РЭЧ у філасофіі,

частка матэрыяльнага свету, адносна ўстойлівая і адасобленая ад інш. частак, якая характарызуецца пэўнымі якасцямі, унутр. і знешнімі адносінамі. Да Р. адносіцца шматлікая колькасць разнастайных прадметаў, з’яў прыроды і грамадства. Кожная Р. узаемадзейнічае з інш. Р., якасна і колькасна змяняецца, уключаецца ў пэўныя працэсы развіцця матэрыяльных сістэм. У якасці сіноніма Р. часта выкарыстоўваюць паняцце «прадмет», аднак ім вызначаецца і фрагмент матэрыяльнай рэчаіснасці, і аб’ект пазнання, у якасці якога можа выступаць абстрактнае паняцце. І.​Кант увёў паняцце незалежнай ад свядомасці «Р. ў сабе», якая ўздзейнічае на органы пачуццяў, але не атрымлівае адэкватнага адлюстравання і таму недаступная пазнанню. Навука даказвае пазнавальнасць Р. Паняцце «Р.» цесна звязана з паняццем «ідэя». Р. аб’ектыўная і існуе незалежна ад ідэі. Ідэя з’яўляецца адлюстраваннем Р., правільным ці скажоным. Існуе і адваротная залежнасць. Адрозніваюць натуральныя і штучныя Р. (створаныя чалавекам шляхам змянення прыроднага матэрыялу). Штучная Р. з’яўляецца вынікам пераўтварэння ідэальнага ў матэрыяльнае, рэчаіснае. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў сац.-эканам. тэорыях для вызначэння «арэчаўлення» адносін паміж людзьмі ва ўмовах развіцця таварнай вытв-сці і рынку.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)