ПЕ́РГАЛА (італьян. pérgola),

абвітая павойнымі раслінамі альтанка або калідор з трэльяжаў (лёгкіх кратаў каркаснай канструкцыі) на арках ці слупах; элемент архітэктуры малых форм. Мае дэкар.-функцыян. прызначэнне. Пашыраны ў тэрасных садах 16 ст. і пейзажных парках 17—18 ст., дзе з’яўляліся аб’ёмнымі акцэнтамі на фоне падстрыжаных сценак-шпалераў насаджэнняў. Выкарыстоўваюцца ў сучасным паркавым буд-ве для ўзбагачэння кампазіцыйнага вырашэння будынкаў (завяршэнне аб’ёмаў, афармленне ўваходаў і інш.). Сцены і стойкі П. робяць з цэглы, каменю, дрэва і інш., бэлькі — з драўляных дошак, брусоў, жэрдак.

С.​А.​Сергачоў.

т. 12, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)