род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі зрэдку трапляюцца гарычкавачка гаркаватая (G. amarella), гарычкавачка язычковая (G. lingulata) і гарычкавачка багнавая (G. uliginosa). Растуць на сухіх і вільготных лугах, лясных палянах, у поймах і па берагах рэк.
Адна- і двухгадовыя травяністыя расліны з голым пустым прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, шырокаэліптычнае або лінейнае, ніжняе часта ў разетцы Кветкі сіняватыя або блакітныя, радзей жаўтавата-белыя і светла-жоўтыя, 4—5-членныя, сабраныя ў гронка- ці мяцёлкападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі), фарбавальныя, кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,
травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.
У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХХВО́СТКІ, вілахвосткі (Diplura),
атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. 3 сям.: кампадэіды (Campodeidae), япігіды (Japyeidae), праяпігіды (Projapygidae). 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны пераважка ў трапічных і субтрапічных абласцях. Жывуць у глебе, лясным подсціле, мурашніках, гнілой драўніне, пал камянямі. На Беларусі найб. вядомыя кампадэя стафілінападобная (Campodea staphylinus) і клешчахвост звычайны (Catajapyx confusus).
Цела даўж. 2—8 мм, зрэдку да 50 мм, прадаўгаватае, малочна-белае, жаўтаватае, густа ўкрытае валаскамі. Галава круглаватая з доўгімі шматчленікавымі антэнамі; ротавыя часткі грызучыя. 3 пары ног. На заднім канцы цела парныя, як вілы, адросткі (адсюль назва). Пераважна драпежнікі (жывяцца дробнымі членістаногімі). Развіццё без пераўтварэння, лічынкі і дарослыя шмат разоў ліняюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭЙРА́Н (Gazella subgutturosa),
млекакормячае роду газелей сям. пустарогіх. Пашыраны ў Пярэдняй і Цэнтр. Азіі, Усх. Закаўказзі, Казахстане. Жыве ў пустынях, паўпустынях і перадгор’ях, трымаецца групамі. Падвід Дж. з Аравійскага п-ва (G. s. marica) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 93—116 см, выш. ў карку 60—75 см, маса 18—33 кг. У самцоў чорныя лірападобныя рогі даўж. да 41 см, самкі бязрогія. Афарбоўка верху цела і бакоў пясчаная, ніз цела, шыя і ўнутр. бакі ног белыя. Каля хваста невял. белае «люстэрка». Корміцца травяністымі і хмызняковымі раслінамі. Нараджае 1—2 дзіцянят. Для развядзення Дж. ва Узбекістане і Туркменіі створаны гадавальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЛЬКВА, зельква (Zelkova),
род кветкавых раслін сям. ільмавых. 5—7 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Азіі (Кітаі, Японіі і Карэі), па 1 віду трапляецца ў Паўн. Іране, на в-ве Крыт і ў Закаўказзі. Найб. вядомы трацічны рэліктавы від — Дз. грабалістая (у Закаўказзі захаваліся 200-гадовыя дрэвы).
Дрэва з гладкай цёмна-шэрай карой, выш. да 25, зрэдку да 40 м. дыям. ствала да 2 м. Жыве да 400 гадоў. Лісце чаргаванае, цэласнае, простазубчастае. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя (адзіночныя) і тычынкавыя (у пучках). Плады — крылатыя арэшкі. Драўніна гнуткая, шчыльная, трывалая, дэкар., устойлівая да гніення, выкарыстоўваецца ў буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЭРЭ́НЫ (Procapra),
род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 3 віды: Дз. мангольскі (P. gutturosa), Дз.Пржавальскага (P. przewalskii), Дз. тыбецкі (P. picticaudata). Пашыраны пераважна ў стэпах, паўпустынях, пустынях раўнін і гарах Цэнтр. Азіі. Трымаюцца статкамі.
Моцнага целаскладу, зграбныя. Даўж. цела 95—150 см, хваста 2—12 см, выш. ў холцы 54—95 см, маса 20—40 кг. У самцоў лірападобныя рогі (даўж. да 28 см). Колер жаўтавата-пясочны, на грудзях, хвасце і бруху белы. Кормяцца травяністымі раслінамі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Хутка бегаюць (да 60—65 км/ гадз). Робяць сезонныя міграцыі. Аб’екты промыслу. Захаваліся пераважна ў нац. парках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ГА (Odontites),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, пазатрапічнай Азіі. Паўн. Афрыцы. На Беларусі 2 віш: усюды — Дз. звычайная, або позняя (O. vulgaris), рэдка — веснавая (O. verna). Растуць на лугах, папарах, як пустазелле, каля дарог.
Аднагадовыя паўпаразітныя травяністыя расліны з прамастойнымі простымі або разгалінаванымі сцёбламі, са слаба развітымі каранямі і гаўсторыямі на іх. Лісце супраціўнае, ланцэтнас або ланцэтна-яйцаладобнае, суцэльнае, па краі каротказубчастае, рэдка (верхняе) суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, двухполыя, двухгубыя, ружовыя або чырванаватыя, размешчаны ў пазухах прыкветных лістоў і сабраны ў верхавінкавыя гронка- або коласападобныя суквецці. Плод — каробачка. Лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕў тэхніцы,
працэс разбурэння кавалкаў цвёрдых матэрыялаў у больш дробныя. Робіцца з дапамогай драбілак, звычайна камбінуецца з сартаваннем на грохатах. Найб.пашыранымех. спосабы Д.: расцісканне, расколванне, сціранне, удар, іх камбінацыі. Пры неабходнасці адзін і той жа спосаб можа выкарыстоўвацца некалькі разоў. Пры Д. атрымліваюць прадукты з памерам часціц больш за 5 мм (працэс атрымання больш дробных матэрыялаў наз.здрабненнем або памолам).
Спосабы драблення: 1 — расцісканне; 2 — расколванне; 3 — сціранне; 4, 5 — удары.Схемы драблення: а — аднаступеньчаты цыкл; б — многаступеньчаты цыкл; 1 — матэрыял; 2 — грохат; 3 — буйныя фракцыі пасля грохата; 4 — конусная драбілка; 5 — фракцыі пасля драблення; 6 — дробныя фракцыі, адсартаваныя грохатам; 7 — шчокавая драбілка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПЕ́ЖНЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя сапратрофныя грыбы, здольныя ўтвараць на грыбніцы лоўчыя прыстасаванні, каб захопліваць здабычу — нематод, інфузорый, амёб і інш.Пашыраны па ўсім зямным шары. Трапляюцца пераважна ў глебе, на раслінных рэштках, экскрэментах жывёл, каранях раслін і г.д. Большасць Д.г. адносіцца да гіфаміцэтальных, некат. да перанаспаральных, хітрыдыяміцэтаў. Выкарыстоўваюцца для біял. барацьбы з нематодамі.
Міцэлій галінасты, на ім развіваюцца пасткі 3 тыпаў: клейкія (бакавыя вырасты гіфаў, шарападобныя галоўкі, сеткі), кольцы без клейкага рэчыва (дзейнічаюць механічна, ахвяра захрасае ў іх), кольцы з унутранай адчувальнай да дотыку паверхняй (сціскаюць ахвяру). У пастцы з дапамогай ферментаў раствараецца абалонка здабычы, грыбы прапускаюць у яе цела свае парасткі, якія паступова ператвараюцца ў развіты міцэлій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЦЯ́НІКІ, драцяныя чэрві,
лічынкі жукоў сям. шчаўкуноў; шкоднікі многіх с.-г. і дзікарослых раслін. На Беларусі найб.пашыраны лічынкі шчаўкуноў цёмнага, пасяўнога, паласатага, бліскучага, вярбовага. Шкодзяць цукр. буракам, бульбе, кукурузе, пшаніцы, жыту, агароднінным культурам, маладым хвойнікам і ельнікам, саджанцам пладовых дрэў.
Цела Д. даўж. 15—45 мм, тонкае, цыліндрычнае (радзей плоскае), падобнае на кавалачкі дроту (адсюль назва); складаецца з 13 сегментаў, укрытых шчыльным хіцінам; напачатку белае, потым жаўтаватае, бурае, карычневае. Жывуць у глебе, часцей на глыб. 10—12 см, развіваюцца 3—5 гадоў. Кормяцца насеннем у глебе, падземнымі часткамі раслін, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі, некаторыя з’яўляюцца драпежнікамі.
Да арт.Драцянікі. Жук і лічынкі паласатага шчаўкуна.