рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказаны нар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супраць рус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).
Тв.:
Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЕЎ Мікалай Мікалаевіч
(9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) праграмадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял. Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЖАЕ́ЎСКІ (Andrzejewski) Ежы
(19.8.1909, Варшава — 19.4.1983),
польскі празаік і публіцыст. У 1927—31 вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Першае апавяданне «Хлусня» (1932). Вядомасць прынесла аповесць «Лад сэрца» (1938). У зб.апавяд. «Ноч» (1945) адлюстраваў жыццё суайчыннікаў у час ням. акупацыі. Раман «Попел і дыямент» (1948; экранізацыя А.Вайды, 1958) пра супярэчлівую грамадска-паліт. і маральную атмасферу ў пасляваеннай Польшчы. У метафарычных аповесцях «Цемра ахінае зямлю» (1957), «Брама раю» (1960) праблемы быцця чалавека ў складанай гіст. плыні часу, пошукі справядлівасці, веры, сэнсу існавання. У аповесці «Ужо амаль нічога» (1976) даследуе душэўны стан і памкненні мастака, у аповесці «Ніхто» (1983) праз міфалагічную прызму спрабуе асэнсаваць месца і прызначэнне чалавека ў Сусвеце. Яго творам уласцівы філасафічнасць, нетрадыцыйнае светаўспрамынне, экзістэнцыяльная праблематыка.
Тв.:
Popiół i diament. Warszawa, 1964;
Trzy opowieści: Ciemnści kryją ziemię. Bramy raju. Idzie skacząc po górach. Warszawa, 1973: Nikt. Warszawa, 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГАШУКА́ЛЬНІЦТВА,
рэлігійна-філас. плынь, што ўзнікла ў пач. 20 ст. сярод расійскай ліберальнай інтэлігенцыі. Адзін з філас. вытокаў богашукальніцтва — канцэпцыя «ўсеяднання» У.С.Салаўёва і яго погляды на спасціжэнне быцця шляхам містычнага вобразна-сімвалічнага асвятлення, накіраванае на выратаванне грамадства з дапамогай тэорыі хрысц. «богачалавечага працэсу». Прадстаўнікі богашукальніцтва (М.А.Бярдзяеў, С.М.Булгакаў, Дз.С.Меражкоўскі, З.М.Гіпіус, М.М.Мінскі і інш.) шукалі «трэці шлях» паміж традыц. праваслаўна-дзярж. каштоўнасцямі і рэв. рухам, таму іх ідэалогія з абодвух бакоў сустракала непаразуменне і не мела вял. пашырэння. Прыхільнікі богашукальніцтва прапаноўвалі вучэнне пра новую рэліг. свядомасць, усталяванне божага царства ў зямным жыцці; крытыкавалі марксісцкую тэорыю класавай барацьбы як аднабаковую і недасканалую; негатыўна ставіліся да філас. матэрыялізму і лічылі яго «іншародным псіхічнаму складу» рус. чалавека. Цікавасць да богашукальніцтва праяўлялі прадстаўнікі мастацтва, асабліва прыхільнікі дэкадэнцтва і сімвалісты старэйшай генерацыі.
Літ.:
История философии. Т. 5. М., 1961;
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ Станіслаў Іванавіч
(3.9.1731, в. Занкі Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.12.1826),
бел. вучоны, рымска-каталіцкі царк. дзеяч, літаратар. Дзядзька В.Дуніна-Марцінкевіча. Скончыў Варшаўскую школу піяраў (1763), настаяцель у Гомелі і Бабруйску, канонік і біскуп-суфраган у Вільні, З 1773 біскуп Бел. біскупства (цэнтр у Магілёве), з 1782 магілёўскі арцыбіскуп. Мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы Рас. імперыі (1798—1826). З 1801 жыў у Пецярбургу, выбіраўся чл. Расійскай АН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Заснаваў у Магілёве друкарню, у ёй выдаваў і свае творы. Аўтар твораў па гісторыі, філалогіі: «Аб Заходняй Расіі» (Магілёў, 1793; разглядае пытанне пра паходжанне беларусаў, украінцаў і рускіх), «Гісторыя Таўрыды» (т. 1—2, Браўншвейг, 1800; рус.пер. СПб., 1806), «Гісторыя сарматаў і славян» (т. 1—4. СПб., 1812), «Граматыка літоўская» (бел. мовы; не выдадзена). Выдаў і паставіў у Магілёве сваю вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783). Пісаў вершы, казанні і інш. дыдактычныя творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОЙЛЬ
(Broglie),
дэ Бральі, французскія фізікі, браты.
Марыс (27.4.1875, Парыж — 14.7.1960), замежны чл.-кар.АНСССР (1927). Скончыў Марсельскі ун-т (1900). Навук. даследаванні па рэнтгенаўскай спектраскапіі, атамнай і ядз. фізіцы праводзіў у сваёй прыватнай лабараторыі. У 1908 эксперыментальна вызначыў зарад электрона, сканструяваў рэнтгенаўскі спектрограф.
Луі Віктор (15.8.1892, г. Дзьеп, Францыя — 19.3.1987), адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Парыжскай АН (1933), замежны чл.АНСССР (1958) і інш. акадэмій, праф. Парыжскага ун-та ў 1928—62. Вучань Марыса Бройля. Скончыў Парыжскі ун-т (1913). Навук. працы па класічнай і квантавай механіцы, тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў (1924) гіпотэзу пра хвалевыя ўласцівасці матэрыі (гл.Хвалі дэ Бройля). Аўтар манаграфій (рус.пер.): «Уводзіны ў хвалевую механіку» (1934), «Па сцежках навукі» (1962), «Рэвалюцыя ў фізіцы» (1965). Нобелеўская прэмія 1929.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала ў Вільні ў 1918—39. Заснавальнікі В.Ластоўскі, І. і А.Луцкевічы, В.Святаполк-Мірскі, Я.Станкевіч, У.Талочка і інш. Кіруючы орган — урад, які выбіраўся на агульным сходзе членаў БНТ. Задачы: заснаванне і ўтрыманне музеяў, бібліятэк, навук. устаноў, арганізацыя выставак, лекцый, курсаў і навук. з’ездаў, выдавецкая дзейнасць. Напачатку займалася распрацоўкай бел.навук. тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, праблемамі перакладу на бел. мову. Пры БНТ быў арганізаваны Беларускі музей імя І.Луцкевіча і б-ка; дзейнічалі гіст., літ.-мастацкія і краязнаўча-экскурсійныя секцыі.
Т-ва правяло святкаванне 400-годдзя бел. кнігадрукавання (1925), 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 (1929). Выдала навук.зб-кі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігі А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925), А.Луцкевіча «Праўда пра «камеру Конрада» (1923, на польск. мове) і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Зах. Беларусі да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЯ́Д,
1) сціслае абагульненае паведамленне (у друку, на радыё і тэлебачанні) пра падзеі, што адбыліся за пэўны прамежак часу ў грамадскім жыцці, навуцы, тэхніцы, мастацтве, л-ры (агляд міжнар. падзей, навуковы, тэатральны, літаратурны).
2) Від паказу, у якім сродкамі тэатра (кіно, радыё, тэлебачання, эстрады) падаюцца падзеі, з’явы, факты жыцця. Складаецца з асобных сцэн, эстрадных, харэагр., муз., вак. нумароў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Узнік у 1830-я г. ў Францыі, меў надзённы характар. З канца 19 ст. ператварыўся ў пацешлівыя відовішчы (рэвю, мюзік-хол). У бел.нар. тэатры своеасаблівай формай агляду былі ігрышчы, выступленні скамарохаў, школьнага тэатра, батлейкі, у якіх дэманстраваліся бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. У 1920—30-я г. форму агляду мелі агітац.-маст. паказы на актуальныя паліт. ці вытворча-быт. тэмы. Выкарыстоўваецца ў сучасных тэатрах сатыры і мініяцюр.
3) Форма паказу дасягненняў прафес. ці самадзейнага мастацтва — выстаўка, дэкада, конкурс, паказ, свята, фестываль і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВА́ЖНЫ Вінцук
(сапр.Германовіч Язэп Станіслававіч; 4.3.1890, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.12.1978),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом. За казанні на бел. мове зазнаў ганенні польскіх улад. У 1924 у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. У 1932 выехаў у Харбін (Кітай), у 1936 вярнуўся ў Вільню, адтуль выселены ў Польшчу, потым зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кіт. ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў. Вызвалены ў 1955, выехаў у Польшчу, потым у Італію, Англію, дзе рэдагаваў час. «Божым шляхам». Друкаваўся з 1917. Празаічная гутарка «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) пра маральнае самаўдасканаленне зах.-бел. моладзі. Самадурства чыноўнікаў выкрыў у вершаваным апавяданні «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Беларускія цымбалы» (Вільня, 1933), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973) і інш., аповесці «Хлопец» (Вільня, 1935), успамінаў «Кітай—Сібір—Масква» (Мюнхен, 1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІ́НЧЫЦ Фабіян Іванавіч
(20.1.1886, в. Акінчыцы, цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобл. — 7.3.1943),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). У 1906—17 чл. партыі эсэраў. Пра яго жыццё і дзейнасць у 1917—23 звесткі супярэчлівыя. З 1923 на радзіме. З 1926 уваходзіў у кіруючыя органы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-вабел. школы. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Вызвалены датэрмінова ў 1930. З 1933 старшыня, прадстаўнік Бел. дабрачыннага т-ва ў Бел.нац. к-це ў Вільні. У 1933 выдаваў (з У.Казлоўскім) часопіс бел. нацыянал-сацыялістаў «Новы шлях», пачаў ствараць Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. З 1939 старшыня Бел. бюро прапаганды пры Мін-ве прапаганды Германіі ў Берліне. У 1940 старшыня Бел.к-та ў Варшаве. З пач. 1941 заг. школы прапагандыстаў пад Берлінам. Застрэлены партызанамі ў час знаходжання ў Мінску.