 1 ст. да н.э. захоплена Рымам, у 3 ст. н.э. — Персіяй, у 623 — Візантыяй, у сярэдзіне 7 ст. — арабамі. У 9—10 ст. уваходзіла ў склад дзяржаў Саджыдаў (879—930) і Саларыдаў (941—965); гарады Нахічэвань, Джульфа, Ардубад сталі цэнтрамі рамяства і гандлю. У 11 ст. заваявана сельджукамі (г. Нахічэвань быў сталіцай дзяржавы султана Алп-Арслана), з 12 ст. ў складзе азерб. дзяржавы Эльдыгізідаў. У 13—15 ст. пад уладай манголаў, Цімура і цюркаў-агузаў, у 15—16 ст. у складзе дзяржаў Кара-Каюнлу і Ак-Каюнлу. З канца 16 ст. пад уладай Ірана ў складзе Сефевідаў дзяржавы (да 1720-х г.) і імперыі Надзір-шаха (1736—47). Неаднаразова перажыла нашэсці тур. і іранскіх войск. У 16 ст. ў складзе Сефевідскай дзяржавы вылучылася населенае азербайджанцамі і армянамі васальнае Нахічэванскае ханства, якое пасля распаду імперыі Надзір-шаха ў сярэдзіне 18 ст. стала незалежным, але ў канцы 18 ст. зноў трапіла пад уладу Ірана. Паводле Туркманчайскага дагавора 1828 у складзе Расіі, у 1849 тут утвораны Нахічэванскі пав. Эрыванскай губ. У пач. 20 ст. ўзніклі першыя с.-д. ячэйкі і арг-цыі «Гумет», вясной і летам 1917 у Нахічэвані і інш. месцах — Саветы, але ўлада заставалася ў руках мясц. бекаў і ханаў. У ліст. 1917 — сак. 1918 тут дзейнічала адміністрацыя Закаўказскага камісарыята. У чэрв. 1918 Нахічэвань акупіравана тур., у ліст.брыт. войскамі; чл. партыі «Мусават» абвясцілі ў краі т.зв. Аракскую рэспубліку. У 1919—20 пад уладай мусаватыстаў і дашнакаў. У ліп. 1920 Нахічэванскі край заняла Чырв. Армія. 28.7.1920 абвешчана Нахічэванская ССР, якая заключыла ваен.-эканам. саюз з РСФСР і Азербайджанам. У лют. 1923 3-і Усенахічэванскі з’езд Саветаў ператварыў Нахічэванскую ССР у Нахічэванскі аўт. край у складзе Азерб. ССР. 9.2.1924 аўт. край ператвораны ў Нахічэванскую АССР. З 1989 насельніцтва Нахічэванскай АССР, якое ў выніку нагорна-карабахскага крызісу было адрэзана ад асн. тэр. Азербайджана, актыўна ўдзельнічала ў руху за незалежнасць Азербайджана і яднанне азербайджанцаў СССР і Ірана. У снеж. 1989 — студз. 1990 адбываліся масавыя несанкцыяніраваныя пераходы насельніцтвам рэспублікі сав.-іранскай граніцы. У ліст. 1990 Нахічэванская АССР перайменавана ў Нахічэванскую Аўт. Рэспубліку. З 1991 у складзе незалежнай Азербайджанскай Рэспублікі.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (поліметал. руды, каменная соль, сера), лёгкая (шоўкаматальная, бавоўнаачышчальная, трыкат., швейная), харч. і харчасмакавая (плодакансервавая, мяса-малочная, тытунёвая, разліў мінер. вод), электра- і радыётэхн., дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, асфальтабетон, абліцовачны камень). На р. Аракс азербайджанска-іранскі гідратэхн. комплекс «Аракс». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні вінаграду, костачкавых фруктаў, тытуню, цвёрдых гатункаў пшаніцы. Пасяўныя пл. займаюць каля 25 тыс. га, пераважае паліўное земляробства. Вінаградарства (тэхн. і кішмішныя гатункі) і садоўніцтва (абрыкосы, персікі, чарэшні і інш.) развіты ў перадгорных і сярэднягорных раёнах. Вырошчваюць збожжавыя на прыараксінскіх раўнінах, тытунь у Нахічэванскім і Шарурскім р-нах, агародніна-бахчавыя культуры паўсюдна. Бульбаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага і мяса-воўнавага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Развіта шаўкаводства. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Уздоўж мяжы з Іранам і Турцыяй праходзяць участкі аўтадарогі і чыгункі Баку—Ерэван. Даўж. чыгункі 190 км. Бальнеалагічныя курортныя мясцовасці Бадамлы, Сіраб.

Да арт. Нахічэванская Аўтаномная Рэспубліка. Статак авечак на пашы.

т. 11, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША НІ́ВА»,

штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.​Луцкевічамі, В.​Іваноўскім, А.​Уласавым, А.​Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.​Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.​Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.​Купала, Я.​Колас, З.​Бядуля, Х.​Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.​Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.​Палуян (С.​Ясяновіч), А.​Бульба (В.​Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ. «Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.​Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.​Купалы за арт. А.​Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.​Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.​Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.​Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.

Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар. эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.​Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.​Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.​Багдановіча, Цёткі, А.​Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, К.​Каганца, У.​Галубка, К.​Буйло, А.​Гурло, Я.​Журбы, Г.​Леўчыка, К.​Лейкі, А.​Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.​Петрашкевіча, Ф.​Чарнушэвіча, Э.​Будзькі, Старога Уласа, Л.​Лобіка, І.​Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел. літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.​Купалы, Я.​Коласа, Багдановіча, Л.​Гмырака, А.​Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.​Самойлы, Р.​Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел. літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.​Ажэшкі, А.​Міцкевіча, У.​Сыракомлі, М.​Канапніцкай, Ю.​Славацкага, С.​Жаромскага, Т.​Шаўчэнкі, В.​Стафаніка, Л.​Талстога, А.​Чэхава, М.​Горкага, У.​Караленкі, В.​Брусава, урыўкі з артыкулаў В.​Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.​Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.​Шапэна, Ч.​Дарвіна.

«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл. зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.​Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.​Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.​Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.​Купалы, Я.​Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).

Літ.:

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;

Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;

Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭІ́ЗМ (франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),

сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.​Расел, Л.​Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.​Дзідро, К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Ж.​Ламетры, а таксама Л.​Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.​Маркса, У.​І.​Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.​Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.

На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.​Бекеш, С.​Лован, К.​Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.​Будны, В.​Цяпінскі, Я.​Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Я.​Лучыны і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;

Основы религиоведения. М., 1994;

Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫЯ ВО́БРАЗЫ, сусветныя вобразы,

умоўная назва вобразаў літаратурных герояў, якія ўзніклі ў канкрэтную гіст. эпоху, але ў свядомасці людзей наступных эпох ператварыліся ў мнагазначныя і шырокавядомыя сімвалы, здольныя ўвасабляць з’явы агульначалавечага зместу. Кожны з гэтых вобразаў (Праметэй, Дон Жуан, Фауст, Гамлет, Дон Кіхот) па-свойму адлюстроўвае спрадвечныя сутнасныя канфлікты самавыяўлення чалавека, гранічнасць яго жыццёвых ідэалаў і памкненняў, супярэчлівую рэальнасць яго магчымасцей. Маст. ёмістасць і шматмернасць такіх вобразаў, багаты вопыт іх інтэрпрэтацый у сусв. л-ры і мастацтве вядуць да новых абагульненняў, пераацэнак рэчаіснасці ў адпаведнасці з умовамі і патрэбамі часу.

Тытан Праметэй — герой стараж.-грэч. міфалогіі ў трагедыі Эсхіла пададзены як смелы багаборац, а ў больш позніх творах як сімвал сапраўднай чалавечнасці, падзвіжніцкага служэння вял. мэце (у Дж.​Байрана, П.​Б.​Шэлі, М.​Агарова, Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Ліста, А.​Скрабіна, Тыцыяна). Сярэдневяковая легенда пра рыцара, які аддаў жыццё пошукам любоўных уцех, выклікала шмат літ. наследаванняў, у якіх Дон Жуан выступаў прадстаўніком арыстакратычнага грамадства (Мальер), заўзятым шукальнікам неўвядальнай жаноцкасці (опера В.​А.​Моцарта, апавяданне Э.Т.​А.​Гофмана), бунтаром у імя свабоды асобы (паэма Байрана), звычайным спажыўцом бурж. тыпу (раман А.​Бальзака), эгаістычным жыццялюбцам, для якога настаў час расплаты за мінулае («маленькая трагедыя» А.​Пушкіна). Этапныя маст. вытлумачэнні легенды пра Фауста, які нібыта прадаў душу д’яблу дзеля ведаў і багацця: п’еса К.​Марла «Трагічная гісторыя доктара Фауста»; трагедыя І.​В.​Гётэ «Фауст», прасякнутая верай у сілу чалавечага розуму; раман Т.​Мана «Доктар Фаустус», у якім трагічны лёс Фауста супастаўляецца з лёсам усёй Германіі 1-й пал. 20 ст. Характар Гамлета са скандынаўскай сагі, у якой гал. герой настойліва дасягае сваёй мэты і карае злачынцу, пераасэнсаваны ў аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра, дзе Гамлет паўстае найперш мысліцелем, які выпрабоўвае сумненнямі традыц. погляды.

Першыя спробы асваення вечных вобразаў у бел. л-ры — пераклады Бібліі: да біблейскіх вобразаў звярталіся ў сваёй творчасці Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі. Многа міфал. вобразаў парадзіравана ў ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». У 1920—30-я г. найб. часта згадваўся вобраз Праметэя, багаборніцкія імкненні якога адпавядалі рэв. ўздыму і грамадскім настроям часу. Надзвычай важным для бел. л-ры стаў вобраз музыкі — нар. песняра, мастацтва якога раскрывала душу бел. народа, векавую крыўду і боль прыніжанага чалавека, незгасальную веру ў моц нар. духу і неўміручасць нар. генію («Курган» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа).

Літ.:

Берков П.Н. Вклад восточных славян в разработку так называемых «мировых образов» // Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. on (ontos) існае + ...логія)],

раздзел філасофіі, вучэнне аб быцці. Даследуе сутнасць быцця, яго універсальныя, усеагульныя асновы, заканамернасці і структуры. Тэрмін уведзены ням. філосафам Р.​Гакленіусам (1613) у значэнні «космас», «прырода», «прадметны свет» (у адрозненне ад гнасеалогіі — вучэння аб пазнанні). Пазней сталі выкарыстоўваць і ў дачыненні да чалавека і яго свядомасці, вызначэнні анталагічнага зместу паняццяў, што набылі формы пазнання. На розных этапах развіцця філасофіі бытавала думка, што свет, які ўспрымаецца пачуццём, несапраўдны і трэба шукаць пастаянны свет існага быцця, які можна спасцігнуць толькі розумам. Быццё як саматоесную існасць Парменід уяўляў нязменным, адзіным і супрацьпастаўляў яго пачуццёваму, множнаму, рухомаму. Арыстоцель уключаў у анталогію станаўленне, рух, якія ён звязваў з пераходам магчымасці ў рэальнасць. Філосафы сярэднявечча вырашалі праблемы ўзроўняў быцця (актуальны, патэнцыяльны, субстанцыяльны і інш.). Матэрыялістычная анталогія новай філасофіі разглядае асвоеную чалавекам з дапамогай навукі і тэхнікі прыроду, матэрыяльна-прадметную рэальнасць па-за чалавекам. Паварот ад прыродна-натуралістычнай да суб’ектыўна-гнасеалагічнай трактоўкі быцця з улікам вопыту суб’екта зроблены ў філасофіі Р.​Дэкарта, І.​Канта, І.​Фіхтэ, Г.​Гегеля і інш. Паводле К.​Маркса, адзінства прыроднага і чалавечага быцця дасягаецца ў працэсе сац. дзеяння, якое ахоплівае і матэрыяльную, і духоўную вытв-сць. М.​Хайдэгер, спалучаючы сэнс быцця з быццём чалавека, асаблівае значэнне ў анталогіі надаваў часу, мове (як «дому быцця»), культуры. Сучасны стан анталогіі абумоўлены гіст. этапам развіцця грамадства з уласцівай яму на гэтым узроўні спецыфікай узаемасувязі быцця і свядомасці супярэчнасцямі паміж імі. Адна з гэтых супярэчнасцяў у тым, што прыроданавук. і сацыялагічным мадэлям не заўсёды можна знайсці адпаведнасці ў прыродзе і грамадстве. Другая супярэчнасць звязана з працэсамі інтэграцыі грамадскага быцця ў агульначалавечае з узвышэннем да яго ўзроўню нац., рэгіянальных інтарэсаў, ідэй і культуры. Гэта абвастрае праблематыку анталогіі, але павышае яе актуальнасць, асабліва ролю ўсеагульнасці, навук. спасціжэнне якой дазваляе чалавеку (яго свядомасці) правільна арыентавацца ў розных абставінах.

Літ.:

Лосев А.Ф. Философия. Мифология. Культура. М., 1991;

Хайдеггер М. Время в бытие: Статьи и выступления. Пер. с нем. М., 1993;

Широканов Д.И. Основные этапы становления единства и развития как логических принципов // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988;

Петрущик А.И. Перспективы единства мышления и бытия в современном мире // Научно-технический прогресс: взаимодействие факторов и тенденции развития. Мн., 1989;

Алексеева Е.А. Разум и онтология сознания // Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

А.​І.​Пятрушчык, Д.​І.​Шыраканаў.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,

няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.

Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).

У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.

І.​У.​Дуда (бясплоднасць у чалавека).

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НІЯ,

старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі

[1792—1750 да н.э.],

мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э. паўд. ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.

Літ.:

Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),

метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.

У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл. Абстрактнае і канкрэтнае).

Літ.:

Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;

Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;

Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.

А.​В.​Ягораў.

т. 1, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)