ваганні часцінак пругкага асяроддзя (газападобнага, вадкага або цвёрдага), якія распаўсюджваюцца ў ім у выглядзе хваль; пругкія хвалі малой інтэнсіўнасці. У залежнасці ад частаты ваганняў адрозніваюць чутныя гукі (частата ад 16 Гц да 20 кГц; выклікаюць гукавыя адчуванні пры ўздзеянні на органы слыху чалавека), інфрагук (умоўна ад 0 да 16 Гц), ультрагук (ад 20 кГц да 1 ГГц) і гіпергук (больш за 1 ГГц; верхняя мяжа вызначаецца атамна-малекулярнай будовай асяроддзя). Гук вывучаецца ў акустыцы.
Гук можа ўзнікаць у выніку розных працэсаў, што выклікаюць узбурэнне асяроддзя (мясц. змена ціску або мех. напружання ад раўнаважнага значэння, лакальныя зрушэнні часцінак ад стану раўнавагі). У газападобных і вадкіх асяроддзях распаўсюджваюцца падоўжныя хвалі, скорасць якіх вызначаецца сціскальнасцю і шчыльнасцю асяроддзя (гл.Скорасць гуку); у цвёрдых целах акрамя падоўжных могуць распаўсюджвацца папярочныя і паверхневыя акустычныя хвалі са скарасцямі, якія вызначаюцца пругкімі канстантамі і шчыльнасцю (гл.Фанон). У некат. выпадках назіраецца дысперсія гуку (гл.Дысперсія хваль), абумоўленая фіз. працэсамі ў рэчыве, а таксама хваляводным характарам распаўсюджвання ў абмежаваных аб’ёмах. Пры распаўсюджванні гуку маюць месца звычайныя для ўсіх тыпаў хваль з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі, затухання (гл.Паглынанне гуку). Калі памер перашкод ці неаднароднасцей асяроддзя вялікі (у параўнанні з даўжынёй хвалі), распаўсюджванне падпарадкоўваецца законам геаметрычнай акустыкі. Пры распаўсюджванні гукавых хваль вял. амплітуды адбываюцца паступовае скажэнне формы гарманічнай хвалі і набліжэнне яе да ўдарнай і інш. эфекты (гл.Нелінейная акустыка, Кавітацыя). Гук выкарыстоўваецца для сувязі і сігналізацыі (напр., у водным асяроддзі гэта адзіны від сігналаў для сувязі, навігацыі і лакацыі; гл.Гідраакустыка), нізкачастотны гук — пры даследаваннях зямной кары, ультрагук — у кантрольна-вымяральных мэтах (напр., у дэфектаскапіі), для актыўнага ўздзеяння на рэчыва (ультрагукавая ачыстка, мех. апрацоўка, зварка, рэзка і інш.), высокачастотны гук (асабліва гіпергук) — пры даследаваннях у фізіцы цвёрдага цела.
П.С.Габец, А.Р.Хаткевіч.
Адчувальнасць вуха чалавека да Адчувальнасць вуха чалавека да гукаў рознай частаты і інтэнсіўнасці: 1 — крывая парога чутнасці; 2 — вобласць успрымання мовы; 3 — вобласць успрымання музыкі; 4 — крывая адчування болю. рознай частаты і інтэнсіўнасці: 1 — крывая парога чутнасці; 2 — вобласць успрымання мовы; 3 — вобласць успрымання музыкі; 4 — крывая адчування болю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУМЕНТА́ЛЬНАЕ КІНО́,
від кінамастацтва, заснаванага на здымках сапраўдных жыццёвых падзей, з’яў, фактаў. Складаецца з кінахронікі, якая ў рэпартажных і хранікальных паведамленнях аператыўна інфармуе гледачоў пра найважнейшыя падзеі, і вобразнай кінапубліцыстыкі (дакумент. фільм). З паяўленнем тэлебачання ўзнікла тэлевізійнае Д.к., якое, выкарыстоўваючы прыёмы, формы, прынцыпы кінамастацтва, зрабіла разнастайныя з’явы і падзеі рэальнага жыцця масавым відовішчам.
Узнікненне Д.к. звязана з зараджэннем кінематографа. Першыя здымкі (1895) вынаходнікаў кіно братоў Люм’ер былі зроблены з натуры. Развіццё сав. Д.к. звязана з пошукамі рэжысёраў Дз.Вертава, У.Гардзіна, У.Ерафеева, У.Шнейдэрава, Р.Кармэна, аператараў Р.Гібера, Э.Цісэ, А.Лявіцкага і інш. У гады 2-й сусв. вайны вял. значэнне набыў рэпартаж. Дасягненні Д.к. ў пасляваен. час знайшлі канцэнтраванае выражэнне ў фільме «Звычайны фашызм» рэжысёра М.Рома.
На Беларусі развіццё кінематографа пачалося з хронікі. У 1925 выйшлі першыя кінавыпускі і дакумент. фільм «У здаровым целе — здаровы дух» (рэж. і аператар М.Лявонцьеў). У 1925—27 аператары Лявонцьеў і М.Люлякоў рэгулярна здымалі хранік. сюжэты пра важныя падзеі ў грамадска-паліт. жыцці рэспублікі. У 1931 створаны сектар кінахронікі ў Белдзяржкіно. пачаўся выпуск кіначасопісаў. У 1935 арганізавана Мінская студыя кінахронікі. У Вял.Айч. вайну бел. кінадакументалісты стварылі летапіс партыз. барацьбы ў рэспубліцы, рабілі франтавыя кінавыпускі; яны ўдзельнічалі ў здымках фільмаў «Дзень вайны» і «У тыле ворага» (абодва 1942), «Бой за Віцебск», «Мінск наш», «Бабруйскі кацёл» (усе 1944), поўнаметражнага «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944, рэж. У.Корш-Саблін і М.Садковіч); асобныя кінакадры бел. аператараў выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З 1944 дакумент. фільмы здымалі на адноўленай кінастудыі «Беларусьфільм». У пасляваен. час у галіне Д.к. працавалі рэжысёры Л.Голуб, Корш-Саблін, С.Сплашноў, І.Вейняровіч. У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1968 існуе як аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» на кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод вядомых дзеячаў Д.к. Беларусі П.Аліфярэнка, В.Дашук, Ю.Лысятаў, І.Пікман, Б.Сарахатунаў, У.Стральцоў, У.Сукманаў, С.Фрыд, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы), мультыплікацыя,
від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.
Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням.рэж. Л.Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж. Н.Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.
Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.Батурын) на тэмы лірыкі М.Танка і У.Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.Жыткоўская) і інш.
горад у Бельгіі. Адм. ц. аднайменнай правінцыі. Другі па велічыні пасля Бруселя горад краіны; 467,8 тыс.ж. (з прыгарадамі больш за 700 тыс.ж., 1992). Размяшчаецца за 88 км ад Паўночнага м. на р. Шэльда, даступнай для марскіх суднаў, і Альберта-канале. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада. Буйнейшы ў Еўропе гандл.-фінансавы цэнтр.Гал. кірункі эканомікі — знешнегандл. і фін. аперацыі, міжнар. транзітныя перавозкі. Антверпен — трэці пасля Ротэрдама і Марселя марскі порт Еўропы (грузаабарот за год больш за 90 млн.т). Вузел перасячэння чыгунак, аўтадарог, нафта- і прадуктаправодаў. Гал.прамысл. горад краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем партовай гаспадаркі і апрацоўкай прывазной сыравіны, асабліва нафты (магутнасць нафтаперапр. з-даў да 36 млн.т за год). Развіты машынабудаванне, трактара- і аўтазборка, радыёэлектроніка і інш., каляровая металургія, хім., тэкст., вытв-сць алмазнага інструменту. АЭС. Антверпен — найбуйнейшы ў свеце цэнтр агранкі алмазаў і гандлю брыльянтамі. Антверпенская алмазная біржа мае ў абароце каля 70% апрацаваных алмазаў свету.
Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. З 1291 горад. З 1315 у Ганзейскім саюзе гарадоў. З 16 ст. буйны гандл. і фін. цэнтр Зах. Еўропы. У 1579 далучыўся да Утрэхцкай уніі. У 1585 захоплены іспанцамі, у 1794 — французамі. Паступова страціў эканам. значэнне. З 1814 у складзе Нідэрландаў, з 1830 — гандл. порт Бельгіі.
Гіст. ядро Антверпена на правым беразе р. Шэльда: познагатычныя збудаванні з багатым дэкорам (сабор Онзе-ліве-Враўэкерк, 1352—1616; замак Стэн, перабудаваны ў 1520—21, шматлікія дамы і цэрквы ў стылях готыкі і барока). На пл. Гротэ-маркт помнікі фламандскага рэнесансу: ратуша (1561—65, арх. К.Флорыс), дамы гільдый, Дом П.П.Рубенса (1611—18), каралеўскі палац (1743—45) — усе ў стылі барока. На месцы гар. сцен 16 ст. паўкальцо бульвараў, за іх мяжой — новыя жылыя раёны з эклектычнымі забудовамі ў стылях мадэрн і функцыяналізму.
Літ.:
Герман М. Антверпен. Гент. Брюгге: Города старой Фландрии. Л., 1974.
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Антверпен. Від на сабор Онзе-ліве-Враўэкерк. 1352—1616.Антверпен. «Вялікі рынак» з будынкамі гільдый (16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНІКІ,
1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; відзапаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл.Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».
Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн.га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.
На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.
2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЕ́ЛА (італьян. novella літар. навіна),
малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.
Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.Чосер, Маргарыта Наварская, М.Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, П.Мерымэ, Э.По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.Генры, Л.Пірандэла, С.Цвэйг, Р.Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.Чэхавым, Л.Андрэевым, І.Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.Бабель, У.Іванаў, А.Грын, М.Зошчанка, В.Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.Л.Борхеса, Х.Картасара, Г.Бёля, Ф.О’Конара, І.Зінгера, Дж.Чывера і інш.
У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял.Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.Зарэцкага, «Кнак» П.Галавача, «Над Кроманню» Я.Нёманскага, «Ілька» В.Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.Брыль («Галя»), Я.Скрыгай («Наталя»), В.Выкаў («Адна ноч»), Б.Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.Кудравец («Елачка»), А.Жук («Жонка героя»), В.Гігевіч («Райка»), У.Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.Марчук («Хаос») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНАЯ ГІМНА́СТЫКА,
практыкаванні і спаборніцтвы на гімнастычных снарадах, у апорных скачках і ў вольных практыкаваннях; від спорту. У праграму гімнастычнага мнагабор’я ўваходзяць адвольныя практыкаванні: для мужчын — у апорных скачках, у вольных практыкаваннях, на кані, кольцах, брусах і перакладзіне; для жанчын — на брусах рознай вышыні, бервяне, у апорных скачках і вольных практыкаваннях.
Гімнастычныя практыкаванні ўваходзілі ў сістэму фіз. выхавання з часоў Стараж. Грэцыі. Практыкаванні на гімнастычных снарадах, апорныя скачкі выкарыстоўваліся ў сістэме фіз. выхавання ў еўрап. краінах з канца 18 — пач. 19 ст. Спаборніцтвы праводзяцца з 2-й пал. 19 ст.Міжнар. федэрацыя гімнастыкі створана ў 1881. З 1896 С.г. ўваходзіць у праграму Алімп. гульняў (жанчыны ўдзельнічаюць з 1928). Чэмпіянаты свету адбываюцца з 1903 (у жанчын — з 1934). Найб. пашырана С.г. на Беларусі, у Германіі, ЗША, Кітаі, Расіі, Украіне, Японіі і інш.
На Беларусі С.г. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Заняткі гімнастыкай з 1889 уваходзілі ў вучэбныя праграмы настаўніцкіх семінарый (г. Маладзечна, Нясвіж, Полацк, мяст. Свіслач); як элемент агульнафіз. падрыхтоўкі — у школьныя праграмы. У 1909 у г. Гродна створана гімнастычнае т-ва «Сокал». У 1910—14 у г. Вільня, Гродна, Магілёў, Слуцк і інш. праходзілі гімнастычныя святы вучнёўскай моладзі. На пачатак 1914 мелася каля 50 спарт. і гімнастычных арг-цый. I Усебел. зімовае гімнастычнае свята праведзена ў 1933. Найб. інтэнсіўна С.г. развівалася з 1950-х г. З пач. 1960-х г. складалася бел. жаночая гімнастычная школа (трэнеры Р.С.Ваткін, В.Дз.Дзмітрыеў, Р.Л.Кныш і інш.). Пазней склалася і мужчынская бел. гімнастычная школа. На Беларусі праводзіліся міжнар. спаборніцтвы па С.г., у т. л. чэмпіянат Еўропы (1971). Мужчынская зборная каманда Беларусі — чэмпіён (2001) і бронз. прызёр (1999) чэмпіянатаў свету, чэмпіён (1994) і бронз. прызёр (1996) чэмпіянатаў Еўропы. Сярод бел. гімнастаў найб. вызначыліся І.Іванкоў, М.Мілігула, В.Шчэрба, А.Кан, А.Малееў, В.Рудніцкі, У.Шчукін і інш.; сярод гімнастак — Т.Аржаннікава, С.Багінская, С.Баітава, А.Валчэцкая, Н.Кім, В.Корбут, А.Кошаль, Т.Лазаковіч, Л.Петрык, А.Піскун і інш. А.М.Петрыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЕСТА́ЦЫЯ (ад франц. travestir пераапранаць),
сінкрэтычная форма нар. смеху, заснаваная на пераводзе ідэальнага, афіцыйна-высокага і сур’ёзнага ў нізкі, матэрыяльна-цялесны план; відкамічнага. Асн. выяўленчы сродак Т. — амбівалентная гратэскавая вобразнасць (гл.Амбівалентнасць), першапачатковыя формы якой сфарміраваліся ў нар. культуры антычнасці, сярэдневякоўя і рэнесансу, развівалася ў мастацтве барока, бурлеска, асобных плынях рамантызму і мадэрнізму. У бел. культуры выявілася ў аўтэнтычных формах тэатралізаваных абрадаў, традыц. жанрах фальклору, дэкар.-прыкладным, тэатр. і цыркавым мастацтвах. Наглядныя формы Т. — маска і пераапрананне, імітацыя пярэваратня (каза, мядзведзь, воўк і інш.), тэатралізацыя гратэскавых аксюмаранаў (кароль у вобразе жабрака, разумны дурань і інш.). Гэтыя і інш. формы Т. характэрны для тэатралізаваных абрадаў каляндарнага (калядныя, масленічныя, велікодныя, купальскія, русаллі) і сямейнага (хрысціны, вяселле) цыклаў, карагодаў, гульняў («Жаніцьба Цярэшкі», «Прарок», «Чорт», «Яшчур»), сюжэтна-ролевых жанраў нар. танцаў («Юрка», «Бычок», «Мікіта», «Журавель» і інш.). Гратэскавы свет Т. раскрывае адноснасць і тэатральнасць афіц. іерархіі, аўтарытэты і каштоўнасці пераносіць у камічны план. Гратэскавыя формы Т. шырока выкарыстоўвалі скамарохі. У 17—18 ст. Т. была асн. формай камічных інтэрмедый у школьным т-ры, якія кантраставалі з драм. сюжэтамі асн. часткі спектакля. Камізм дасягаўся каламбурамі і наўмысным скажэннем семантыкі латыні і польскай мовы «прастаком» з народа. Прыём пераносу «высокага» стылю афіц. іерархіі ў смехавы аспект выкарыстоўваўся і ў т-ры батлейка. Эфект Т. ствараўся праз дасціпнае выкарыстанне традыц. для нар. смеху камізму здвоеных персанажаў, сэнсавым збліжэннем героя і яго дэманічна-камічнага дублёра-трыкатэра. Пазней прыёмы Т. развівалі паўпрафес. калектывы — выканаўцы нар. драмы «Цар Максімілян» і жывой батлейкі. У 20 ст. яны дапасаваны да сцэнаграфіі і тэатр. стылістыкі мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага т-ра. Вобразныя сродкі фалькл. Т. арыгінальна выявіліся ў бел. л-ры (гл.Травесція); яе рысы захаваліся ў асобных сатыр. жанрах л-ры, выяўл., цыркавога, эстраднага, тэатр., прыкладнога і інш. відаў сучаснага мастацтва.
Літ.:
Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬВА́РАК (польск. folwark ад ням. Vorwerk хутар),
відфеад. зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў. Стварэнне Ф. найперш было выклікана значным ростам попыту на збожжа ў краінах Зах. Еўропы ў канцы 15 — пач. 16 ст. Каб скарыстаць спрыяльную сітуацыю і павялічыць вытворчасць таварнага збожжа, урад ВКЛ пачаў рэарганізацыю гаспадаркі, адной з састаўных частак якой стала пашырэнне старых панскіх двароў і стварэнне Ф. Умовы стварэння Ф. вял.кн. Жыгімонт II Аўгуст агаварыў ва «Уставе на валокі» 1557. Паводле гэтага дакумента Ф. уяўляў сабой феад. гаспадарку (панскі двор з жылымі і гасп. пабудовамі, ворныя і інш. ўгоддзі), заснаваную на працы прыгонных сялян і арыентаваную на вытв-сць збожжа на продаж. Велічыні фальварковага і сялянскага ворыва суадносіліся як 1:7. Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел памерам у валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці. Найб. поўнае ўяўленне пра Ф. даюць інвентары — вопісы феад. уладанняў. У 16 ст. Ф. сталі асновай гаспадарання ў зах. і цэнтр. Беларусі (усх. Беларусь у час актыўнага правядзення агр. рэформы была ахоплена Лівонскай вайной 1558—83, і гал. павіннасцю дзярж. сялян тут была даніна для забеспячэння гарнізонаў і войск). У выніку пераводу феад. гаспадаркі на фальваркова-паншчынную сістэму значна вырасла вытв-сць збожжа і ВКЛ стала адным з асн. яго пастаўшчыкоў у Зах. Еўропу. Заняпад фальваркова-паншчыннай сістэмы на Беларусі адбыўся ў сувязі з войнамі сярэдзіны 17—пач. 18 ст., калі ў выніку страты значнай колькасці насельніцтва і цяглай жывёлы не было магчымасці для апрацоўкі значных абшараў панскага ворыва і сяляне пераводзіліся на грашовую рэнту. Новае яе пашырэнне адбылося ў сувязі з правядзеннем Тызенгаўза рэформы. Фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання пачала знікаць у дзярж. уладаннях з правядзеннем агр. рэформы П.Дз.Кісялёва ў 1830—50-х г., канчаткова спыніла сваё існаванне пасля сялянскай рэформы 1861. Пасля гэтага тэрмін «Ф.» ужываўся пераважна ў вузкім значэнні гэтага слова як назва паселішча ці сядзібы — панскага двара з пабудовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс.км². Нас. 3852 тыс.чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г.Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.
Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр.ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).
Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах.ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л.вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сцьбуд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш.ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн.від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш.Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.